Як Варшава святкавала Дзень Незалежнасці – піша Аляксей Ластоўскі

Даследчык Інстытуту “Палітычная сфера” Аляксей Ластоўскі піша на фэйсбуку пра свае ўражанні ад святкаванняў Дня Незалежнасці ў польскай сталіцы.

Як я схадзіў на Дзень Незалежнасці ў Варшаве. Спачатку адведаў афіцыйную цырымонію, якая разгортвалася на пляцы Пілсудскага. Па Кракаўскаму прадмесцю прайшліся прадстаўнікі сілавых структур (ад вайсковай пяхоты да падатковай інспекцыі), якія потым пашыхтаваліся на пляцы. Доўгая і досыць нудная працэдура, з бясконцымі рапартамі. Вайсковы капэлян агучыў “апэль” за герояў і пакутнікаў Польшчы (сярод якіх знайшліся і “абаронцы Крэсаў Усходніх і Львова”).

Паслухаў выступ прэзідэнта Дуды – не адмовіш, прыгожая прамова, асэнсаваная, і выступае публічна ён упэўнена. Потым пушкі лупанулі 21 раз, ледзь не аглох, і пачалася чарговая бясконцая цырымонія ўскладання вянкоў на магілу Невядомага салдата. Вырашыў, што трэба ўцякаць, пайшоў спачатку на Замкавы пляц, дзе абяцалі “гістарычны пікнік”, і сапраўды, частавалі гарохавым супам і гарачай гарбатай, што па такім надвор’і было вельмі дарэчы.

Малалікія прадстаўнікі лева-лібэральнага лягэру

Выявілася, што на гэтым пляцы паралельна збіраліся прыхільнікі праеўрапейскай опцыі, але нешта іх было няшмат, я заспеў ужо самы канец зборышча, са спяваннем “Оды да радасці”.

Але куды цікавей мне было зірнуць на Марш Незалежнасці, які пачынаўся з мітынга на ронда Рамана Дмоўскага. Нягледзячы на тое, што народу на марш сабралося надзвычай шмат (па падліках – каля 60 тысяч, і гэта быў адзін з буйнейшых маршаў у гісторыі), атрымалася заняць досыць добрую стратэгічную пазіцыю, адкуль было бачна выступоўцаў. Асноўныя тэмы: засілле еўрабюракратыі, навязванне “ідэалогіі гендэр” (так казалі), пагроза ад імігрантаў, ісламісты, выратаванне – нацыяналізм і каталіцызм. Не ісламска, не лаіцка, толькі Польска каталіцка! Асноўная “крычалка”: Бог! Гонар! Айчына!

Марш Незалежнасці правых сілаў сабраў паводле розных ацэнак ад 60 да 100 тыс. удзельнікаў

Былі тры прадстаўнікі еўрапейскіх праварадыкальных партый (Іспанія, Італія, Славакія), таксама ругалі ў першую чаргу еўрапейскіх бюракратаў, скардзіліся на мігрантаў і ісламістаў, і прыводзілі Польшчу ў якасці прыкладу, як трэба змагацца з мігрантамі. Лідар італьянскай партыі Forza Nuova паведаміў, што яны таксама заснавалі марш італьянскіх патрыётаў – оба-на, на 4 лістапада. Што так усе любяць патрыятычна яднацца ў лістападзе, не разумею прывабнасць гэтага часу. Напрыканцы быў доўгі выступ лідэра ONR, галоўны пасыл – засталіся толькі дзве партыі, Бога і Сатаны, ня трэба нейкіх ілюзій, і зараз трэба ўсім абіраць правільны бок (ну, вы здагадаліся, які).

Цікава, што ўсходняй тэматыкі зусім не гучала, Расія, Украіна, Крэсы засталіся па-за ўвагай, накірунак выступаў быў скіраваны выключна на прагніўшы Захад. І камуністам, натуральна, даставалася. Прамовы часам перамяжаліся музычнымі выступамі, нацыяналістычным рэпам, халера, не разумею, чаму стыль, створаны ў негрыцынскіх гета, набыў сярод польскіх нацыяналістаў такую папулярнасць. Прычым, выкананне яшчэ было жахлівае, поўны прымітывізм.

Пасля агульнага спявання гімна, удзельнікі марша рушылі па Алеях Ерусалімскіх і масту Панятоўскага да Нацыянальнага стадыёну. Гэтым годам нейкіх узрушанняў не было, антыфашыстоўскі марш прайшоў іншым маршрутам, злашчасная “вясёлка” на плацы Збавіцеля таксама засталася далёка, не спалілі, толькі пішуць медыі, што было адно сутыкненне з групай “Грамадзяне РП”, якія ўбіліся ў Марш з лозунгамі “Далоў фашызм”. Але іх досыць хутка ізалявалі ахоўнікі Марша і ў выніку забрала паліцыя.

Дайшоў і я да маста, потым яшчэ па выніку давялося выратоўваць шматлікіх удзельнікаў з польскай правінцыі, якія ніяк не маглі зразумець, дзе вакзал. Пазнаёміўся ў тым ліку з хлопцамі, што жывуць ў нейкай вёсцы на мяжы са Славакіяй, кажуць, займаюцца відэаблогінгам і зарабляюць па 7 тысяч злотых у месяц. Трэба і Горвату на відэаблог пераходзіць.

 

nationalinterestby.net