Каталіцкі Касцёл у Беларусі праяўляе актыўнасьць. Ці дастатковую? – піша каталіцкі блогер з Параф’янава Кастусь Шыталь

Біскупы Беларусі падтрымалі ініцыятыву каталіцкіх вернікаў усталяваць выхадны дзень для ўшанавання памяці памерлых. Пытанне было абмеркавана на пленарным пасяджэнні епіскапату 21 лістапада.

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і па яе даручэнні адмысловы ліст прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку накіраваў старшыня епіскапату Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Вельмі мяне цешыць тое, што беларускія біскупы ў апошні час сталі больш выразна выказваць перад дзяржавай патрэбы Касцёла. Цяпер ніхто не можа закінуць Касцёлу “маўчанне” і “канфармізм”.

Рэдакцыя: Больш пра адсутнасць маўчання і канфармізму Паньства можа прачытаць тут: Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адважыўся асудзіць бальшавіцкі пераварот, а Касьцёл пашырае сфэру сваёй кампэтэнцыі

Праўда, шмат год падаўлення найменшай крытыкі грамадскай рэчаіснасці, шмат год страху і веры ва ўсемагутнасць дзяржаўнай улады не прайшлі без следу. Мітрапаліт выказваецца іначай, чым раней – але многія ў Касцёле думаюць і выказваюцца па-старому.

Большая смеласць у адносінах з дзяржавай – гэта важная і вялікая перамена. І, адначасова, можа, найменшая, найлягчэйшая з тых перамен, якія неабходныя нашаму Касцёлу.

Застаецца вострым пытанне ментальнасці саміх каталікоў, усведамлення нашай уласнай ролі, адказнасці і місіі ў жыцці Касцёла і грамадства. Пытанне адказнасці за Касцёл, удзелу ў жыцці, служэнні і сведчанні Касцёла. Пытанне адказнасці за грамадства, за культуру, грамадскае жыццё. Мы яшчэ не ўмеем быць адказнымі за свой Касцёл, і за сваё грамадства.

У нас няма, ці знаходзяцца ў зародку многія інструменты, патрэбныя для гэтых мэтаў. Адсутнічаюць культура дыскусіі і механізмы ўнутранай дыскусіі. Амаль адсутнічае зваротная сувязь паміж іерархіяй і свецкімі вернікамі, адсутнічае нармальная камунікацыя з грамадствам. Нерацыянальна пабудаваная парафіяльная структура: на вёсцы адзін святар можа служыць для 100 чалавек, у горадзе – бывае, што адзін на некалькі тысяч.

І для пераменаў не будзе досыць некалькіх прамоваў і зваротаў Мітрапаліта. Было б добра, каб біскупы заклікалі да гэтага, выдалі пастырскі ліст і распрацавалі пастырскія інструкцыі. Гэта быў бы штуршок, а далей – цяжкая праца, якая павінна ісці шмат год і на ўсіх узроўнях Касцёла. І яна яшчэ не пачыналася.

Кастусь Шыталь

nationalinterestby.net