Джані Інфанціна – ЧC-2018 зьменіць успрыняцьцё Расеі ў сьвеце???

Чэмпіянат сьвету па футболе – гэта перад усім вялікая мэдыйная кампанія. Спорту ва ўсім гэтым ужо даўна мала. Лічыцца перад усім тое, што за гульнямі назіраюць мільярды жыхароў плянэты.

Пад маскай спорту можна схаваць многае, паказаць сябе ў добрым сьвятле. У гэтай сувязі сьмешна выглядаюць заявы тыпу “Спорт па-за палітыкай”. Вялікі спорт даўна ў палітыцы, пачынаючы з байкотаў алімпіядаў ХХ ст.

Джані Іфанціна, прэзідэнт ФІФА, на сайце гэтай жа арганізацыі выказаўся наступным чынам:

Мы можам чакаць, што чэмпіянат сьвету ў Расеі зьменіць уяўленьне пра Расею, што склалася. У нас ва ўсіх ёсьць стэрэатыпы, у тым ліку адносна краінаў. Расея – не выключэньне…Я думаю дзякуючы будучаму чэмпіянату сьвету зьменіцца ўспрыняцьцё Расеі ў сьвеце. Сьвет пазнае краіну, якая адкрытая, гасьцінная і дабрадушная.

Але праблема не ў стэрэатыпах. Ёсьць факты, якія пацьвярджаюць, што Расея ня ёсьць добрасуседзкай краінай. Расея актыўна парушае тэрытарыяльную цэласнасьць шэрагу суседніх дзяржаваў. Непасрэдна Грузіі, а пасрэдным чынам Малдовы і Украіны. У публічнай прасторы Расеі распаўсюджваюцца ваяўнічая прапаганда, якая напойвае псэўдаадвагай масу сярэдніх жыхароў Расеі.

Але хіба Джані Інфанціна аб гэтым ня ведае. Мастацтва СССР і Расеі заўжды палягала ў сфэры піару. Як і раней галоўным стэрэатыпам заходніх элітаў аб Расеі была “добрасуседзкая і лагодная Расея”, але апошнім часам, штосьці зламалася і пайшло ня так.

Прапанова знайшла кліента, па добрай цане можам правесьці ў вас чэмпіянат, і тады старыя, вядомыя стэрэатыпы ізноў зоймуць сваё мейсца ў галовах людзей усяго сьвету, якія далёкія ад Расеі.

 

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net / life.ru