Літвін, доктар Алесь Белы і яго дыягназ для Беларусі

Доктар Аляксандр Валер’евіч Белы (нар. 1968, Мінск; Псеўданімы: Кухмістр Верашчака) — беларускі гісторык, публіцыст, культуролаг. Доктар гуманітарных навук (PhD), гісторыя (2008). Вядомы беларускі навуковец, блёгэр, рэстаратар. Уважае сябе за Літвіна.

Карыстальнік фэйсбуку Сьвятаслаў Славіч зьмясьціў словы вышэйзгаданага доктара, і ўхваліў дыягназ, які менаваны доктар паставіў беларускаму грамадзтву. Варта зацытаваць:

Тут хачу адзначыць пазіцыю 2-х лагераў: 1. беларускі нацыяналізм. Рух ад пачатку скрайне беспрынцыпны, як зрэшты і ўсе нацыянаілізмы, але ў дадатак яшчэ слабы таму подлы. не маючы ўнутранага ўласнага рухавіка, заўжды чапляецца вагончыкам да нейкага моцнага лакаматыва, як напр. да камунізма, нацызма або ідэялогіі гендэр. 2. беларуская тэхнакратычная ўлада. Яўна гатовая ў гандлі з Эўропай на саступкі па ўсім, што непасрэдна не датычыць тэхналогіі ўлады, у тым ліку і на мараторый на смяротнае пакаранне і на саступкі гендэру – у перспектыве не меншыя чым у Чавеса з Мадурам. 3. падлаваты абывацель-большасць. будзе толькі рады пашырэнню дыяпазону дазволенага. 1 і 2, змагаючыся за ягоную сімпатыю, у гэтым пытанні будуць фактычна адзінымі, змагаючыся паміж сабой толькі за прыярытэт – хто лепш выслужыўся перад Эўропай і перад ліхтаратам. Выснова: вайна прайграная яшчэ да яе пачатку.

Доктар Белы пазыцыянуе сябе, як чалавека правых поглядаў і ў гэтым сэнсе належыць разумець яго выснову: “вайна прайграная яшчэ да яе пачатку”. У сэнсе вайна прайграна правымі і кансэрватыўнымі сіламі ў Беларусі. Каму прайграна? Вядома, лева-лібэральнаму інтэрнацыяналу, які маючы ўплыў на ўсё ў грамадзтве, дзякуючы грошам і сувязям, абавязкова гэтую вайну павінен выйграць.

Я аднак жа з доктарам Белым не пагаджуся. Доктар Белы любіць абагульненьні. Часам абагульненьні карысныя, але д’ябал хаваецца ў дэталях. Таму пачнем контраргумэнтацыю.

1. беларускі нацыяналізм. Рух ад пачатку скрайне беспрынцыпны, не маючы ўнутранага ўласнага рухавіка, заўжды чапляецца вагончыкам да нейкага моцнага лакаматыва, як напр. да камунізма, нацызма або ідэялогіі гендэр.

Нібы слушна, што рух пакуль ня моцны, але яго дастаткова, як аказваецца, каб абараніць Курапаты, што ніяк не ўпісваецца ў схэмат камунізм-нацызм і ня мае характарыстыкі “подласьць”. Альбо Партыя БНФ, якая выходзіць з постхадэцкага інтэрнацыяналу, не падтрымлівае “Гэндэрную плятформу”, якую падпісалі ўдзельнікі “Правай кааліцыі” і сацдэкі, пераходзіць у эўраскэптычны Альянс кансэрватараў і рэфармістаў. Ці Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя, якая моцна адрозьніваецца ад заходніх постхрысьціянскіх пабрацімаў, якая актыўна змагаецца з абортамі, а прадстаўнікі якой сьведчаць аб сваёй веры. Яны хто паводле др Белага? Выпадаюць з клясыфікацыі.

2. беларуская тэхнакратычная ўлада. Яўна гатовая ў гандлі з Эўропай на саступкі па ўсім, што непасрэдна не датычыць тэхналогіі ўлады, у тым ліку і на мараторый на смяротнае пакаранне і на саступкі гендэру – у перспектыве не меншыя чым у Чавеса з Мадурам.

Вядома беларуская ўлада ня раз давала сьведчаньні сваёй беспрынцыпнасьці, нажаль. Але нават тут ёсьць тое, што выпадае з клясыфікацыі шаноўнага доктара. Любая ўлада служыць мэце ўмацаваньня сябе. Дэмаграфічны крызіс у якім знаходзіцца Беларусь пужае перад усім улады. Яны могуць страціць значную колькасьць падданых, ці то праз міграцыю, ці то праз нэгатыўны прырост насельніцтва. І таму які б супраціў не аказвалі лібэральна-разбуральныя тэндэнцыі, ва ўладах знаходзяцца людзі, якія дазваляюць валянтэрам агітаваць супраць абортаў, прадумваюць канцэпцыі падтрымкі сям’і, падвышэньня нараджальнасьці і дэмаграфічнай бясьпекі. Ізноў нестыкоўка, прафэсар…

Напрыклад др Белы кажа: 3. падлаваты абывацель-большасць. будзе толькі рады пашырэнню дыяпазону дазволенага.

Нібы слушна, у масе сваёй – так, але раптам апроч лекараў-забойцаў, знаходзяцца ў мястэчку Лагойску, сапраўдныя, якія не жадаюць здраджваць клятве Гіпакрата, і адмаўляюцца рабіць аборты. Ізноў выпадаюць з клясыфікацыі.

Вось так выглядаюць абагульненьні. Але найгорш тое, што погляды доктара Белага асацыююцца з усімі Літвінамі, і паводле яго думаюць пра ўсіх Літвінаў: яны могуць толькі языком малоць, каб зрабілі штосьці…Пры ўсім гэтым доктар Белы робіць. Дык лепш бы др Белы больш пра верашчаку і калдуны пісаў, ці пра назву Беларусь, якая вандравала, чым пра палітыку.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net