Чаму Партыю БНФ не запрасілі ў Брусэль на саміт Усходняга Партнэрства?

Радыё Рацыя паведамляе, што Партыю БНФ не запрасілі ў Брусэль на саміт Усходняга Партнэрства. Чаму так адбылося тлумачыць кіраўнік партыі, пан Рыгор Кастусёў:

– Партыя БНФ заявіла пра самастойную дзейнасць як самастойная палітычная сіла. Зрабіла такую заяву пра сваю дзейнасць да канца 20-га года. Менавіта неўваходжанне партыі БНФ у правацэнтрысцкую кааліцыю і стала той прычынай, пра што мы кажам – незапрашэння на саміт. Партыя БНФ не разглядае такія саюзы на нейкай ідэйнай глебе – гэта проста фармальнасці, выкананне чыёйсьці просьбы або чыйгосьці патрабавання, паказаць, што нібыта еўрапейскія палітычныя сілы спрычыніліся да яднання беларускіх палітычных сілаў.

Вядома, што на саміт былі запрошаны і паехалі прадстаўнікі так званай “Правай кааліцыі”: старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі.

Чаму “так званай”? Бо ўся іх “правіцовасьць” заканчваецца там, дзе сваё важкае слова кажа канцлерына Нямеччыны Анжэла Мэркель. Адпаведна ў пытаньнях джэндэр, міграцыі і іншых уражлівых пунктах, нашыя “правіцоўцы” займаюць вельмі кволую пазіцыю.

Апроч гэтага, мы ўжо пісалі аб хваравітай русафільскасьці ўсіх нямецкіх партый. Вядома, што беларуская “Правая кааліцыя” падпісала дамову аб супрацоўніцтве з Эўрапэйскай Народнай Партыяй, дзе галоўную скрыпку грае Хрысьціянска-Дэмакратычны Саюз пад кіраўніцтвам пані Анжэлы.

Так пранямецкая палітыка становіцца палітыкай дэ-факта прарасейскай. У той час, як Польшча і краіны Міжмор’я робяць стаўку на Злучаныя Штаты Амэрыкі, нашыя “правіцоўцы” застаюцца ў палоне старых унутрыэўрапэйскіх стэрэатыпаў. А рэальнай антырасейскай сілай у Беларусі, зарыентаванай на ЗША і краіны Міжмор’я, зьяўляецца толькі Партыя БНФ. Але пані Анжэла і яе эўрачыноўнікі з такімі асобамі размаўляць не жадаюць.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net