Аляксандар Стральцоў-Карвацкі адказвае Кірылу Рудаму

Нядаўна на сайце Кастрычніцкага эканамічнага форуму, які праходзіў у Менску, былі выкладзены развагі сябра Рады форуму, былога прэзыдэнцкага памочніка ў эканамічных пытаньнях, а цяпер амбасадара Беларусі ў Кітаі Кірыла Рудага.

Мы папрасілі пракамэнтаваць іх намесьніка старшыні Партыі БНФ, выкладчыка Цэнтру бізнэс-адукацыі Унівэрсітэта Казіміра Семяновіча ў Вільні, Аляксандра Стральцова-Карвацкага:

– Перад тым як адносіцца да дыягназу і таго што трэба рабіць паводле пана К. Рудага, я вызначыў бы для сябе і чытачоў тую канцэпцыю, згодна з якой я адважыўся б патлумачыць гэтыя тэзы. У галіне тлумачэньня сусьветных канфліктаў я прытрымліваюся канцэпцыяў і працаў, якія дапаўняюць адна адну, а менавіта тэорыі Арнольда Тойнбі “Аб лякальных цывілізацыях” і працы Самуэля Ханцінгтана “Аб сутыкненьні цывілізацыяў”. Трэба адзначыць, што выдатным папярэднікам двух згаданых навукоўцаў быў польскі міжваенны філёзаф Фэлікс Канэчны, які выпрацаваў уласную клясыфікацыю лякальных цывілізацыяў.

Абодва англасаксонскія дасьледчыкі залічаюць Беларусь да праваслаўнай цывілізацыі, з той толькі розьніцай, што Ханцінгтан называе гэтую лякальную цывілізацыю “праваслаўнай”, а Тойнбі “рускай праваслаўнай”, што зьвязана таксама з тым, што колькасьць клясыфікаваных цывілізацыяў у Тойнбі значна большая.

Абодва дасьледчыкі хутчэй за ўсё не надавалі Беларусі нейкага спэцыяльнага значэньня, бо з глябальнага пункту гледжаньня ня так важна, дзе праходзіць мяжа цывілізацыяў – на Бугу, каля Стоўбцаў, ці ля Смаленска. Але д’ябал як вядома крыецца ў дэталях, асабліва, калі для нас – жыхароў гэтага краю – гэтыя дэталі вельмі істотныя і фактычна вызначаюць наш гістарычны лёс.

З далёкіх Злучаных Штатаў і бліжэйшай Англіі ня надта бачыцца, што насамрэч цывілізацыйны разлом праходзіць праз саму Беларусь. Так, сёньня ў ёй дамінуе тое, што яны называлі “праваслаўнай цывілізацыяй”, але па-перш, так было не заўжды, а па-другое, у Беларусі, усё яшчэ жывы заходні цывілізацыйны чыньнік.

Зьвернемся да тэзаў пана К. Рудага. Паводле Кірыла Рудага, у аснове рашэньняў і паводзінаў у эканоміцы Беларусі ляжаць наступныя правілы:​

№ 1. Хачу не як лепш усім, а хачу сам

Беларусы разьяднаныя. Збоку мы больш падобныя не на грамадзтва, а на сукупнасьць разьяднаных адзінак, якіх аб’ядноўвае не агульнасьць каштоўнасьцяў, а дзяржаўнасьць. Таму і эканоміка знаходзіцца ў пастаянным кантакце зь дзяржавай і не ўяўляе ні іншага жыцьця, ні іншых партнэраў.

Вядома мы раз’яднаныя, бо тут праходзіць цывілізацыйны разлом. Нягледзячы на тое, што многія закрываюць на гэта вочы, маўляў розьніцы паміж Заходняй і Ўсходняй Беларусьсю ўжо даўна не відаць. Пытаньне ў тым, што разлом не ідзе дакладна і чыста гэаграфічна. Можна сустрэць прадстаўніка заходняй цывілізацыі ў Магілеве, як і “рускаміраўца” у Горадні. Тым ня меней разлом існуе, ён праяўляецца ў мэнтальнасьці і эканамічных паводзінах грамадзян. І калі мы жадаем будаваць “капіталістычную эканоміку”, як жадае пан Руды, мы павінны гэты разлом зьліквідаваць, і вядома на карысьць якой цывілізацыі – заходняй.

№ 2. Не як лепш, а каб не было горш

Беларусы палахлівыя. Мы схільныя да страху і менш схільныя да рызыкі. Таму і праблемам у эканоміцы заўсёды ёсьць апраўданьне — «магло быць і горш».

№ 3. Хачу хутка

Беларусы псэўдаактыўныя. Мы арыентаваныя на хуткія рашэньні, сатысфакцыю агляднымі рэчамі і кароткатэрміновае плянаваньне.

Трэба патлумачыць адкуль бярэцца страх і да чаго прыводзіць страх. Страх бярэцца ад таго, што мяне могуць падмануць. Хто можа падмануць? Падмануць можа такі ж жыхар Беларусі, які не прытрымліваецца ўласьцівых мне культурных нормаў. Хто ён? Я ня ведаю хто ён дакладна, але ім можа быць кожны, мы ж не пачынаем прадстаўляць сябе ад нашых поглядаў на рэлігію і цывілізацыю.

