XV беларуска-нямецкі Менскі форум: з мейсца падзеяў апавядае Аляксей Янукевіч

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч бярэ ўдзел у сёлетнім XV-м беларуска-нямецкім Менскім форуме. На фэйсбуку ён цікава апавядае аб сваіх уражаньнях.

Ранішняя панэль Менскага форуму прысьвечаная мадэрнізацыі ды рэформам у Беларусі. Паўпустая заля і адсутнасьць пытаньняў да выступоўцаў. Усім усё зразумела, на жаль. Аншляг і гарачыя дыскусіі чакаюцца бліжэй да абеду, калі будзе абмяркоўвацца геапалітыка ды прыедуць міністры замежных справаў Беларусі і Нямеччыны. Вельмі выразнае адлюстраваньне таго, у якой сфэры адбываюцца рэальныя высілкі беларускіх уладаў.

Зігмар Габрыэль – міністар замежных спраў ФРГ на XV-м Менскім Форуме

Міністр замежных справаў Нямеччыны Зыгмар Габрыель у Менску. Свой выступ на Менскім форуме пачаў з узгадваньня 500-годзьдзя Бібліі Скарыны, выдадзенай на беларускай мове.

У сваёй прамове на Менскім форуме сёньня Уладзімер Макей назваў формулу дыялёгу з Захадам: “рэалізм без забаронаў”. І растлумачыў: мы гаворым на любыя тэмы, але ў справах грунтуемся прынцыпам магчымага. У чарговы раз беларускі МЗС дэманструе вынаходлівасьць ды інцыятыву, каб рэалізоўваць інтарэсы дзяржавы пры неспрыяльным і нават непрывабным стане рэчаў.

ЭўрАзійскі саюз – гэта саюз лузэраў.

Чарговае сьведчаньне: 

Цяпер на Менскім форуме панэль “Беларуская эканоміка ў глябалізацыі”. У панэлі спачатку Аляксандар Калінін, кіраўнік Беларускай асацыяцыі прадпрымальнікаў, а пасьля і Дзяніс Мялешкін, в. а. Дырэктара Нацыянальнага агенцтва інвестыцый ды прыватызацыі, паўтараюць некалькі разоў, што прыярытэтам для нас у бізнэсе ёсьць эўразійскі саюз, бо няма моўнага бар’еру і таму ў краінах ЭўрАзЭС зручна рабіць бізнэс.

Але ў гэты ж час у залі поўна немцаў, якія вольна гавораць хаця б па-расейску. У сучасным сьвеце, асабліва – для бізнэсоўцаў, веданьне замежных моваў – гэта норма. Ангельская – наогул базавы навык. Вывучэньне мовы з выкарыстаньнем сучасных тэхналёгіяў – абсалютна не праблема. Ангельская дае ня толькі магчымасьць асабістай бізнэс-камунікацыі, але й доступ да крытычна важнай інфармацыі. А ў гэтых – моўны бар’ер, халера. Ня могуць вывучыць. Вось па такой прыкмеце і інтэгруюцца.

Агульна можна падсумаваць:

Рыторыка была пазытыўная, але нейкага агню энтузіязму не адчуваецца. Безумоўна, саміт „Усходняга партнэрства“ мог бы стаць прарывам у стасунках, але так выглядае, што найперш беларускія ўлады да гэтага не гатовыя. Гэта зьвязана і з сумневамі Лукашэнкі — ехаць на гэты саміт ці не. Таму можна канстатаваць пэўны крызіс дыялёгу і чаканьняў.

nationalinterestby.net