Мікалай Статкевіч на службе ружовага сусьветнага глёбалізму

Сайт charter97.org падае прамову Мікалая Статкевіча на пасяджэньні Рады Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу ў Барсэлёне. Прамова цікавая тым, што ў ёй адлюстроўваюцца погляды лідэра Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу і Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі “Народная Грамада”, на, па руску кажучы, “животрепещущие проблемы современности”, чаго ва ўнутрыбеларускім дыскурсе не пачуеш.

Ня доўга думаючы лідэр БНК ад пачатку зараджае сваю зброю левай рыторыкай:

“Сьвет зьмяняецца вельмі хутка. Хуткасьць зьменаў узрастае. Дзяржавы і міждзяржаўныя ўтварэньні не пасьпяваюць за зьменамі. Нацыянальны эгаізм перашкаджае рашэньню актуальных глябальных праблемаў. Кіруючыя эліты ўсё часьцей выкарыстоўваюць страх абывацеляў і зьвяртаюцца да правага папулізму са шкодай для базавых каштоўнасьцяў.”

Трэба задаць пытаньне, а ці не рэалізацыя левых ідэяў у Эўропе прывяла да сёньняшняга крызісу? Ці ня левыя сілы, бяз дай прычыны, жадалі б запусьціць у Эўропу ўсіх мігрантаў, нават ня спраўджваючы, ці яны насамрэч такімі ёсьць? Ці не на паваду ў левых сілаў лібэральныя эліты пайшлі на рэалізацыю гэтых плянаў у Нямеччыне? А ў Францыі да нядаўна пры ўладзе быў сацыяліст Франсуа Алянд, які таксама падтрымліваў палітыку міграцыйнай адкрытасьці.

Далей лідэр БНК прапануе рашэньне:

Рашэньне большасьці глябальных праблемаў патрабуе уцягваньня ўрадаў і глябальных палітычных рашэньняў. Таму надзвычай важным зьяўляецца стварэньне сусьветных аб’яднаньняў нацыянальных палітычных партыяў розных ідэалягічных кірункаў. Такія аб’яднаньні дапамаглі б пераадолець нацыянальны эгаізм дзеля вырашэньня глябальных праблем. Яны маглі б больш шчыльна зьвязаць розныя краіны і народы сваімі агульнымі каштоўнасьцямі. Дапамаглі б зразумець, што ў першую чаргу мы ўсе – зямляне.

Цяжка ўявіць, як на заклік пана Статкевіча раптам пойдуць партыі розных палітычных кірункаў. Сама прапанова патыхае свайго роду “сусьветным урадам”, што адназначна зьяўляецца непрымальным, паколькі ніякі сусьветны ўрад ня ведае, што дакладна патрэбна нашаму краю.

Цяжка таксама ўявіць, што левая рыторыка, якой ахвотна карыстаецца і Аляксандр Лукашэнка можа даць актыўнай частцы беларускага грамадзтва, якая пакутуе ад дзяржаўнай зарэгуляванасьці і ня можа самарэалізавацца ў краіне, што становіцца прычынай кволага эканамічнага росту і адпаведна адсутнасьці новых працоўных месцаў. Кола замкнулася, і ніякія сацыялістычныя рэцэпты не дапамогуць яго разарваць.

Беларусь патрабуе вызваленьня эканомікі і прыватнай ініцыятывы, Беларусь патрабуе прыватнай уласнасьці на зямлю і пашанаваньня правоў прыватнага уласьніка. Тады сюды змогуць прыйсьці інвэстыцыі і зьявяцца новыя прадпрыемствы і месцы працы.

Застрашваньне нацыянальным эгаізмам, з боку Мікалая Статкевіча, гучыць асабліва зьдзекліва ў беларускай сытуацыі, дзе прысутнасьць роднай мовы ў грамадзтве амаль не заўважная, а людзей, якія спрабуюць пашырыць яе ўжываньне, чакае непрабіўны чыноўніцкі мур і зьдзекі зрусіфікаваных суродзічаў.

Падаецца беларуская сацыял-дэмакратыя згубіла арыенціры ў сваёй барацьбе. Замест таго, каб спрыяць умацаваньню нацыянальнай сьвядомасьці, яна клапоціцца аб сусьветных праблемах, якія ў дадзены момант Беларусі не датычаць. Хто перад усім чэрпае карысьць з такой арыентацыі лідэра БНК? Пытаньне рытарычнае.

Натальля Закрэўская

nationalinterestby.net