99 год Незалежнасьці. Як выглядае Польшча напярэдадні юбілею?

11 лістапада – гэта Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Польшча. Уведзены ў красавіку 1937 году, ён быў сьвяткаваны да 1989 году толькі адзін раз – у 1938 годзе. Сам гэты факт сьведчыць аб тым, што доўгі час рэальнай незалежнасьці не было, але сёньняшняе сьвята гэта даніна традыцыі, дзякуючы якой Польшча, як край ізноў узьнікла на мапах Эўропы.

У беларускіх мэдыях тэма Польшчы ўзьнікае часта, але ў асноўным у кантэксьце пытаньняў, зьвязаных з Беларусьсю па лініі польскай мяншыні, гісторыі альбо эканомікі. У той жа час апісаньне актуальнай сытуацыі ў Польшчы, асабліва з палітычнага боку, выглядае вельмі суб’ектыўна.

Пачнем з эканомікі. Посьпех польскай эканомікі зьяўляецца агульнапрызнаным фактам, нягледзячы, з аднаго боку, на вечныя нараканьні саміх палякаў, што зьяўляецца, нажаль, іх нацыянальнай рысай – як кажуць – “нам бы іх праблемы”, як і з другога боку, на крытыку ад зьнешніх нядобразычліўцаў, з нямецкага, расейскага ці ізраільскага бакоў.

Паводле The Conference Board, цягам 1990-2015 гг., Польшча была другой, найбольш хуткай у развіцьці краінай, сярод сучасных дзяржаў Эўразьвязу, дасягаючы за 27 год сумарнага прыросту ВУП (GDP/ВВП) у 117,3% і саступаючы толькі Ірляндыі, якая дасягнула паказчыка ў 150,7%. Таксама Польшча не зазнала эканамічнага спаду. У крызісныя 2009 і 2013 гг. прырост ВУП складаў, хаця і вельмі мала, але адпаведна +0,8% і +0,5%.

Фактычна ад моманту пераходу да рынкавай эканомікі Польшча ня мела эканамічных спадаў, што зьяўляецца выключным дасягеньнем. Прычынай гэтаму зьяўляецца вельмі ашчадная палітыка польскіх фінансавых інстытуцыяў, пазьбяганьне імі сумніўных, часта віртуальных, фінансавых мэханізмаў, а таксама ашчаднасьць і працавітасьць саміх палякаў. Апошняе, думаю, могуць пацьвердзіць шматлікія беларускія “гастарбайтэры”, ад якіх ня раз чую сьведчаньні, аб нашмат большай інтэнсіўнасьці працы ў Польшчы, у параўнаньні з Беларусьсю. Апошняе – заслуга прыватнай мадэлі арганізацыі эканомікі, якая матывуе да большага заробку мэнаджэраў, якія ў сваю чаргу матывуюць супрацоўнікаў.

Аб палітычнай сытуацыі ў Польшчы, жыхары нашай краіны чуюць альбо з вуснаў лібэральнай, у сваёй аснове, недзяржаўнай прэсы, альбо, з агульна непрыхільных, дзяржаўных СМІ. Усе яны падаюць вельмі суб’ектыўную карціну, канцэнтруючыся на слабых месцах польскай дзяржавы і грамадзтва, альбо ідучы за лева-лібэральнай палітычнай прапагандай.

Прыкладам такіх падыходаў ёсьць асьвятленьне палітычных падзеяў апошніх двух год у Польшчы, калі палітыка ўрадавага лягэру паказваецца беларускімі СМІ ў нэгатыўным сьвятле. Пры гэтым актыўна карыстаюцца антыбеларускай рыторыкай некаторых маргінальных, а часта скрыта прарасейскіх групаў у Польшчы, распаўсюджваючы чуткі, распальваючы непатрэбныя і бессэнсоўныя віртуальныя спрэчкі.

Урад партыі Права і Справядлівасьць – гэта патрыятычны ў сваёй аснове палітычны рух, які ідэйна грунтуецца на спадчыне Юзафа Пілсудскага. Палітычны запавет Пілсудскага скіраваны на аднаўленьне рэгіянальнай супрацы краінаў Міжмор’я. І гэтая лінія, нягледзячы на гістарычныя спрэчкі, якія былі і будуць паміж суседнімі народамі, урадам ПіС пасьлядоўна праводзіцца. У гэтым сьвятле кантакты Ўраду РП з афіцыйнымі коламі Беларусі – гэта таксама палітыка Міжмор’я, якая шукае шляхоў выцягваньня Беларусі з расейскай сфэры ўплыву.

