Who is M-r Emmerson MNANGAGWA? – піша др Яўген Красулін

Пасьля ўчорашняга інтрыгуючага ўваходу войскаў у сталіцу Зімбабвэ, сёньня ўвесь сьвет напруджана ўглядваецца ў стужку навінаў, што паступаюць з гэтай краіны. Нягледзячы на супярэчлівы зьмест гэтых навінаў, у цэлым сэнс таго, што адбываецца, можна зьвесьці да наступнага – піша др Яўген Красулін, выкладчык БДУ, спэцыяліст па цывілізацыях старажытнасьці.

Дэмарш вайскоўцаў ёсьць часткай “унутрывідавай” барацьбы ў рамках кіруючай партыі ZANU PF (Зімбабвійскі Афрыканскі Нацыянальны Хаўрус-Патрыятычны Фронт), дзе за апошнім часам зфармаваліся дзьве фракцыі: Generation 40 (“Пакаленьне 40”) на чале зь міністрам вышэйшай адукацыі (мо, былым ужо) Джанатанам Моё і Lacoste (“Лякост”) на чале з былым віцэ-прэзідэнтам Эмерсанам Мнангагвай.

Падставай процістаяньня ёсьць найістотнейшае пытаньне пра спадчыну прэзідэнта Мугабэ, які хоць і плянуе кіраваць да 100 год (засталося крыху больш шасьці), але рэальна ўжо стары, і любая ягоная немагчымасьць выконваць абавязкі главы дзяржавы адчыняе шлях да вышэйшай пасады аднаму зь віцэ-прэзідэнтаў. Такую пасаду да 6 лістапада займаў Мнангагва. А сьнежаньскі з’езд ZANU PF мусіў, як усе лічылі, паставіць на гэтую пасаду першую ледзі Зімбабвэ Грэйс Мугабэ. За якой стаіць фракцыя G40, і якая ёсьць найгалоўнейшым канкурэнтам Мнангагвы ў барацьбе за ўладу. Зыходзячы з цяперашняй сітуацыі, козыры зканцэнтраваліся на руках Мнангагвы, і пакуль ён з’яўляецца найбольш верагодным наступным кіраўніком Зімбабвэ.

Як сьведчаць відавочцы, у бягучы час сітуацыя на вуліцах Харарэ “спакойная і сьвяточная”. І ня толькі на вуліцах, і ня толькі ў Зімбабвэ (“Зім”, як коратка клічуць краіну ў тамтэйшых медыя). У некаторых іншых краінах, што дэманструюць дзіўныя паралелі з палітычнымі і эканамічнымі трабламі паўднёваафрыканскай нацыі, таксама падвышаецца градус чаканьня: “Ну вось, яшчэ адзін дыктатр паў!” Блізказьць зьмены ўлады ў Зімбабвэ выклікае прадчуваньне пераменаў больш істотных, чым проста замена аднаго партрэту на сьцяне іншым.

Але хто такі гэты Мнангагва – найбольш верагодны зьменшчык Мугабэ, і наколькі апраўданымі выглядаюць чаканьні?

Нарадзіўся ён 15 верасьня 1942 г. у горназдабываючым пасёлку (толькі не рагатаць!) Шабані (але цяпер ён перайменаваны ў Зьвішаванэ) у тагачаснай правінцыі Мідлендз брытанскай калёніі Паўднёвая Радэзія. Атрымаўшы пачатковую адукацыю, ён тры гады вывучаў будаўніцтва ў гандлёвай школе Кафуе, а пасьля яе завяршэньня паступіў у тэхнічны коледж.

Ужо зь юнацтва просты хлопец з Шабані захапіўся палітыкай. Ён уцягнуўся ў барацьбу за незалежнасьць сваёй радзімы, што прывяло яго спачатку ў Аб’яднаную партыю нацыянальнай незалежнасьці, а потым – у Зімбабвійскі Афрыканскі Народны Хаўрус (ZAPU). Паколькі Мнангагва прыняў удзел у некаторых акцыях, зьвязаных з гвалтам, яго выключылі з коледжу. А ZAPU ў хуткім часе быў забаронены ўрадам белай меншасьці і перайшоў да партызанскай барацьбы.

