1917 год. Маці Божая ў Фаціме: “Расея распаўсюдзіць свае ілжэвучэнні на ўвесь свет”

У 2017 годзе каталіцкі свет адзначае 100-гадовы юбілей Фацімскіх аб’яўленняў. Паводле пераказу, пачынаючы з 13 мая 1917 году, Маці Божая Фацімская аб’яўлялася тром партугальскім пастушкам: Люсіі, Жасіньце і Францішку ля мясцовасьці Фаціма. Сярод іншага, падчас аб’яўленняў Маці Божая прадказала канец Першай Сусветнай вайны, прыход Другой Сусветнай вайны, калі чалавецтва не навернецца, прыход да ўлады камуністаў у Расеі і распаўсюджанне імі сваёй ідэалогіі па ўсім свеце.

13 ліпеня 1917 года Маці Божай сказала, што прыйшла прасіць аб прысвячэнні Расеі Свайму Беззаганнаму Сэрцу.

“Калі мае просьбы будуць пачутыя, Расія навернецца і настане мірны час. Калі не, то гэтая краіна распаўсюдзіць свае памылкі па ўсім свеце, выклікаючы войны і пераслед Касцёла. Добрых будуць катаваць, Святы Айцец будзе шмат пакутаваць, некаторыя народы будуць знішчаны. У канцы маё Беззаганнае Сэрца пераможа. Святы Айцец прысвяціць Расію мне, і яна навернецца і некаторы мірны час будзе падараваны свету”, – адзначыла тады Багародзіца.

Мы папрасілі пракаментаваць гэтае прароцтва намесніка старшыні Партыі БНФ, каталіка Аляксандра Стральцова-Карвацкага.

Што магла разумець Маці Божая пад назвай Расія ў момант Фацімскіх аб’яўленняў?

1917 год з’яўляецца ключавым момантам у гісторыі Расіі. Менавіта ў гэтым годзе выбухнула рэвалюцыя – спачатку ліберальная, а потым бальшавіцкая, якая на многія дзесяцігоддзі вызначыла будучыню расійскай дзяржавы, яе грамадзян, а пазней і значнай часткі Еўропы і свету. Беручы пад увагу фармальны геаграфічны ахоп тагачаснай Расеі, як Расейскай Імперыі (рэспублікай яна стала толькі ў другой палове 1917 г.), яна ўключала ў сябе і значную частку Польшчы і ўсю Фінляндыю. З другога боку далейшае развіццё падзей дакладна вызначыла межы паняцця Расеі, да якога можам залічыць тыя яе часткі, якія належаць да цюрскай цывілізацыі, арганізацыі дзяржавы паводле вайсковага прынцыпу, хай сабе і ў славяна-візантыйскай абалонцы. На першым этапе 1917-1922 гг., бальшавіцкая рэвалюцыя выклікала рашучы супраціў, які скончыўся пасьпяхова толькі на тэрыторыях, якія цывілізацыйна былі чужыя Расеі: у Фінляндыі, краінах Балтыі, Польшчы. Нажаль у Беларусі значная частка сялянства падпала пад уплыў бальшавіцкай прапаганды і нягледзячы на адносна вялікую колькасьць антыбальшавіцкіх паўстаньняў, яны не перараслі ў масавае супрацьстаянне. Уплывы бальшавіцкай Расіі наклаліся на матрыцу рускай культуры і сягнулі па першым часе туды, куды сягае руская мова, куды сягае праваслаўе.

Што ўяўляе з сябе руская культура і як яна паслужыла справе знішчэння сапраўднай цывілізацыі?

