Чым цікавая найбольшая незалежная моладзевая арганізацыя краіны – Моладзь БНФ?

Моладзевая арганізацыя Партыі БНФ зьяўляецца найбольшай паводле рэальнай актыўнасьці і колькасьці рэальных сяброў (членаў) незалежнай ад дзяржавы арганізацыяй Беларусі. Нядаўна запрацавала новая старонка Моладзі БНФ: http://moladzbnf.info 

Сябры Моладзі БНФ дзеляцца сваімі ўспамінамі аб тым чым ім дарагая арганізацыя:

Аляксандар Ражкоў, 18 год, г. Менск.

“Ёсць некалькі прычын, чаму я абраў для сябе менавіта Моладзь БНФ. Па-першае, было жаданне апынуцца ўдзельнікам чагосьці большага, што можа кардынальна змяніць лад жыцця ў краіне. Па-другое, нацыяналістычная накіраванасць, а мне, як нацыяналісту – гэта блізка да душы (Але, што не магу казаць пра дэмакратызм, бо, калі звяртацца да Платона ці Арыстоцеля, стане зразумела чаму). Па-трэцяе, жаданне пераймаць досвед ад тых людзей, якія нешта ведаюць у палітыцы як практычнай дысцыпліне, каб гэтым досведам карыстацца самому. Асноўная мэта ў мае 16 год была адзіная – Ідэя і яе ажыцяўленне. Ідэя радыкальных і хуткіх змен. Ну, і як казаў вышэй – пераймаць досвед. Акрамя таго, жадаў займацца ідэалагічнай працай, а менавіта – артыкуламі. Ну, і яшчэ, мабыць, аб’яднанне з маёй творчай арганізацыяй. Што дае мне сяброўства ў арганізацыі? Па большай частцы паняцці, звязаныя з аб’ектыўным ідэалізмам, а менавіта – веру ў лепшае. Ну і новыя знаёмства, досвед і г.д. Сэнс адзіны – што, калісьці мы перайдзем да больш вялікай дзейнасці. Я жадаў увесь час займацца палітыкай, то і вось таму я тут. А іншыя арганізацыя мяне не цікавілі. Ды і наогул, апалітычнасць – прыкмета дурная. Аднак тут палітычны накірунак дзейнасцю мне не вельмі падабаецца. Толькі радыкальныя метады барацьбы могуць нешта зрабіць. На мой погляд, моладзь у нашай краіне мае мала магчымасцяў, каб нешта змяніць. Тым не менш, акрамя палітыкі ў Моладзі БНФ ёсць і іншыя накірункі дзейнасці, мяне ў гэтым выпадку прывабліваюць творчы і гістарычны”.

Ганна-Марыя Лебядзеўская, 17 год, г. Ліда

“У Моладзь БНФ я далучылася дзякуючы сябру, які дадаў мяне ў гутарку ВК. Для мяне яны былі больш добразычлівыя, чым розныя іншыя моладзевыя арганізацыі. Мне заўсёды хацелася знайсці людзей з аднолькавым поглядам на жыццё ў Беларусі, на мову, што я і знайшла тут. Увогуле, сяброўства дало мне больш новых знаёмых са свайго гораду, з якімі я падзяляю агульныя інтарэсы, таксама я стала больш цікавіцца гісторыяй, культурай, навінамі і палітыкай. Мне здаецца, што дзякуючы арганізацыі ў мяне канчаткова сфарміраваліся мае палітычныя погляды, якія ўплываюць на маё жыццё і стаўленне да яго. Аднак, акрамя іншага, было б цікава бачыць нейкія адукацыйныя праграмы, якія датычацца гісторыі і мовы, а таксама працу не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах (Гародня, напрыклад). Я лічу, што моладзь можа паўплываць на палітычную сітуацыю ў Беларусі праз сацыяльныя сеткі, і то, калі б вельмі паспрабаваць. Але цалкам паўплываць усё ж такі даволі цяжка.У мяне не узнікала ніякіх праблемаў, звязаных з сяброўствам з Моладдзю БНФ, але ведаю дастаткова шмат сябраў, у якіх яны былі і арганізацыя заўсёды імкнулася ім дапамагчы”.

На старонцы Моладзі БНФ значна больш такіх сьведчаньняў, а мы запрашаем далучацца да арганізацыі праз яе сайт: http://moladzbnf.info