Як чалец ZAPU Мнангагва ў 1963 г. патрапіў у Ягіпет дзеля навучаньня вайсковай справе. Але празь некалькі месяцаў ён зьмяніў партыйную прыналежнасьць, перайшоўшы з ZAPU ў ZANU, які толькі-толькі ўтварыўся, і зь якім будзе зьвязаным усё далейшае жыцьцё Мнангагвы.

Калі ZAPU меў за сваёй сьпіной падтрымку з боку СССР і сацыялістычнага блёку, ZANU меў маоісцкую скіраванасьць. Таму Мнангагва быў вымушаны пакінуць Ягіпет, але літаральна празь некалькі дзён ён апынуўся ў Кітаі. Там ён вывучаў марксізм у Пэкінскім універсітэце, а потым праходзіў баявую падрыхтоўку ў Нанкіне.

З 1964 г. Мнангагва і некалькі ягоных таварышаў утвараюць баявую “Групу Кракадзіл”, якая пачынае дзейнічаць на тэрыторыі Паўднёвай Радэзіі. Перад дрэнна забясьпечанай групай былі пастаўлены задачы па прыцягненьні ў ZANU новых чальцоў. Але празь некаторы час група зьдзяйсьняе забойства белага фермера і дыверсію на чыгунцы.

Радэзійская паліцыя хутка выходзіць на сьлед дыверсантаў. Двое чальцоў групы былі арыштаванымі і павешанымі. Затрымалі і Мнангагву. Пад катаваньнямі той прызнаў, што мае дачыненьне да выбуху лякаматыву. За гэта мусілі павесіць і яго. Але Мнангагва казаў, што ён яшчэ не дасягнуў узросту ў 21 год. То бок, ён быў непаўнгагадовым і сьмяротнаму пакараньню не падлягаў. Што цікава, урачы, якія праводзілі агляд Мнангагвы, пацьвердзілі, што яму яшчэ няма 21 году (хоць на той момант яму было амаль 23).

Дзесяць год (як і Мугабэ) Мнангагва правёў у турме. Пасьля вызваленьня ён зноў падключаецца да барацьбы, і цяпер ягоная кар’ера разгортваецца не ў зімбабвійскім бушы, а ў партыйных структурах. Ды так імкліва разгортваецца, што ў 1977 г. ён робіцца адным з кіраўнікоў партыі.

У 1980 г., пасьля набыцьця незалежнасьці, ён займае адну з ключавых пасадаў у новым урадзе: міністр нацыянальнай бясьпекі. Міністрам бясьпекі ён быў з 1980 па 1988 г. – ключавы перыяд у пабудове новага зімбабвійскага войска, і значная частка адказнасьці за гэты працэс лягла як раз на плечы Мнангагвы.

На гэты час прыпадае і самы крывавы канфлікт у гісторыі незалежнай Зімбабвэ: вайна ZANU, які на чале з Мугабэ прыйшоў да ўлады ў краіне, супраць ZAPU. Фактычна, гэта было мэтанакіраванае фізычнае вынішчэньне нядаўняга хаўрусьніка па барацьбе за незалежнасьць – ZAPU. Ахвярамі зрабіліся, па розных ацэнках, ад 3 750 да 80 000 чалавек. І Мнангагва ня мог ня мець дачыненьня да гэтай разьні.

У далейшым ён займае шэраг іншых міністэрскіх пасадаў і зьяўляецца адным з бліжэйшых паплечнікаў Мугабэ. У другой палове 90-х, як лічыцца, ён добра нажыўся на нелегальным гандлі золатам і дыямантамі. Але з пачатку 2000-х у ягоных дзеяньнях пачалі адзначацца відавочныя памкненьні да прэзыдэнцкай улады. Магчыма, узрост Мугабэ (якому было пад 80) нарадзіў у ім мары пра пераемніцтва. Што й выразілася ў ягонай празе заняць пасаду віцэ-прэзідэнта, з якой да галоўнай пасады ў краіне было ўжо зусім блізка.

Прага ўлады была настолькі відавочнай, што на яе зьвярнуў увагу і сам Мугабэ. І на ўсялякі выпадак крыху панізіў пазіцыю Мнангагвы ў партыйным апараце. Але гэта не магло спыніць амбітнага палітыка. Тым больш, што ён карыстаўся моцнай падтрымкай з боку арміі і спецслужбаў. І ён заставаўся чалавекам, блізкім да Мугабэ.