Калі мы кажам пра сарцавіну ці істоту рускай культуры і ідэнтычнасці, то павінны сцвердзіць імпульсіўны характар ​​рускай культуры, якая не прызнае існуючых межаў, якая ўвогуле не прызнае асобнай ідэнтычнасці іншых суб’ектаў ці дзяржаўных утварэнняў альбо прызнае іх суб’ектнасць толькі часткова, накладваючы свой уласны кантэкст і ідэалагічную форму, робячы гэтыя суб’екты ідэалагічна залежнымі ад сябе. Толькі прызнаючы гэты сацыяльна-палітычны механізм, мы можам зразумець, чаму “памылкі Расеі” мелі магчымасць распаўсюду па ўсім свеце, як сказала Маці Божая ў Фаціме. Імпэт, энергія і эфектыўнасць дзеянняў Расеі сапраўды выклікала і надалей выклікае захапленне Расеяй сярод прыхільных ёй знешніх назіральнікаў. Д’ябальская інтэрпрэтацыя ідэі сацыяльнай справядлівасці аказалася запальным кнотам для многіх грамадстваў на ўсходзе і захадзе. Разбурэнні, якія яна ўчыніла ў душах людзей, у духоўнай і матэрыяльнай культуры, не ўдасца аднавіць нават на працягу некалькіх пакаленняў. Найбольш, вядома, Расія знішчыла сама сябе.

Ці гэтымі “памылкамі” Расіі з’яўляюцца толькі аспекты камуністычнага вучэння?

Часта ў інтэрпрэтацыі Фацімскіх аб’яўленняў, кажучы пра “памылкі Расеі”, звужваюць гэтае паняцце толькі да камуністычнай ідэалогіі і яе матэрыяльных наступстваў. Гэта, відавочна, слушна ў сэнсе вонкавых сімптомаў тых памылак, у той жа час часовае абмежаванне перыядам фармальнага кіравання Камуністычнай партыі ў Савецкім Саюзе і яго сатэлітах, здаецца, не будзе трапным. Ключавым пытаннем тут з’яўляецца навяртанне Расеі, пра якое таксама казала Маці Божая, якое мае адбыцца праз прысвячэнне Расеі Беззаганнаму Сэрцу Марыі Папам Рымскім і біскупамі усяго свету. Адважуся сказаць, што навяртанне Расеі да сёння не адбылося, сведчанняў чаго дастаткова, калі мы гаворым аб практыках хрысціянскай веры, колькасці абортаў, суіцыдаў, разводаў, алкагалізму, наркаманіі і г.д. Таму не даводзіцца лічыць, што наступіў канец з’яў, якія мы можам назваць “памылкамі Расеі”. Гэтыя памылкі па-ранейшаму актуальныя, па-ранейшаму шырацца, нягледзячы на ​​тое, што набылі іншую форму, а часам і змянілі змест. Некаторыя з ілжэвучэнняў, надалей добра маюцца не толькі ў Расіі, але і краінах Заходняй Еўропы, што дае магчымасць Расеі граць на стварэнне вобразу абаронцы хрысціянскай цывілізацыі.

Напрыклад?

Не трэба забываць, што парктычнае ўвасабленне ідэалогіі “Гэндэр” першы раз адбылося ў Савецкай Расіі. Менавіта тут спрабавалі практычна ўвасобіць у жыцьцё прынцыпы “свабоднага кахання”, камунаў з “супольнай уласнасцю на жанчын”, менавіта тут у першы раз наступіла дэкрыміналізацыя гомасэксуалізму. Расія стала першай краінай свету, якая дазволіла аборты ў 1920 г.

А ці можна сфармуляваць “новыя памылкі” Расіі сёння?

Усё новае – гэта добра забытае старое. Вядома, “старыя памылкі” надалей прысутнічаюць у пэўных галінах жыцця, надалей аказваюць уплыў на свядомасць грамадзян Расіі і суседніх краін, хоць ужо і не так сістэмна як пры інстытуцыяналізаванай камуністычнай партыі. Варта таксама дадаць, што гэтыя “старыя памылкі Расеі”, працягваюць прыносіць свае жудасныя плады ў Кітаі, Паўночнай Карэі, В’етнаме, на Кубе, у Нікарагуа, Венесуэле, Беларусі і некаторых іншых краінах.

Некаторыя ілжэвучэнні Расіі не былі пашыраныя пры першым Маршы рэвалюцыі, але былі адкладзеныя на будучыню. Пакінутыя ў часовай замарозцы, яны па ціху развіваліся расійскімі дзеячамі на эміграцыі, здабываючы перакананых паслядоўнікаў. Пасля падзення камунізму гэтыя ідэі знайшлі ўдзячную глебу ў самой Расіі і цягам апошніх 25 год набылі моц і шматлікіх прамотараў.

