Народзе, мы чакаем твайго слова… – Сяргей Навумчык

Вядомы палітычны дзеяч, журналіст, урэшце палітычны эмігрант Сяргей Навумчык разважае над важнымі для нас пытаньнямі. Як суадносіцца адказнасьць маўклівай большасьці і палітычна актыўных? Пра гэта ў матэрыяле на фэйсбуку Сяргея Навумчыка:

ПРА ЭМІГРАЦЫЮ, І НЯ ТОЛЬКІ Эміграцыя ўспрымаецца ў Беларусі зусім ня так, як у Літве, Латвіі ці ў Чэхіі, дзе былыя эмігранты абіраліся прэзыдэнтамі. Беларусы – не прагаласуюць за прэзыдэнта-эмігранта. Гэта трэба прызнаць як факт.

Але і за адкрывальніка праўды пра нацыянальную трагедыю, ініцыятара Незалежнасьці, прыхільніка беларускай мовы – яны таксама не прагаласавалі (што было б у іншых краінах).

Не галасуюць яны і за іншых, больш «памяркоўных» ці больш «радыкальных», менш беларускамоўных, нават прарасейскіх, за ўсіх хоць колькі-небудзь дэмакратычных. Яны галасуюць толькі за аднаго, і давайце спынімся хлусіць самі сабе, што «у Беларусі няма выбараў». Выбараў як працэсу – так, няма, але пасіўнае маўчаньне народа – таксама выбар. І калі на 27-м годзе Незалежнасьці і 24-ым годзе гэтай улады народ маўчыць – значыць, з большага, ён задаволены такой уладай. Лягічна? Нелягічна?

Незадаволены? Тады – чаму 24 гады маўчыць? Ну, быў “дрэнны” Пазьняк, але былі і “добрыя” Багданкевіч, Ганчарык, Мілінкевіч, Казулін, Лябедзька, Статкевіч, Някляеў, Саньнікаў, Караткевіч — увесь спэктар, выбірай каго хочаш. Ніхто не падабаецца? Адзін толькі падабаецца? Ну, ён і застаецца. Але тады ня трэба скардзіцца — на апазыцыю, на Захад, на НАТА, на надвор’е, на лёс. Тады ўжо – толькі на сябе.

Увогуле, ёсьць межы магчымасьцяў апазыцыі, яна можа зрабіць рэвалюцыю (нацыянальную і дэмакратычную) – але ўтрымаць яе заваёвы можа толькі сам народ. Як казаў Васіль Быкаў, у пачатку 90-ых актывісты БНФ выклаліся напоўніцу, зрабілі нават больш, чым маглі – але далей слова было за народам. БНФ паспрабаваў «праскочыць» праз дзесяцігодзьдзі ў 1992-1993, але народ – не пажадаў. «Гісторыя дала шанец, але народ не скарыстаўся гэтым шанцам» (словы таго ж Быкава, не мае).

Народ у 1994 зрабіў свой выбар, аддаўшы галасы за стаўленіка Расеі (якую ўспрымае «братняй», хаця Масква стагодзьдзямі вынішчала ўсё беларускае), а ў 1995 адмовіўся ад сваёй мовы (менавіта так гадоў праз 200 будуць успрымацца вынікі т.зв. «рэфэрэндуму»: «19 дэпутатаў пратэставалі, але народ – змаўчаў. А паколькі змаўчаў – значыць, пагадзіўся»). І гэта таксама даводзіцца прызнаць як факт.

Ёсьць самая галоўная бяда, якая вылучае беларусаў зь іншых нацый: нізкі ўзровкень нацыянальнай сьвядомасьці. І ў гэтым – корань усіх бедаў.

Яшчэ раз: будучыня Беларусі залежыць выключна ад самога народа. Толькі ад яго. Больш ні ад каго. Значыць – некалькі дзесяцігодзьдзяў росту самасьвядомасьці да ўзроўню сёньняшніх Чэхіі ці Польшчы. У 1992-м думалася, што 200 лет расейскай акупацыі можна выветрыць за 2 гады. Праз 20 гадоў разумею, што трэба – тры разы па 20. Ёсьць працэсы, якія ідуць куды больш павольна, чым нам хацелася б. Тут, як у той прыказцы: нават дзевяць цяжарных жанчын не народзяць за месяц аднаго дзіця.

Дык можа, хопіць абвінавачваць нам адзін аднаго, апазыцыі – журналістаў, журналістам – апазыцыю, а ўсім разам – дыяспару?

nationalinterestby.net