Сіндром “правільнага пешахода” альбо аб адсутнасьці адказнасьці – піша Віталь Цыганкоў

Адзін з паказьнікаў большай цывілізаванасьці беларусаў – гэта паводзіны кіроўцаў і пешаходаў на дарогах. Яшчэ гадоў 20 таму большасьць машын не прапускалі людзей на пераходах, і тыя нясьмела стаялі, чакаючы, калі машыны праедуць.

Цяпер у нас усё больш культурна, і часьцей за ўсё машыны прапускаюць пешаходаў. Але гэта нарадзіла неіснуючы раней тыпаж пешаходаў, якія ідуць на пераход, нават не пагледзеўшы па баках. Пешаход ведае, што мае прыярытэтнае права, ведае, што машыны павінны спыніцца і яго прапусьціць – таму ідзе. Ідзе, паўтаруся, часам нават не пагледзеўшы “спачатку налева, потым направа”, як гэта вучылі ў школе. Ідзе, бо сьвята ўпэўнены ў сваім праве ісьці на пешаходным пераходзе. У некаторых проста на твары напісана – “да, я не гляджу на дарогу, я не паглядзеў па баках, бо ведаю, што машыны мяне павінны прапусьціць”.

Я часам гляджу на такіх і думаю – “калі цябе саб’е машына – табе будзе вельмі важна, што ты меў рацыю?” На ўваходзе ў райскія брамы ты будзеш зацята даказваць сьвятому Пятру, што ішоў па правілах? Ім не прыходзіць у галаву, што кіроўца можа спаць, быць п’яным, гаварыць па тэлефоне ці пісаць гэты пост у Фэйсбук? Ім што важней – уласная здароўе і жыцьцё альбо ўласная правата ў правілах дарожнага руху?

Ды ладна дарогі. Як вы разумееце, я б не пісаў гэты пост, каб ён тычыўся толькі пешаходаў) Проста зараз усё часьцей сустракаюцца людзі, якія даказваюць, што ў жыцьці зусім ня трэба “паглядзіце налева, паглядзіце направа” – то бок, думаць пра наступствы сваіх крокаў.

“Я маю права адзець кароткую спадніцу, і пайсьці ўначы ў цёмны парк”, “Я маю права прыйсьці на хрысьціянскую малітву і даказваць прысутным, што Бога няма”. “Да, я хам і ўсіх абражаю, але я маю на гэта поўнае права”.Канешне, вы маеце на гэта права – -калі вас не цікавяць наступствы вашых крокаў) Як сказаў Жванецкі, “вы можете не платить врачу — если вас не интересует результат”))

Ня трэба блытаць “права” са здаровым сэнсам і адэкватнасьцю. Разумееце, ніякі закон не забараняе пукаць за сьвяточным сталом, вы маеце на гэта поўнае права – але навошта гэта рабіць?

Таму — спачатку “Паглядзіце налева, паглядзіце направа”. І толькі калі пераканаецеся, што па дарозе не нясецца грузавік, які можа вас зьбіць – сьмела ідзіце.

https://www.facebook.com/vitali.tsyhankou/posts/1777607085582870

nationalinterestby.net