Страх у эканамічных адносінах прыводзіць да высокіх транзаакцыйных выдаткаў – выдаткаў на захаваньне сваіх правоў у сыстэме права, гарантыяў рэалізацыі транзакцыяў і г.д. Неверагодны беларускі страх прыводзіць да неверагодных транзакцыйных выдаткаў. Вось чаму мы становімся найдаражэйшай краінай у рэгіёне. Як зьнішчыць страх? Набыць цывілізацыйнае адзінства – адзіныя нормы культуры. Засыпаць цывілізацыйны разлом на карысьць заходняй цывілізацыі.

Прыняцьцё рашэньняў. Тут пан К. Руды вызначае наступнае:

№ 1. Двоедумства

Нявызначанасьць прыналежнасьці беларусаў да расейскага ці заходняга сьвету, да камунізму ці капіталізму, да дзяржавы ці рынку расшчапляе такія грамадзкія арыентыры, як эмацыянальнасьць/стрыманасьць, індывідуалізм/ калектывізм, лібэралізм/кансэрватызм, дырыжызм/аўтарытарызм (як форма патэрналізму).

Тут можна толькі пагадзіцца, менавіта пра гэта я ўзгадваю вышэй. Цывілізацыйная нявызначанасьць прыводзіць да таго, што мы ня ведаем што нам рабіць у эканоміцы і з эканомікай.

№ 2. Арыентацыя на савецкае мінулае

Для большасьці беларусаў гістарычная каштоўнасьць абмежаваная савецкім перыядам: Вялікая Айчынная вайна, аварыя на ЧАЭС, распад СССР.

№ 3. Патэрналізм

Патэрналізм таксама ўмацоўваецца арыентацыяй на савецкае мінулае з выдаленым цэнтрам прыняцьця рашэньняў, пошукам краіны-апоры, ідэалізацыяй ролі асобы. Усё гэта фармуе стаўленьне да ўласнасьці, адказнасьці, ініцыятывы, кантролю.

З патэрналізмам усё зразумела, гэта адна са сталых рысаў праваслаўнай цывілізацыі. Савецкае мінулае больш цікавы выпадак, бо дасьледчыкі разыходзяцца адносна таго, ці СССР быў натуральным працягам Расейскай Імпэрыі, альбо не. Тойнбі лічыў, гэта быў адказ Эўразіі на спробу азаходніць Расею, а значыць СССР быў хутчэй не працягам Расейскай Імпэрыі, але Маскоўскай Дзяржавы. У любым выпадку зараз спадчына СССР уваходзіць у “каталёг каштоўнасьцяў” прыхільнікаў “Рускага міру” і павінен разглядацца як частка “праваслаўнай цывілізацыі”, як бы дзіўна гэта не гучала.

Што рабіць? Пан Руды вызначае гэта наступным чынам:

Якая грамадзкія характарыстыкі могуць зьмяніць правілы паводзінаў у эканоміцы, сфармаваць агульнасьць, схільнасьць да рызыкі, доўгатэрміновае плянаваньне, «уключыць» рацыянальныя законы і вывесьці эканоміку на агульнасусьветныя магістралі «ста гадоў росту»?

№ 1. Пэўнасьць

Трэба вызначыць пазыцыю на мінулае, сучаснасьць і будучыню з агульным выбарам: камунізм або капіталізм, дзяржаўная ўласнасьць або прыватная, дырыжызм або рынак. У гэтым можа дапамагчы адназначнае разуменьне, што няма іншай эканомікі, акрамя ўсясьветнай, няма іншага вопыту, акрамя ўсясьветнага, іншай навукі, акрамя ўсясьветнай, іншых каштоўнасьцяў, акрамя ўнівэрсальных.

Тут пан амбасадар пачынае пярэчыць сам сабе. З аднаго боку ёсьць заклік “вызначыць пазыцыю”, з іншага адкліканьне да нейкіх унівэрсальных каштоўнасьцяў. Уся папярэдняя частка яго эсэ даводзіла, што ёсьць розьніца паміж заходняй і праваслаўнай цывілізацыямі, і раптам ізноў “унівэрсальныя каштоўнасьці”. Трэба ўрэшце сказаць, што ніякіх унівэрсальных каштоўнасьцяў не існуе ў прыродзе. І калі мы хочам выбраць капіталізм замест камунізму і прыватную ўласнасьць замест дзяржаўнай, то мы мусім стаць на адпаведным цывілізацыйным груньце.

Наступнае, што было акрэсьлена як “самастойнасьць” і “апора на ўласныя сілы” ізноў жа характарыстыкі, якія належаць заходняй цывілізацыі, пачынаючы ад эпохі сярэднявечча, заканчваючы адкрывальнікамі Амэрыкі і жыхарамі “Дзікага Захаду”.

nationalinterestby.net