Зянон Пазьняк цураецца “Народнай перамогі” – сайт не адлюстроўвае пазіцыю КХП-БНФ

Зянон Пазьняк вырашыў нарэшце навесьці парадак сярод сваіх прыхільнікаў. Вітаем такі крок, паколькі вельмі часта з вуснаў і рупараў прыхільнікаў КХП, адным з якіх зьяўляецца сайт Народная перамога, несьліся словы недапушчальныя, абмовы і папросту няпраўды. Цешыць, што Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя-БНФ аказалася здольнай на вынясеньне маральнай ацэнкі такім паводзінам. 

Старонка “Народная Перамога” створана шчырым прыхільнікам нацыянальнага Адраджэньня Беларусі. Гэты ворган таксама ўжо некалькі гадоў вядзе, рыхтуе і піша інфармацыйныя матэрыялы сябра КХП — БНФ. Рэсурс зьяўляецца прыватнай ініцыятывай гэтых асоб. На ім было зьмешчана (і зьмяшчаецца) шмат арыгінальных артыкулаў, паведамленьняў і перадруковак добрага кшталту. Пастаянна перадрукоўваліся матар’ялы КХП — БНФ з партыйных старонак “Народная Партыя” і “Беларуская Салідарнасьць”. Гэты рэсурс вядомы сярод нацыянальна арыентаванай сур’ёзнай моладзі і людзей, якія цікавяцца беларускай палітыкай.

Побач з пазітыўным зьместам бальшыні матар’ялаў рэсурс характарызуецца рэгулярнымі допісамі і ацэнкамі, напісанымі на недапушчальным узроўні этыкі ў дачыненьні да асобаў іншых поглядаў і паводзін. Спробы кіраўніцтва КХП — БНФ паўплываць на выпраўленьне этычных парушэньняў ў тэкстах гэтага воргану вынікаў не далі.

Гэта тым больш нядобра, што шмат якія неабазнаныя людзі думаюць, што рэсурс “Народная Перамога” ёсьць інфармацыйным ворганам КХП — БНФ. Часам такое памылковае меркаваньне спэцыяльна ствараецца непрыхільнікамі народнай партыі (КХП — БНФ), каб абвінавачваць яе ў неіснуючых правінах.

Улічваючы абставіны, мы, спэцыяльна падкрэсьліваем, што “Народная Перамога” не зьяўляецца ворганам КХП — БНФ. Рэсурс ёсьць вольным інтэрнэт-выданьнем. Тым часам Партыя ня можа заставацца па-за межамі этычных ацэнак дзейнасьці ў друку сваіх партыйных сяброў. Гэтае паведамленьне ёсьць вынікам такога падыходу, сур“ёзных захадаў і накіраванае на паляпшэньне становішча.

14 лістапад 2017 г.                                                               Зянон Пазьняк

 Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ (Партыі БНФ) і БНФ «Адраджэньне»

паводле інфармацыі сайту Народная партыя

nationalinterestby.net