Анджэйкі ў стылі “Вяртаньне ў СССР” альбо што адбываецца са сьвядомасьцю, калі не адбыўся Нюрнбэрг для камунізму

Ксёндз Аляксандар Улас апублікаваў на сваім фэйсбуку паведамленьне:

Каталіцкая моладзь з Ліды з фарнага Касцёла вырашыла правесці Анджэйкі і нічога бы дзіўнага ў гэтым не было б калі не то, што ім вельмі хочаца вярнуцца ў час былога СССР. Для мяне гэта вельмі дзіўна. Я яшчэ памятаю сам, што значыць быць веруючым у СССР. А дрэсс – код гэта піянеры камсамольцы ці можа вязні? Чакаю вашых каментарыяў адносна аб’явы, якую яны выклалі ў інстаграм!

Даведка: “Анджэйкі/Андрэйкі” – забаўляльная вечарына ў дзень сьвятога Андрэя, 30 лістапада – апошняя вясёлая імпрэза перад пэрыядам Адвэнту – посту чаканьня перад Божым Нараджэньнем.

Мне падаецца, што гэта зусім ня дзіўна. Адкуль маладым людзям ведаць пра рэпрэсіі і ГУЛАГ, пра лёсы каталіцкіх сьвятароў у эпоху камунізму. Вядома вялікую ролю адыгрывае падыход папярэдняга пакаленьня, якое ўжо амаль ня памятае СССР, а пакаленьне бабуль і дзядуль больш узгадвае так званы “дастатак” Брэжнеўскага застою.

Але пытаньне зьявілася і патрабуе адказу. Адказ вельмі просты, камунізм азначае запярэчаньне Бога, той хто зьяўляецца прыхільнікам, асацыюе сябе з ім, альбо проста ўхваляе – ня можа быць каталіком. Камунізм зьнішчыў каля 100 мільёнаў чалавек паводле сацыяльных прыкметаў і забыць пра гэтыя ахвяры можа альбо несьвядомы чалавек альбо чалавек, у якога не ў парадку з розумам.

Несьвядомасьць паходзіць ад таго, што сучасная беларуская дзяржава стварае пазітыўны імідж камунізму, стараецца не зьнішчаць дашчэнту яго прыцягальнасьці, кажа: “Вядома, былі “перагібы на месцах”, але ў цэлым усё было ня так кепска”.

Дык вось было кепска ў цэлым. І ня толькі ў 30-я, але і ў 80-я ХХст., якія я памятаю. Варта нагадаць тыя рэчы, якія маладыя людзі памятаць ня могуць. Дык вось у 80-я выезд за мяжу быў магчымы толькі па спэцыяльным дазволе. У групе, якая выяжджала за мяжу заўжды прысутнічаў супрацоўнік КДБ. Валютна-абменныя апэрацыі былі прычынай распачацьця крымінальнай справы.

Паступіць у ВНУ можна было толькі з пазітыўнай характарыстыкай мясцовай камсамольскай арганізацыі. Кожны верасень студэнты ўсіх ВНУ прымусова вывозіліся на сельгаспрацы. Пасьля сканчэньня ВНУ дзейнічала прымусовае разьмеркаваньне. Тавары ў крамах ня мелі брэндаў, важная была прысутнасьць любога тавару, а большасьць пазіцыяў была недаступнай.

Ідэалягічны кантроль быў паўсюдны. Касьцёлы ва ўсходняй частцы Беларусі ня дзейнічалі, апроч адзінага, адкрытага ў Менску на Кальварыі ў 1980 г. Не было і ніводнага ксяндза ва ўсходняй частцы. Біблія не прадавалася нідзе. Актыўная практыка рэлігіі выклікала падозраньне КДБ. Адбывалася прымусовае ўключэньне ўсіх маладых людзей у камсамольскую альбо піянэрскую арганізацыі.

Арганізацыя імпрэзы, падобнай дадзеным “Анджэйкам” была папросту немажлівай. Таму вяртаньне ў СССР на Анджэйках уявіць немажліва. Гэтага не магло быць увогуле. Варта хіба задумацца перад тым як публічна арганізоўваць падобную імпрэзу. Задумацца дзеля памяці тых каталікоў, якіх з намі ўжо няма, і якія пацярпелі ад камуністычных рэжымаў розных краін.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net