Кіраўнік Партыі БНФ сустрэўся з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў Беларусі

Кіраўніцтва грамадзкага Аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР, у складзе: Мікола Купава, старшыня аргкамітэту і Рыгор Кастусёў, сябра аргкамітэту і старшыня Партыі БНФ, сустрэлася з кіраўніцтвам МЗС Рэспублікі Беларусь, у асобе Яўгена Шастакова, намесьніка міністра замежных спраў.

Хаця сустрэча напачатку прадугледжвала прысутнасьць міністра замежных спраў, Уладзімера Макея, ён адсутнічаў, паколькі павінен быў выляцець на саміт краін Усходняга партнэрства ў Брусэль. Тым ня меней пан Макей перадаў праз свайго намесьніка жаданьне сустрэцца з сябрамі грамадзкага аргкамітэту асабіста, што адбудзецца ў хуткім часе.

Тэмамі абмеркаваньня сталі ўрачыстасьці з нагоды 100-годзьдзя БНР, якія прыпадаюць на 25 сакавіка 2018 году і магчымы ўдзел дзяржаўных устаноў у гэтым сьвяткаваньні. Прадстаўнікі аргкамітэту зрабілі некалькі прапановаў удзелу ў юбілейных сьвяткаваньнях:

  • падрыхтоўка інфармацыйных матэрыялаў “Вытокі беларускай дзяржаўнасьці: 1918 год”
  • арганізацыя сьвяточных прыёмаў і выставаў у дыппрадстаўніцтвах Беларусі;
  • усталяваньне памятных шыльдаў і мэмарыяльных дошак, паміж іншым на будынках правядзеньня Іга Усебеларускага Зьезду і прыняцьця 3-й Устаўной Граматы, дзе была прадэкляравана незалежнасьць Беларусі;
  • правядзеньне ўрачыстага канцэрту ў менскай філярмоніі 25 сакавіка 1918 г.

Незалежна ад ацэнак дадзеных гістарычных падзеяў, факт пачатку супрацы грамадзкага камітэту з дзяржаўнымі органамі сьведчыць пра пэўную зьмену падыходаў, калі нацыянальныя інтарэсы становяцца супольным назоўнікам (знаменателем) для ўсіх жыхароў Беларусі.

 

nationalinterestby.net