Нягледзячы на тое, што арганізатары няўдалага вайсковага перавароту 2007 г. прызналі, што жадалі паставіць Мнангагву на месца Мугабэ, ён здолеў пераканаць свайго ўсемагутнага шэфа ў тым, што аніякіх сувязяў з змоўшчыкамі ён ня меў. І ў 2008 г. ён, фактычна, узначаліў выбарчы штаб Мугабэ на прэзідэнцкіх выбарах. Якія з трэскам праваліў (Мнангагва, увогуле, мае вельмі дэлікатныя стасункі з элекцыйнымі працэсамі – усе выбары, у якіх ён удзельнічаў (акрамя ўнутрыпартыйных) ён прайграў, і месца ў парляменце займаў толькі праз указы Мугабэ). Добра, што вынікі галасаваньня ў Зімбабвэ ня маюць абавязковага ўплыву на сітуацыю ў краіне.

На просты шлях да сваёй галоўнай мэты Мнангагва выйшаў у 2014-м, калі ў цяжкай партыйнай барацьбе перамог сваю галоўную на той момант канкурэнтку – Джойс Муджуру, якую шмат хто лічыў найбольш верагоднай пераемніцай Мугабэ. У апошняга ўзьніклі падазрэньні наконт плянаў Муджуру, і яна хутка зьляцела з такой салодкай пасады віцэ-прэзідэнта. Якую тут жа заняў Мнангагва.

Падаецца, вось яно – шчасьце. Але тут амбіцыі нарадзіліся ў старшыні жаночай партыйнай арганізацыі. Якая, на няшчасьце Мнангагвы, зьяўляецца адначасова і перашй ледзі Зімбабвэ. Грэйс Мугабэ вельмі актыўна павяла сваіх прыхільнікаў з G40 на ягоныя пазіцыі. Да вясны 2017-га процістаяньне перайшло да крывавых разборак паміж прадстаўнікамі варожых фракцыяў. У жніўні бягучага году Мнангагва гучна абвесьціў, што ягоны апанент заслугоўвае сьмерці. І ў вуснах такога чалавека як Мнангагва гэта не выглядае пустым гукам. Праўда, у тым жа жніўні зьявіліся паведамленьні, што самога Мнангагву спрабавалі атруціць.

У кастрычніку-лістападзе барацьба, падавалася, завяршаецца на карысьць Грэйс. Людзей Мнангагвы паступова прыбіралі з пасадаў. Нарэшце прыбралі з пасады віцэ-прэзідэнта й самога Мнангагву.

Але, як высьветлілася, меў рацыю той зімбабвійскі аналітык, які казаў тыдзень таму, што цяпер усё будзе залежыць ад пазіцыі вайскоўцаў, якія працягваюць бачыць у Мнангагве свайго. Вайскоцы, сапраўды, умяшаліся ў ход падзеяў. І ўтварылі сітуацыю, якую праз словы Леніна, так ахарактарызавала карыстальніца твітару зь Зімбабвэ: ёсьць дзесяцігодзьдзі, за якія падзеяў набярэцца ня больш чым на адзін дзень, а ёсьць дні, у якія укладаюцца цэлыя дзесяцігодзьдзі.

Дык чаго ж чакаць ад магчымага новага лідара? Да гэтага часу Мнангагва зарабіў рэнамэ вельмі жорсткага, калі не крыважэрнага, палітыка. Зь ягоным імём зьвязваюць вынішчэньне апазіцыянэраў і задушэньне свабоды слова. Ды й вогуле, што такое правы чалавека Мнангагва, падобна, ня ведае і ведаць ня хоча. Прынамсі, так сьцьвярджаюць тыя, хто яго добра ведае. Ягоная мянушка – “Кракадзіл” – трактуецца шмат кім як адлюстраваньне ягонай тактыцы і паводзінаў у палітыцы, якія характарызуюцца моццу і бязьлітаснасьцю. Па сваёй жорсцкасьці, як лічыцца, Мнангагва знаходзіцца на адным узроўні ці , мо, толькі крыху саступае Мугабэ. Таму ў той час, калі шмат хто сьвяткуе набліжэньне пераменаў, тыя, хто ў курсе за асобу Мнангагвы, з напружаньнем чакаюць замену аднаго дыктатара на іншага.

nationalinterestby.net