БАТЭ – як сімптом нацыянальнага нігілізму

Я не належу да ненавісьнікаў БАТЭ. Пры тым, што некаторыя спосабы заваяваньня лідэрства ў футбольнай прасторы Рэспублікі Беларусь гэтым клюбам мне асабіста не падабаюцца. Але яны мне могуць не падабацца, але ёсьць рынак і на рынку, як вядома шмат аб чым вырашаюць грошы.

Але зараз не пра грошы, альбо не зусім пра грошы, хаця яны тут прысутнічаюць. БАТЭ прадэкляраваў, што выступіць з позвай супраць заўзятара Аляксандра Вянгэрскага, якому ўдалося выбегчы на поле з бел-чырвона-белым сьцягам, пасьля матча БАТЭ – Арсэнал.

Тое, што заўзятара “скруцілі і зьбілі” супрацоўнікі аховы, я ўспрымаю як непазьбежнасьць, бо яны адказваюць за парадак, і яны ня здолелі запабегчы такому разьвіцьцю падзеяў, за што і заўзятар потым атрымаў і да чаго ён уласна павінен быў быць гатовы. Супрацоўнікам аховы не да палітычных рашэньняў і яны выконвалі свае абавязкі, як маглі.

Але рэгрэсійная позва БАТЭ да заўзятара – гэта ўжо іншая гісторыя. Яна мае два аспэкты – фінансава-прававы і палітычны. З фінансава-прававым усё ў парадку. А вось з палітычным ёсьць пытаньні.

Напэўна кіраўніцтву БАТЭ вядомыя матывы дзеяньняў маладога чалавека. У той жа час з вуснаў кіраўніка Ўправы ФК БАТЭ ня раз чуліся хваласьпевы для дасягненьняў СССР. Ня важна, што клюб БАТЭ, будзь СССР жывы, застаўся б на ўзроўні заводзкай каманды, бо ніхто ня даў бы яму выйсьці спад парасона галоўнай каманды Рэспублікі – Дынама Менск.

Ня важна, як відаць для пана Капскага і тое, што СССР адказны за зьнішчэньне мільёнаў людзей, за распаўсюд у сьвеце злачыннай камуністычнай ідэалёгіі. Усяго гэтага пан Капскі заўважаць ня хоча. Але пан Капскі чамусьці заўважыў бел-чырвона-белы сьцяг.

Гэты выпадак з штрафам для БАТЭ магчыма і найбольш вядомы, але не адзіны. БАТЭ ужо штрафаваўся УЭФА за паводзіны заўзятараў у Бухарэсьце ў 2007 г., а таксама БФФ у 2016 г. Але нешта мы ня чулі нічога аб рэгрэсіўных позвах у гэтых выпадках.

Прычыны такіх нешляхэтных паводзінаў найбольш вядомага сёньня клюбу краіны глыбокія і сумныя. Ня толькі БАТЭ вінаваты ў гэтым, але і ўсё грамадзтва ў цэлым. Грамадзтва, якое не шануе сваіх гістарычных сымбаляў, грамадзтва, якое прасякнута камуністычнымі ідэямі і апраўдвае забойства нявінных людзей, грамадзтва, якое згаджаецца на штодзённую хлусьню, ня можа быць здаровым.

А разам з ім ня можа быць здаровым і кіраўніцтва клюбу БАТЭ. Толькі адказнасьць кіраўнікоў – на парадак вышэй за звычайных грамадзян. І вельмі хацелася б, каб кіраўніцтва ФК БАТЭ засталося на вышыні заданьня, каб яно дало прыклад пашаны для нашых нацыянальных сымбаляў.

Вітальд Юркевіч

nationalinterestby.net