Супольная спадчына з Польшчай. Ці яна наша?

Я – просты чалавек з вёскі, універсітэт я не скончыў, і не спрабую пісаць глыбока інтэлектуальныя тэксты. Хай гэта робяць іншыя – тыя, у каго хапае розуму і адукацыі (ці тыя, хто думае, што ў іх гэтага хапае).

Але задумваюся пра нашую культуру, нашае ўспрыманне гістарычнай спадчыны.

Беларуская нацыя стала фармавацца ў пачатку ХХ стагоддзя. Стала фармавацца з сялянскіх масаў, якія размаўлялі па-беларуску, і мелі свае этнаграфічныя адметнасці. Што мы можам узяць з той сялянскай культуры? Найперш – беларускую мову. Беларускі фальклор – песні, казкі, прымаўкі. Беларускія ўзоры – усе гэтыя арнаменты, вышыванкі. Народнае дойлідства – сялянскія хаты з прыгожымі ліштвамі і драўляныя цэрквы. Народнае мастацтва – тыя трохі наіўныя абразы з палескіх царковак і выразаныя з дрэва Распяцці і фігуры святых у вясковых каплічках і на прыдарожных крыжах.

Каштоўныя рэчы. Але – небагата.

Тое, што беларуская нацыя дасягнула ў ХХ, пачатку ХХІ стагоддзя – асобная размова. Маем Васіля Быкава, маем Святлану Алексіевіч, маем сваіх і паэтаў, і мастакоў, і спевакоў.

Але, калі вярнуцца ў мінулае, у XVII, XVIII, XIX стагоддзі – то большасць нашага высокага мастацтва – архітэктуры, жывапісу, літаратуры – стварылі людзі, якія размаўлялі не на беларускай мове, і беларусамі сябе не называлі.

Але іншага краю ў нас няма. І іншых старых касцёлаў, акрамя тых, дзе маліліся па-польску і дзе захаваліся надпісы на польскай, няма. І іншых палацаў, акрамя тых, якія будавалі польскамоўныя абшарнікі, няма. І іншай літаратуры рамантызму, акрамя польскамоўных твораў Адама Міцкевіча, Юльяна Крашэўскага, Ігнацыя Ходзькі, Уладыслава Сыракомлі, няма.

Гэта ўсё стваралася на нашай зямлі, і людзьмі, якія побач з нашымі прадзедамі жылі. І з мазольнай працы нашых прадзедаў-сялянаў, якія апрацоўвалі зямлю, давалі даход гэтай шляхце, якая будавала касцёлы і палацы, збірала карціны і займалася літаратурай.

То і гэта – нашая спадчына.

Адам Міцкевіч не ствараў беларускую літаратуру. Як і Ян Глаўбіц не ствараў беларускую архітэктуру. І Станіслаў Манюшка не ствараў беларускую музыку. Але мы, беларусы, маем права ўзбагачацца гэтай культурай, карыстацца ёй, уключаць яе ў свой культурны досвед.

Мы можам сказаць пра гэтыя культурныя аб’екты, што яны нашыя. Але не можам сказаць, што яны выключна нашыя, выключна беларускія. Многае ў нашай гісторыі і культуры – агульнае з палякамі.

Вось прыязджаюць у Глыбокае палякі. Нашчадкі той мясцовай шляхты, якая будавала тут касцёлы, размаўляла ў сваіх дварах па-польску, пісала па-польску свае тэстамэнты і надпісы на магільных помніках. Тыя, у каго сваякі загінулі ў Беразвеччы, у Барку, на Дарозе смерці. Аглядаюць гістарычныя помнікі, фатаграфуюць і фатаграфуюцца, ускладаюць кветкі, запальваюць знічы.

Як тут падзеліш – гэта нашае, гэта вашае? Адна зямля, і адна яе гісторыя. У адных прадзеды размаўлялі па-польску, у іншых – па-беларуску, але аднолькава любілі гэты край. Адны падтрымалі польскі нацыянальны праект, іншыя – беларускі. Але пераважна стараліся мірна жыць між сабой. Не варта лічыць мясцовых палякаў чужымі, але, думаю, нам павінна хапіць тактоўнасці, каб не называць беларусамі тых, хто не акрэсліваў сябе як беларусаў.

Сёння мы будуем сваю, беларускую дзяржаву. (І дзякуй Богу – бо лёс нацыянальных меншасцяў у любым краі незайздросны). І ствараем сваю, беларускую культуру. І свайго Нобелеўскага лаўрэата ўжо маем. Паміж намі і Польшчай цяпер і дзяржаўная мяжа ёсць, і культуры нашыя кожная сваім шляхам пайшла развівацца.

Але спадчыну мінулых стагоддзяў мы падзяліць не здолеем, калі б нават і вельмі захацелі.

Кастусь Шыталь

https://www.facebook.com/kastus.shytal/posts/1689441177787045

nationalinterestby.net