Шпегунская справа – як ня стаць на бок Расеі – піша Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын паведамляе некаторыя падрабязнасьці і ацэньвае “шпегунскі канфлікт” паміж Беларусьсю і Украінай. На гэты момант пра затрыманага ў Менску ўкраінскага журналіста, падазраванага ў шпегаваньні вядома наступнае:

Павал Якубавіч Шаройка (Павел Шаройко), нарадзіўся 05.01.1976 г. у Кіеве. Журналіст Українське радіо – ua:суспільне, колішні ўласны карэспандэнт агенцыі УНИАН у Менску. Затрыманы меркавана супрацоўнікамі КДБ РБ 25.10.2017 году.

У 1988-1992 гг. навучаўся ў Львоўскай вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні (зараз Нацыянальная Акадэмія Сухапутных Войскаў імя гетмана Пятра Сагайдачнага), якое скончыў меркавана з чырвоным дыплёмам.

Быў памочнікам на грамадзкай падставе двух дэпутатаў Вярхоўнае Рады Украіны ад Партыі Рэгіёнаў (6 скліканьня, 2007-2012 гг.) – Бондик, Валерий Анатольевич і Валерий Коновалюк.

Станам на 2009 г. ачольваў прэс-службу начальніка Галоўнага Кіраваньня Выведкі МА Украіны, меў званьне маёра. Уваходзіў у Кіеўскі хаўрус журналістаў.

Ягоная жонка Натальля Шаройка працуе аглядальнікам у Цэнтральным друкаваным воргане Міністэрства Украіны “Народная армія”.

Як бачым для раскручваньня шпегунскае справы была абраная ідэальная кандыдатура. Цалкам мажліва, усе мы зараз сталіся відавочцамі рэалізацыі аднаго з сцэнароў па значнаму пагаршэньню ўзаемінаў Беларусі з Украінай. Сытуацыя драматычна ўскладнілася праз шматлікія эксцэсы й дэмаршы: адкрыцьцё ў Беларусі паўнавартаснага другога інфармацыйнага фронту супроць Украіны з падрыхтоўкай і зьдзяйсьненьнем правакацыяў на дзяржмяжы і абвінавачваньнем украінскага боку; заявы афіцыйных асобаў пра стварэньне ва Украіне лягероў падрыхтоўкі беларускіх баявікоў (справа “Белага Легіёна”); інтэрнаваньнем украінскіх грамадзянаў; выкраданьнем на тэрыторыі Беларусі з наступнай перадачай спэцслужбам РФ сына ўдзельніка АТА Паўла Грыба, адпрацаваньне наступальных дзеяньняў супроць краінаў Балтыі й Украіны падчас ССВ “Запад-2017” і, урэшце, апошняе галасаваньне на баку агрэсара супроць рэзалюцыі па Крыме. Верагодна, справа з “шпегунствам” цалкам пагялае ў рэчышчы зьдзяйсьненьня далейшай канфрантацыі Беларусі з Украінай і ейнага канчатковага замацаваньня ў сфэры ўплыву Крамля без мажлівасьці тактычнага адступленьня.

Маем зьдзяйсьняць грамадзкі кантроль гэтай сытуацыі і зрабіць усё магчымае, каб вызваліць украінскага грамадзяніна й запабегчы далейшаму абвастрэньню беларуска-ўкраінскіх стасункаў.

nationalinterestby.net