Левалібэральны Дэман Путчу (Пучдэмон) зьехаў “сьвяткаваць хэлаўін” у Бэльгію, а Каталёнія засталася сама з сабой – урокі постмадэрнізму

Каталёнскія выпадкі выразна паказалі, што ўсе мы канчаткова прыбылі ў эпоху постмадэрнізму. Апэрэтачная дэклярацыя незалежнасьці, якая патыхае правакацыяй і ўцёкі ў Бэльгію. Чаму ўсё так скончылася?

Адказ можа быць навідавоку. Лідэры каталёнскай аўтаноміі аказаліся палітычнымі дактрынёрамі, якія аказаліся негатовымі да сутыкненьня з рэальнасьцю. А рэальнасьць аказалася жорсткай, у сэнсе таго, што гішпанская дзяржава аказалася здольнай да абароны сваёй інтэгральнасьці, а Каталёнія ня мела саюзьнікаў.

Расея, якая безумоўна была зацікаўлена ў пашырэньні хаоса ў Эўропе, у Гішпаніі пры дапамозе каталёнскіх рамантыкаў, усё ж знаходзіцца далёка і не хацела другі раз за апошнія 100 год умешвацца ва ўнутрыгішпанскі канфлікт. Ніводная дзяржава ЭЗ, ані ЗША не падтрымлівалі каталёнскай незалежнасьці нават патэнцыйна.

У дадзенай сытуацыі невядома, на што разьлічвалі каталёнскія сэпаратысты? На тое, што Брусэль у імя левалібэральнай дактрыны, якая прасоўвае аўтанамізацыю рэгіёнаў, прызнае новае дзяржаўнае ўтварэньне і справакуе шырокі грамадзянскі канфлікт у Гішпаніі? На моц грамадзянскага пратэсту і гатоўнасьць абараняць свой выбар са зброяй у руках? Тады чаму загадзя не раздалі зброю ўдзельнікам маніфэстацыі і не загадалі мясцовым сілам паліцыі прысягнуць новай дзяржаве і аказаць збройны супраціў гішпанскім сілам? Напэўна ў тым ліку ў каталёнскай эліты не было веры ў тое, што грамадзтва здольнае на такую ахвяру.

Аказалася Брусэль быў мудрэйшы, чым здавалася і адразу зразумеў, што мэтай быў палітычны “тролінг” Мадрыду з мэтай дасягненьня яшчэ большых прэфэрэнцыяў для і так вельмі шырокай аўтаноміі. Тролінг скончыўся сумна. Лідэры аўтаноміі аказаліся не гатовыя адседзець некалькі дзясяткаў год у камфортнай гішпанскай вязьніцы (гэты ўсё ж ня сталінскія лягэры і не “Акрэсьціна”) ў імя каталёнскай незалежнасьці, і зьехалі ў Брусэль, на эміграцыю.

Урок постмадэрнізму наступны. Сёньняшняе грамадзтва, калі не ў стане абараняць сваю палітычную рацыю збройным чынам, можа быць толькі сродкам “мяккай сілы”. Гэта значыць, што пастаноўка радыкальных палітычных патрабаваньняў асуджана на няўдачу. Неабходна ісьці тактыкай “малых крокаў” і “малых перамогаў”, спадзеючыся на зьмены ў глябальнай палітычнай кан’юнктуры.

На прыкладзе беларускай сытуацыі, гэта азначала б, што адыход Беларусі ад Расеі павінен ажыцьцяўляцца паступова, асьцярожна і малымі крокамі. Тое самае датычыць і розных унутрыбеларускіх ідэйных плыняў кшталту “літвінізму” і іншых. Адзіная магчымасьць для іх заваяваць грамадзкую прастору, гэта пазьбяганьне палітычнага дыскурсу, праца ў галіне культуры і ўмацаваньня самаідэнтыфікацыі – паступовае прарастаньне ў беларускую рэчаіснасьць. І вядома чаканьне гістарычнага шанцу. Развал СССР дазволіў беларускую незалежнасьць. Будзь СССР жывы да сёньня, пра яе можна было б толькі марыць.

Мар’ян Абуховіч

nationalinterestby.net