Па-за мовай, мы не славяне, а нашымі продкамі былі балты – як гэта ўплывае на нашу мэнтальнасьць

У пэрыяд Расейскай Імпэрыі і СССР вядомая канцэпцыя аб “трыадзінстве рускага народу”, які меўся складацца з вялікаросаў, беларусаў і маларусаў, не падлягала пераацэнцы. Таксама мала хто сумняваўся ў славянскасьці беларусаў, хаця мова не адзіная прыкмета паходжаньня.

На пачатку трэба вызначыцца, якія фактары ўплываюць на фармаваньне нацыянальнага характару. Тое, што мова ня можа быць адзіным такім фактарам добра сьведчыць і прыклад сёньняшніх беларусаў, якія хаця і ў масе сваёй, размаўляюць па руску, тым ня менш расейцамі не становяцца. Вядома, заняпад беларускай мовы нясе небясьпекі культурнага і палітычнага пляну, але зараз не пра гэта гаворка.

Нацыянальны характар любога народу фармуецца таксама і традыцыямі ды звычаямі, у якія ўключаюцца сьпеўная і танцавальная культура, гаспадарка і кухня, строі і ўпрыгожваньні, дапасаваныя да антрапалягічнага выгляду.

Ніжэй мы спэцыяльна не азначаем ілюстрацыяў, каб паказаць, наколькі цяжка адрозьніць так званы “беларускі” строй ад так званага “літоўскага”:

Справа не датычыць толькі строяў, але і звычаяў. Традыцыі ўшанаваньня памерлых, апісаныя Адамам Міцкевічам у паэме “Дзяды”, народзіны і вясельлі – усё гэта нашая супольная спадчына.

Агульнасьць пацьвярджаецца архэалягічнымі досьледамі, вынікі якіх пачалі разбураць агульнаславянскія міфы. Першапраходцам стаў сьвятой памяці Валянцін Сядоў, расейскі архэоляг, які абгрунтаваў ідэю балцкага субстрату ў этнагенэзе беларусаў.

Валянцін Сядоў

У інтэрвію газэце Літаратура і мастацтва ў 1993 г. Валянцін Сядоў казаў:

– У аспіранцкія гады я працаваў над тэмай «крывічы і саславяне», і мне выпала займацца курганамі. З вынікаў раскопаў у Беларусі і Смаленшчыне відаць, што гэтыя землі адрозніваюцца ад Кіеўшчыны, Ноўгарадчыны, Валыні, Польшчы асобным тыпам упрыгожанняў, якія можна супаставіць са старажытналітоўскімі і старажытналатышскімі тыпамі (нагрудныя, гарлавыя каралі, грыўні на шыю, культавыя змеі).

На падставе археалагічных дадзеных можна сцвярджаць, што ў канцы бронзавага і ў жалезным веку на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора да вярхоўяў Дона, уключаючы ўвесь басейн Акі, і ад Падняпроўя да Кіеўшчыны жылі балты. Спачатку яны паслугоўваліся адзінымі балцкімі гаворкамі. Потым гэты арэал распаўся на тры часткі: Заходнія, Усходнія й Дняпроўскія балты.

З сярэдзіны I тысячагоддзя пачынаецца моцная міграцыя славян. Узнікае пытанне: ці пасунулі славяне балтаў? Курганныя матэрыялы сведчаць, што не. Балты ўдзельнічалі ў этнагенезе гэтых славянскіх плямёнаў, увайшлі ў іх склад, прынялі мову, а дакладней, яе розныя дыялекты.

Балцкія элементы ў Беларусі і Смаленшчыне выяўляюцца найперш у гідраніміцы і дыялекталогіі, а таксама ў палеантрапалогіі. Пасля Беларусь склала аснову Вялікага Княства Літоўскага і такім чынам адасобілася ад пскоўскіх, ноўгарадскіх ды маскоўскіх земляў. І фармаванне беларусаў праходзіла на аснове балцкага субстрату. Археалагічна гэта лёгка прасачыць. (канец цытаты)

Наша мова таксама захавала масу сьведчаньняў у выглядзе балтызмаў кшталту: кішеня, гутарка, вопратка, пуня, сьвіран, балбатун і інш. Усё гэта фармавала мэнтальнасьць нашага народу, якая адрозьніваецца замілаваньнем да парадку, спакою, разважнасьці і адказнасьці.

У сёньняшні час існуе нямала ўплываў і небясьпекаў для разбурэньня гэтага апрычонага сьвету. Дынамізм глябалізацыі вымушае больш хуткую рэакцыю. Тым ня меней трэба старацца і надалей захоўваць наш парадак, які павінен нас адрозьніць ад так званага “рускага міру”.

Казімір Яўнута

nationalinterestby.net