Перадусім варта тут згадаць еўразійскую ідэю. Ідэя еўразійства паўстала як свайго роду сінтэз двух ўжо даўно прысутных у расійскай культуры арыентацый: „западников” (прыхільнікі Захаду) і „почвенников” (прыхільнікаў асобнага шляху Расеі, якая абапіраецца на адносіны з „почвой” – глебай). Еўразійства сфармавалася як геапалітычная канцэпцыя, якая тлумачыць ідэю „мудрагелістага шляху Расеі”, „почвенников”. Яна сцвярджала, што „руская цывілізацыя” не з’яўляецца часткай заходняй еўрапейскай цывілізацыі. Новапаўсталы еўразійскі рух распаўсюдзіўся акурат на Захадзе, у колах „белай эміграцыі”, выгнаны з Расіі родным бальшавізмам. Сярод найбольш яскравых заснавальнікаў цяперашняй формы еўразійскай плыні варта ўзгадаць князя Мікалая Трубяцкога, географа і эканаміста Пятра Савіцкага, на пачатковым этапе таксама праваслаўнага святара Георгія Флароўскага.

Яны прыйшлі да высновы, што бальшавіцкая рэвалюцыя была неабходнай рэакцыяй на спробу вестэрнізацыі расійскага грамадства, пачатай Пятром І. Яны былі перакананыя ў тым, што савецкі рэжым здольны да эвалюцыі, адкіне маску пралетарскага інтэрнацыяналізму і ваяўнічага атэізму і ператворыцца ў новы, нацыяналістычны праваслаўны ўрад, заснаваны на ідэі Еўразіі. Еўразійскі рух быў задушаны бальшавікамі падчас вядомай аперацыі „Трэст”.

Але ідэя не памерла, і мысліцелем, які працягнуў еўразійскую плынь, стаў Леў Гумілёў – расійскі этнолаг і археолаг сярэдзіны і канца ХХ стагоддзя, які называў сябе „апошнім еўразійцам”. Хіба сёння мы не назіраем, нарэшце, апісаную амаль 100 гадоў таму змену?

Сёння інстытуцыяналізаванае еўразійства ў Расіі прадстаўляе Еўразійскі саюз моладзі – палітычная арганізацыя міжнароднага маштабу з сядзібай у Маскве. Галоўным ідэолагам Саюза з’яўляецца рускі нацыянальны дзеяч і прыхільнік імперскай Расіі Аляксандр Дугін. Характэрнымі рысамі ранняга і сучаснага еўразійства з’яўляюцца ідэйны рэлятывізм, гнастыцызм, які выяўляецца ў сцвярджэнні, што ідэю трэба „адчуць”, і сінкрэтызм, які імкнецца стварыць пантэон вераванняў і рэлігій Еўразіі. У так званым катэхізісе моладзі еўразійскага руху мы можам прачытаць рэчы, якія лепш за ўсё сведчаць пра „новыя памылкі” Расеі, якія яна можа прынесці ва ўвесь свет:

“Ты можаш верыць у што пажадаеш. Існуе абсалютная ісціна. Але не адна. Кожная традыцыя і рэлігія кліча да далёкіх берагоў. І правільна робіць: у гэтым годнасць духу. Хай кожны робіць выбар сам – хто абапіраючыся на голас крыві, хто на асабістую волю, хто на традыцыю сям’і, роду, племені. Калі ты не верыш ні ў што, нясі гэта ў сабе сам – нішто таксама катэгорыя істотная. Але трэба быць сумленным.Верыш – правільна робіш. Спытаюць у што, распавядзеш. Не спытаюць, з гэтым не лезь. Вера не фанцік, не рэкламны плакат. Ідзі з ёй па шляхах сэрца і выконвай яе законы – ўнутрана і вонкава. Але не перабірай з гэтым – ўпадзеш ў занудства неафіта. Лепш больш бегай па раніцах і выконвай заданні Саюза. Гэта фармуе галоўнае – цябе як баявую адзінку. А сапраўднай веры патрэбныя толькі воіны, байцы, рыцары духу. Наш ідэал – моц. Моцны ты патрэбны сваёй царкве, суполцы. Слабы ты не патрэбны нікому”.

Інтэрвію правяла Натальля Федаровіч.