Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адважыўся асудзіць бальшавіцкі пераварот, а Касьцёл пашырае сфэру сваёй кампэтэнцыі

Ксёндз Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч назваў бальшавіцкі пераварот „вялікай катастрофай”. Такая заява зьяўляецца вельмі сьмелай для касцельнага дастойніка, а значыць сьведчыць аб значных зьменах у грамадзка-палітычным дыскурсе Беларусі.

Сытуацыя Каталіцкага Касьцёла ў Беларусі усё яшчэ застаецца дастаткова складанай, тым ня менш, на працягу апошняга году заўважаецца значная, калі так можна выразіцца, „эмансіпацыя”. Зьвязана яна безумоўна з пэўнай лібэралізацыяй палітычнага рэжыму, якая адбываецца пад уплывам эканамічных і вонкавых гэапалітычных фактараў.

На фоне гэтага працэсу, у нейкай ступені нечакана, пачала праяўляць грамадзка-палітычную актыўнасьць Яго Эксцэленцыя – Ксёндз Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. У параўнаньні са сваім вялікім папярэднікам, вязьнем ГУЛАГУ сьвятой памяці Кардыналам Казімерам Сьвёнткам, Арцыбіскуп Кандрусевіч да апошняга моманту не вызначаўся цьвёрдай паставай адносна беларускіх уладаў, прыкладам чаго стала справа ксяндза Уладзіслава Лазара, якога беларускія ўлады абвінавацілі ў працы на карысьць замежнай спэцслужбы, і які па меркаваньнях многіх не атрымаў дастатковай падтрымкі з боку Касьцёла як інстытуцыі.

Таксама тактыка дзеяньняў кардынала і арцыбіскупа адрозьніваліся. Першы займаў цьвёрдую пазыцыю абмежаваньня кантакту Касьцёла з беларускай дзяржавай, няўступлівасьцю ў пытаньнях унутранага ўладкаваньня, але таксама і неўмяшальніцтва ў палітычную сфэру дзяржавы і беларускага грамадзтва. Арцыбіскуп вырашыў, што прыйшоў час для маштабнага наступу.

2017 год зазначыўся сапраўдным выбухам дэклярацыяў аб грамадзкім вучэньні Касьцёла з вуснаў арцыбіскупа. У сакавіку 2017 г. Тадэвуш Кандрусевіч у адозве да ўладаў і беларускага грамадзтва, вострымі словамі крытыкаваў зацьверджаны ў лютым Саветам Міністраў, так званы „Нацыянальны плян дзеяньняў дзеля забесьпячэньня роўнасьці плоці (полов) у 2017-2020 гг.”:

Сацыяльныя навукі тлумачаць паняцьце „Гэндэр”, як свабодны, у залежнасьці ад культурных абставінаў выбар чалавекам уласнай плоці. Гэта азначае, што плоць чалавека не вызначаецца яго фізіялёгіяй, але пад уплывам тых ці іншых культурных акалічнасьцяў. У наш час такі пункт гледжаньня становіцца небясьпечнай ідэалёгіяй…Замест паняцьця мужчына і жанчына, уводзіцца ажно 7 плоцевых (половых) ідэнтыфікацыяў…Прапануецца вучыць дзяцей таму, што гомасэксуалізм альбо транссэксуалізм – гэта вольны выбар чалавека.

Тады здавалася, што гэта толькі спарадычная і выключная рэакцыя, у сфэры вельмі важнай для Касьцёла. Аднак Яго Эксцэленцыя не задаволілася першым посьпехам, а пайшла далей.

У красавіку 2017 году, у рамках традыцыйнай прэс-канфэрэнцыі ксёндз арцыбіскуп агучыў вострую крытыку паводзінаў менскіх і дзяржаўных уладаў з прычыны адмовы ў перадачы мейсца дзеля будовы новага касьцёла, а таксама адносна забароны нашэньня крыжыкаў супрацоўнікамі службы аховы здароўя.

Потым была крытыка ўладаў адносна спробы распачаць будаўніцтва ў ахоўнай зоне, паблізу ад мэмарыялу ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1937-1941 гг. у Курапатах.

2 мая бягучага году Тадэвуша Кандрусевіча запрасілі выступіць з лекцыяй перад слухачамі Акадэміі кіраваньня пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Беспрэцэдэнтная падзея, у сэнсе таго, што першы раз каталіцкі зьверхнік запрошаны выступіць у кузьні адміністрацыйных кадраў дзяржавы.

Ксёндз арцыбіскуп не абмежаваўся камплімэнтамі, а з ходу распачаў атаку на дзяржаўныя парадкі, якія не спрыяюць свабодныму функцыянаваньню Касьцёла. Дасталося Упаўнаважанаму па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леаніду Гуляцы, а таксама іншым дзяржаўным уладам, за забарону свабоднага адпраўленьня Сьвятой Імшы ксяндзамі-замежнікамі, не прапісанымі ў Беларусі. Міністэрству адукацыі – за патрабаваньне прадастаўленьня праграм катэхізацыі дзяцей у касьцёлах і сьпісаў дзяцей, якія наведваюць заняткі па рэлігіі. Менскім уладам – за неўзгадненьне наступных мейсцаў пад будову новых касьцёлаў. Падсумоўваючы Тадэвуш Кандрусевіч сьцьвердзіў:

„Прызнаючы аўтаномію дзяржавы, Касьцёл, які паводле Божага ўстанаўленьня, стаіць на варце і зьяўляецца гарантам маральнасьці, пакідае за сабой права на маральную ацэнку яе (дзяржавы) дзеяньняў у галіне правоў чалавека і збаўленьня душаў”.

У канцы мая Арцыбіскуп Кандрусевіч выступіў з афіцыйнай адозвай да ўладаў і грамадзтва перад абліччам палітычнага крызісу, у якой заклікаў да пакаёвага вырашэньня складаных эканамічных і палітычных праблемаў.

І вось, нарэшце, мы дачакаліся асуджэньня камунізму. Вядома, гэта не зьяўляецца дактрынальным асуджэньнем з боку Касьцёла*, на якое мы ўсе чакаем ужо тыя ж сто год, але спадзяемся ластаўка, якая зьвястуе антыкамуністычную вясну.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net

*Энцыкліка Пія ХІ “Аб бязбожным камунізме” – выключэньне, якое не было ўмацавана ў часе ІІ Ватыканскага Сабору