Настаўнік са стажам аб праблемах посткамуністычнай адукацыі: “Ніхто з нас не верыў у камуністычную хімеру!”

Я 11 год быў школьнікам. Я не збіраўся быць настаўнікам. Але ім стаў. Практычна ніхто з маіх аднакурснікаў-мужчын у школе не працуе. Мая ВНУ – зараз лінгвістычны ўніверсітэт – мала дбала пра нашу прафесійную адукацыю, а болей пра нашу марксісцка-ленінскую індактрынацыю.

Марная справа: ніхто з тых хлапцоў і дзяўчат, з якімі я навучаўся, ніхто з выкладчыкаў, што якасна вучылі нас, не верылі ў камуністычную хімеру. Мы ўсе прытвараліся.

Мы добра ведалі мову, але наш рамесны бок у пэўных важных аспектах быў прымітыўны, як лозунг “рабуй нарабаванае”. Толькі калі камунізму прышлі капцы, і стала дасяжная сучасная літаратура, я зразумеў, наколькі камуністычныя шаманы абкрадалі нас і народ, хаваючы сучасныя веды. Падрыхтоўка настаўніка не зводзіцца да навучання навуцы і методыцы. Існуе яшчэ некалькі важных аспектаў, пра якія мы наогул не ведалі.

45 год я працаваў настаўнікам у вясковай школе. Спярша савецкай, цяпер вось гэтай школе – і паслядоўна быў патрапіў у аб’екты, а потым і ў суб’екты педагагічных экзерсісаў. Пачынаў я навучанне, калі была сямігадовая і дзесяцігадовая сярэдняя школа. Потым савецкія рэфарматары зрабілі васьмігодку і адзінаццацігодку. Калі я канчаў школу, адзінаццацігадовае навучанне скасавалі і было два выпускі з дзвюх сярэдніх школ: адзінаццацігадовай і дзесяцігадовай. Потым зноў стала адзінаццаці-годка. Пасля ізноў былі нейкія рэфармацыі.

Сама настаўніцкая праца цяжкая, хоць знешне гэта можа і не відаць. Псіхалагічны прэсінг вельмі значны. Кампенсацыя за гэта неадэкватная затрачаным высілкам. Калі пераступаецца пэўная крытычная мяжа іхняга заробку – жыццёвага роўню – настаўнікі без жалю і з палёгкаю кідаюць школу. У нашым раёне кагорта тых настаўнікаў, што маюць 25 год і болей педагагічнага стажу мізэрная. А гэта ж самы абазнаны і дасведчаны кантынгент.

Час ідэалістаў мінае. На педагагічныя спецыяльнасці шмат хто ідзе таму, што мае небагата шанцаў патрапіць на іншыя. Таму такі кантынгент, не стрыманы ані ідэалізмам, ані матэрыялізмам згодна з палітэканоміяй пры першай жа нагодзе пераця-
кае ў іншыя сферы матэрыяльнай вытворчасці ці ў трэці сектар эканомікі. Такія прымусова размеркаваныя часова абавязаныя настаўнікі незацікаўленыя ў прафесійным прагрэсе, а службовага росту ў адукацыі практычна няма. Не лічыць жа пасаду завуча кар’ерным падвышэннем!

Няма і істотнага росту заробку па меры стажу, тым болей у сярэдняй частцы кар’еры, калі ўсталяванне сям’і і дзеці вымагаюць большых выдаткаў. Няма шанцаў кар’ернага росту і падвышкі статусу, на якія б можна было б спадзявацца адукаванаму дасведчанаму чалавеку сярэдняга веку. То бок настаўніцкая праца сацыяльна тупіковая.

Адукацыя стала фемінісцкай з усімі заганамі жаночай псіхалогіі: тут і бяздумны канфармізм, і прыродная схільнасць да інтрыганства з агідным ябедніцтвам і цвёрдалобая самаўпэненасць, часта выкліканая некампетэнтнасцю. І шмат чаго іншага, што не станоўча ўплывае на выхаванцаў і працу. Так што аслабленне “пазітыўнага” ўплыву школы на вучняў я бачу і ў адсутнасці мужчын у практычнай педагогіцы.

Людзі ўсведамляюць крах казённай адукацыі і робяць выбар на карысць дасяжнай прыватнай. Я не ведаю памераў прыватных затрат, але мяркую, што яны значныя,
пэўне шматмільярдныя. Нездарма міністэрства падаткаў разаслала па школах грознае папярэджанне з пагрозамі драконавых штрафаў і канфіскацый – тым, хто без дазволу дзяржавы аказвае адукацыйныя паслугі. Народ наўпростымі інвестыцыямі з кішэні аплочвае навучанне болей за палавіну студэнтаў ВНУ.

Мікола Бусел

тэкст паводле публікацыі ў зборніку “Рэформа адукацыі: пагрозы і пэрспэктывы” / Інстытут Дзяржаўнасьці і Дэмакратыі / 2008 г.

nationalinterestby.net