Наступным пунктам “лібэральных няпраўдаў” аб Польшчы, зьяўляецца дэфармаваны пераказ аб палітыцы сучаснай Польшчы ў сфэры канстытуцыйнага ўладкаваньня дзяржавы. Судовая рэформа, якая, спадзяемся пасьпяхова завершыцца, гэта неабходны элемэнт ачышчэньня ад спадчыны камунізму. У нас трывіальна паўтараецца, што ў Польшчы адбылася люстрацыя, хаця яе, як гэткай, не было. Ня можна лічыць люстрацыяй апублічваньне інфармацыі аб супрацы з камуністычнымі службамі ці партыйным камуністычным апаратам. Люстрацыя – гэта перад усім санкцыя – забарона на займаньне тых ці іншых пасадаў у будучыні, як гэта было зроблена ў Чэхіі, ці на тэрыторыі былой Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі.

Сучасная судовая рэформа – гэта спроба ачышчэньня судовай сыстэмы ў кадравым сэнсе, дзе прадстаўнікі старой намэнклятуры, альбо іх нашчадкі занялі істотныя пазыцыі і блякавалі рэальную дэкамунізацыю, перад усім шляхам, часта незаконнай, абароны сваіх былых паплечнікаў, якія з парткамаў пераселі ва ўправы акцыянэрных таварыстваў.

Лібэральныя праціўнікі судовай рэформы, якіх рэпрэзэнтуюць партыі “Грамадзянская Плятформа”, “Новочэсна ПЛ” (Сучасная ПЛ), рух “Камітэт абароны дэмакратыі”, мэдыі – “Газэта выборча”, “Впрост”, “Ньюсуік”, насамрэч сталі на абарону былога камуністычнага эстэблішмэнту, з якім яны часта маюць і сваяцкія сувязі.

Трэба таксама зазначыць, што польскі лібэральны лягэр ніколі ня быў жорстка антыкамуністычны, а толькі хацеў залагодзіць вонкавую непрывабнасьць камунізму шляхам канвэргэнцыі (спалучэньня) яго з рынкавымі эканамічнымі рэформамі. Дасягнута гэта было ў часе “Круглага стала” 1989 г., які быў кампрамісам паміж камуністычнай намэнклятурай і  рухам “Салідарнасьць”. Напэўна прыйшоў час адмовіцца ад састарэлага кампрамісу.

Наступным аспэктам крытыкі і зняпраўджаньняў аб сучаснай Польшчы, зьяўляецца сытуацыя ў сфэры звычаёвай культуры і рэлігіі. Урад Права і Справядлівасьці часта прадстаўляецца, як “польскі талібан” – нейкіх фундамэнталістаў ад каталіцызму. Па першае гэта няпраўда, бо ПіС займае цэнтрысцкую пазыцыю ў сфэры рэлігіі, чаму сьведчаньнем непрыняцьцё Сэймам радыкальнага антыабортнага заканадаўстава ў 2016 г., за што ПіС атрымаў немалую порцыю крытыкі і ад свайго электарату і ад больш правых арганізацый.

Пад ціскам гэтай крытыкі ПіС жадае прыняць закон супраць абортаў. Больш жорсткі ў параўнаньні з існуючым, але больш лагодны ў параўнаньні з папярэдняй прапановай. Трэба адзначыць, што актуальны закон дазваляе на дзецябойства ў выпадку наяўнасьці сындрому Даўна і некаторых іншых хваробаў, альбо ў выпадку згвалаваньня, і не прадугледжвае пакараньня для спраўцаў аборту. ПіС намераны выключыць з закону запіс аб сындроме Даўна, пакідаючы рэшту ў сіле. Гэта павінна скараціць колькасьць абортаў у Польшчы да адзінкавых выпадкаў.

Агульна трэба было б сказаць, што польскае грамадзтва, у адрозьненьні ад беларускага больш падзелена па лініі маральна-этычных пытаньняў. Пры ўсім тым, што тут існуюць моцныя лібэральныя асяродкі, звычайна ў вялікіх гарадах, але таксама ёсьць і бастыёны кансэрватызму ў Падкарпацьці ці на Падляшшы, таму і барацьба ў ідэйным пляне больш жорсткая, але спадзяемся з Божай помаччу сілы хрысьціянскія перамогуць.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net