У Слуцку БНФ арганізаваў мітынг да 97-х ўгодкаў Слуцкага Збройнага Чыну

Двума аўтобусамі прыехалі на Случчыну 60 жыхароў Менска. Яны прывезлі ў тым ліку вялізны бел-чырвона-белы сцяг, пашыты ветэранам нацыянальнага руху Нінай Багінскай.

Наша Ніва - Ягор Хаванскі

Арганізатарам акцыі выступіла Партыя БНФ і яе старшыня Рыгор Кастусёў. Ва ўшанаванні бяруць удзел таксама хрысціянскія дэмакраты і маладафронтаўцы.

Ушанаванне пачалося з сяла Грозаў Капыльскага раёна. Цяпер гэта сонная вёска, а продкі грозаўцаў былі ого-го. У 1920 годзе жыхары Слуцкага павета сфарміравалі Грозаўскі полк войска Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне.

Пасля ўдзельнікі наведалі Семежава і Вызну.

У мітынгу ў Слуцку ўзялі ўдзел каля 100 чалавек. СНа мітынгу выступілі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, намесьнік старшыні партыі Аляксей Янукевіч, сустаршыня БХД Павал Севярынец, лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч, сустаршыня Руху салідарнасьці “Разам” Алена Таўстая, прадстаўніца Руху “За Свабоду” Вольга Быкоўская.

Новыя сябры Маладога Фронту прынялі ўрачыстую прысягу на вернасьць Бацькаўшчыне. Кажа старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

– Мы адзначаем кожны год гэтыя падзеі, каб нашыя нашчадкі не забывалі аб тым, што былі людзі, якія цаной свайго жыцця адстойвалі незалежнасць нашай краіны. І тое, што Беларусь атрымала нарэшце незалежнасць, ёсць і заслуга тых людзей.

Слуцкі збройны чын — гэта ўзброенае паўстанне супраць савецкай улады, якое адбылося ў 1920 годзе. Паўстанцы спрабавалі ўстанавіць уладу Беларускай Народнай Рэспублікі. Паўстаньне адбывалася пры лягістычнай падтрымцы з боку Польшчы і было часткай шырэйшага пляну падтрымкі незалежных дзяржаўных утварэньняў на ўсходніх межах Польшчы.  Гісторыя Слуцкага паўстання замоўчвалася ў савецкія часы.

паводле www.narodny.org, www.nn.by

nationalinterestby.net