Я атэіст, хрышчаны ў царкве – Аляксандар Пашкевіч шчыра аб сваёй веры ў святле даследвання Pew Research Center

Паводле дасьледаваньня (PDF) недзяржаўнага амэрыканскага Pew Research Center, у Беларусі лічаць сябе праваслаўнымі каля 5,9 млн чалавек (62% насельніцтва), але зь іх абсалютна ўпэўнена вераць у Бога толькі 22%.

Азнаёміўся з вынікамі даследавання і прымерыў некаторыя яго вынікі на сябе. – піша ў фэйсбуку Аляксандр Пашкевіч, беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук. Думка рэдакцыі можа не супадаць з думкай аўтара.

Я ў свой час быў хрышчаны менавіта ў праваслаўнай царкве, хоць другая палова майго роду – каталікі, прытым прынамсі ў старэйшым пакаленні не фармальныя. Але адвозілі нас на лета пераважна да праваслаўных дзеда з бабай, да таго ж царква знаходзілася ў іхнай жа вёсцы, у той час як для каталікоў трэба было прарабіць ладны кавалак дарогі. Таму справа маёй фармальнай рэлігійнай прыналежнасці была амаль прадвызначанай, тым больш што ўсё гэта адбывалася ў бязбожныя савецкія часы, нават яшчэ да перабудовы.

Дагэтуль я цьмяна памятаю, як мяне тады вазілі ў царкву (дакладней, у хату да папа) на хрост ужо вельмі позна, у цемры, на калгасным малакавозе (на ім рабіў мой хросны бацька – “тату’сь”). Часы былі, як згадвалася вышэй, дрымуча савецкія, бацькі партыйныя, таму і хрост быў негалосны. І адзін толькі фрагмент з таго “дзейства”, апрача “ўрачыстага” выезду на малакавозе, нечага ўрэзаўся ў памяць – як я стаю ці то ў нейкіх начоўках, ці то недзе яшчэ, поп штосьці ўрачыста прамаўляе, а “татусь” і “матуся” хрысцяцца. І крыжык таксама памятаю, які пасля гэтага з’явіўся і які я з цікавасцю шмат разоў разглядаў, але не насіў. Было мне тады, відаць, гадоў якіх з чатыры ці з пяць. Нешта ўспрымаў, але мала чаго адэкватна разумеў.

З праваслаўнай царквы я ад таго часу фармальна не сыходзіў і не ведаю дакладна, да якой катэгорыі належу ў гэты час статыстычна. Але паводле ўласнага светаадчування – відаць, усё ж такі “да 12% з тых, хто называе сябе праваслаўнымі, ня вераць у Бога або ня ведаюць, ці верыць”. У маім выпадку – я ўпэўнена называю сябе праваслаўным, калі мяне пытаюцца пра гэта простыя людзі (бо ведаю, што іх цікавіць толькі факт фармальнай прыналежнасці паводле хросту), і “праваслаўным атэістам”, калі гаворка ідзе пра больш прасунутыя асяродкі. Натуральна, менавіта такую фармулёўку я не ўжываю (яна хоць сутнасна і правільная, але здыскрэдытаваная адным вядомым дзеячам), а карыстаюся больш туманнай – маўляў, я атэіст, але ў дзяцінстве хрышчаны ў царкве, а не ў касцёле.

Даследаванне сведчыць: “Для бальшыні рэлігія ня важная ў жыцьці, мала хто рэгулярна ходзіць у цэрквы і моліцца, але амаль усе маюць абразы”. Я асабіста абразоў не маю і ў царкву хаджу толькі на ўрачыстыя мерапрыемствы, датычныя праваслаўнай часткі роду – у маім выпадку гэта выключна вяселлі ды пахаванні сваякоў. У той жа час “на вялікі звон” (пераважна на Каляды) магу з сябрамі (такімі ж самымі “праваслаўнымі”) наведаць (добраахвотна, не для птушачкі!) святочную службу ў… каталіцкім касцёле.

Ілюзій наконт матывацыі такога наведвання ўзнікаць ні ў каго не павінна – прываблівае мяне перадусім не сама імша як такая, а агульная атмасфера, якая пры ёй пануе, перадусім беларуская мова набажэнства. Ды нават калі гэтая мова і польская, засвоеная мною ўжо ў сталым узросце (давялося пару разоў на такое набажэнства трапляць), то і яна выклікае большы сантымент, чым усюдыісная ў штодзённым жыцці расейская.

Такая вось мая ўласная “праваслаўнасць”. Не рызыкну сцвярджаць, што яна тыповая. Мабыць, гэта не зусім так, бо я і сам не надта тыповы беларускі грамадзянін. Але што яна дастаткова распаўсюджаная – у гэтым упэўнены.

nationalinterestby.net