Ці армія Рэспублікі Беларусь гатовая змагацца з найбольш верагодным праціўнікам?

Пасьля анэксіі Крыму і дэ факта, анэксіі Расеяй частак Данецкай і Луганскай вабласьцей Украіны былі шматлікія заявы экспэртаў, аб тым, што Расея можа акупаваць большую частку тэрыторыі Ўкраіны, напасьці на краіны Балтыі, захапіць Беларусь.

Тое, што падобны алярмізм яшчэ існуе, пацьвердзіў рэзананс, які выклікаў даклад беларускіх экспэртаў А.Сівіцкага і Ю.Царыка. Яны пісалі, што пад відам правядзеньня вучэньняў «Захад-2017» Расея ўвядзе на тэрыторыю Беларусі 1-ую гвардзейскую танкавую армію і ўсталюе вайскова-палітычны кантроль над Беларусяй.

Асноўным аргумэнтам супраць такога сцэнару, які высоўвалі як незалежныя экспэрты (у прыватнасьці А.Алесін), гэтак і прадстаўнікі кіраўніцтва Узброеных Сіл Беларусі было тое, што ў Беларусь прыбудзе значна меншая колькасьць расейскіх жаўнераў, чым падавалася ў дакладзе А.Сівіцкага і Ю.Царыка. Апроч таго, як было адзначана, войскі будуць мець надастатковую колькасьць баявой амуніцыі, і пераважна будуць карыстацца “халастымі” патронамі.

Раней я пісаў аб прычынах, дзеля якіх, усталяваньне вайскова-палітычнага кантролю Расеі над Беларусьсю ці гібрыдная вайна Расеі супраць Беларусі – найбольш малаверагодны сцэнар.

Неабходнасьць разгледзіць гэтую тэму ўзьнікала стала, па-першае, з-за рэзанансу, які выклікаў вышэйзгаданы даклад, а па-другое, у сувязі з тым, што гэтая тэма можа стаць ізноў актуальнай праз два гады, калі, мажліва, будзе ісьці гаворка аб правядзеньні чарговых сумесных вучэньняў з Расеяй, на тэрыторыі Беларусі.

Ацэньваючы ступень вайсковай пагрозы з боку Расеі, здольнасьць беларускай арміі супрацьстаяць расейскай агрэсіі, кажуць аб суадносінах сілаў бакоў (жывая сіла, тэхніка, узбраеньне). Калі разглядаць праблему ў такім ключы, тады лягічна казаць аб тым, што для ўсталяваньня вайскова-палітычнага кантролю Беларусі над Расеяй, неабходна ўвесьці, і лепш з нагоды правядзеньня сумесных вайсковых вучэньняў, буйны і добраўзброены кантынгэнт.

Здольнасьць Беларусі аказаць супраціў выклікае сумнівы. Беларусь мае адкрытую і некантралюемую мяжу з Расеяй. Вайсковая дактрына Беларусі прадугледжвае размяшчэньне войскаў для прыкрыцьця з боку краінаў НАТА, адкуль у рэальнасьці пагрозы няма.

У выпадку вайны з Расеяй у любой форме, Беларусь ня будзе мець магчымасьцяў для мабілізацыі. Заявы Лукашэнкі, што ў выпадку агрэсіі з боку каго б ні было, ён першым возьме ў рукі аўтамат і Беларусь выставіць паўмільённую армію – глупства і гульня на публіку. У выпадку вайны з Расеяй, Беларусь ня будзе мець мажлівасьці для перакіду і разгортваньня войскаў.

Паводле зьвестак Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, у 2016 г. лічэбнасьць Узброеных сілаў складала 64 932 асобы, у тым ліку 14 502 афіцэры. Паводле выдаткаў Беларусь займае апошняе месца ў рэгіёне. Абаронны бюджэт Беларусі супастаўляльны з выдаткамі на абарону Эстоніі, насельніцтва якой складае 1 мильён 317 тысяч чалавек.

Калі казаць пра армію, неправільна думаць перад усім пра колькасьць жывой сілы і ўзбраеньне. Армія – гэта ў першую чаргу людзі.

Беларускія афіцэры незадаволены сваім матэрыяльным станам. Іх заробкі значна ніжэй, чым у міліцыі, і тым больш КДБ, якія фінансуюцца ў прыярытэтным парадку. Пры гэтым, у адрозьненьні ад цывільных, ім забаронена мець другую працу. Звычайна сужонкі афіцэраў, калі ня хатнія гаспадыні, тады – лекаркі, бібліятэкаркі, г.зн. прадстаўнікі нізкааплочваемых у сёньняшняй Беларусі прафэсіяў. Сярэдні месячны заробак лекараў, настаўнікаў — каля 250 USD, работнікаў культуры – менш за 200. Паехаць найбольш танна на адпачынак на Крым (што было мажліва да анэксіі), было вялікай раскошай для сем’яў беларускіх афіцэраў.

Як і для іншых груп насельніцтва з невысокім заробкам, афіцэры мелі шмат падставаў быць незадаволенымі Лукашэнкам. У прыватнасьці падвышэньне мытаў на ўвоз патрыманых аўто, значна зашкодзіла іх інтарэсам. У адрозьненьні ад калегаў з міліцыі, купіць «іншамарку» яны ня ў стане. А машыны вырабленыя на тэрыторыі ЕўрАзЭС, чамусьці не карыстаюцца ў іх папулярнасьцю.

Беларускія афіцэры ведаюць, што заробкі іх расейскіх калегаў на аналягічных пасадах, у два і болей разоў вышэй. Пасьля заканачэньня службы беларускія афіцэры на працягу многіх гадоў выплочваюць крэдыт на жыльлё, а іх расейскія калегі атрымліваюць жыльлё бясплатна. Яны зайздросьцяць расейцам, і не разглядаюць іх як чужых, як патэнцыйных праціўнікаў. Псыхалягічна яны не гатовыя страляць у расейцаў, нават, калі тыя зьявяцца на тэрыторыі Беларусі ў якасьці агрэсараў.

Беларускія ўлады не зрабілі высноваў з падзеяў на Крыме, дзе немалая колькасьць украінскіх вайскоўцаў з вялікай гатоўнасьцю апранала расейскую форму.

Усё вышэйазначанае не напаўняе аптымізмам, але лепей быць падрыхтаваным загадзя, каб потым не было шкада страчанага часу.

Дзьмітры Мазуркевіч

nationalinterestby.net