Станіслаў Чаропка: 1812 год. Адроджаная армія ВКЛ у змаганні супраць Расеі

Франка-расійская вайна 1812 г. стала, як і многія папярэднія войны ў нашай гісторыі, надзвычай неадназначнай з’явай. Частка жыхароў Беларусі, многія з якіх нарадзіліся яшчэ ў ВКЛ, прагнулі адраджэння Рэчы Паспалітай (РП), неад’емнай часткай якой яны лічылі і беларускія землі ВКЛ. Асабліва актуальным гэта пытанне стала пасля ўтварэння на захопленых прусакамі і аўстрыйцамі падчас трэцяга падзелу землях РП Варшаўскага княства.

У патрыятычна настроеных колах былой Кароны і ВКЛ узнікла надзея на адраджэнне польска-літоўскай дзяржавы, многія шляхціцы з Літвы і Беларусі ўцякалі ў адроджаную Польшчу. Шмат былых афіцэраў ВКЛ далучыліся да арміі Варшаўскага княства, сярод якіх былі генерал М. Грабоўскі, генерал М. Радзівіл, К. Чартарыйскі, Д.І. Радзівіл. Многія з іх яшчэ ў 1792 г. абаранялі РП ад расійскіх войск, затым былі ўдзельнікамі паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. Іншая частка палітычнай эліты былога ВКЛ, якая знаходзілася на падкантрольных Расіі беларускіх землях, распрацавала праект стварэння аўтаномнага ВКЛ у складзе Расіі, але гэтая ідэя не ажыццявілася.

Грамадска-палітычнае жыццё віравала, таму няма нічога дзіўнага, што з пачаткам франка-расійскай вайны 1812 г. значная шляхта палітычнай эліты былога ВКЛ у спадзяванні на адраджэнне айчыны падтрымала Напалеона.

1 ліпеня 1812 г. французскі імператар падпісаў дэкрэт аб стварэнні Камісіі часовага ўрада ВКЛ, фактычна пачаўся працэс аднаўлення дзяржаўнасці ВКЛ. Як у выпадку з Варшаўскім княствам, у склад ВКЛ пераважна увайшлі тэрыторыі, захопленыя Расіяй падчас другога і трэцяга падзелаў РП. Камісія часовага ўрада станавілася вышэйшым органам цывільнага дзяржаўнага кіравання на тэрыторыі пераўтвораных у дэпартаменты былых Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губерній і Беластоцкай акругі. Яна складалася з сямі камітэтаў, кожны з якіх каардынаваў пэўны від дзейнасці. Адным камітэтаў з’яўляўся Ваенны камітэт, які ўзначаліў А. Сапега.

Пасля прызначэння 8 ліпеня ваенным губернатарам Літвы Д. Гагендорпа, паміж кіраўніком Ваеннага камітэта і новым губернатарам пачаліся супярэчнасці, у выніку якіх А. Сапега падаў у адстаўку, а яго на гэтай пасадзе замяніў генерал С. Грабоўскі.

5 ліпеня, падчас уступлення ў Вільню, Напалеон абвясціў аб стварэнні 3 гвардзейскага легкаконнага палка, які часцей называўся 3 Літоўскім палком уланаў Імператарскай гвардыі. Полк камплектаваўся валанцёрамі шляхецкага паходжання, а таксама студэнтамі Віленскага ўніверсітэта, ён павінен быў складацца з 5 эскадронаў па 2 роты ў кожным і налічваць 1280 чалавек. Камандзірам палка быў прызначаны брыгадны генерал Я. Канопка.

Асабіста для імператара была сфарміравана Пачэсная гвардыя пад камандаваннем Г. Агінскага, якая складалася з маладых прадстаўнікоў найбольш знатных магнацкіх фамілій ВКЛ. Членам гэтай гвардыі стаў брыгадны генерал арміі ВКЛ, ад’ютант пры імператарскім штабе Ю.А. Касакоўскі, ветэран вайны 1792 г. і паўстання1794 г.

Каля 10 ліпеня было вырашана стварыць армію ВКЛ у складзе 5 пяхотных і 4 кавалерыйскіх палкоў. Галоўнай мэтай гэтага войска з’яўлялася ахова шляхоў камунікацый на тэрыторыі дэпартаментаў ВКЛ ад рэйдаў расійскай арміі.

Камплектацыя палкоў ВКЛ адрознівалася ад падраздзяленняў Варшаўскага княства. Кожны пяхотны полк мусіў складацца з 3 батальёнаў па 6 рот у кожным, у т.л. 4 роты фузілёрскіх, па адной грэнадзёрскай і вальтыжэрскай. Штатны склад палка налічваў 66 афіцэраў і 2010 падафіцэраў і шараговых. Кавалерыйскі полк мусіў складацца з 4 эскадронаў па 2 роты кожным і налічваць 981 жаўнера.

Такім чынам, паводле планаў агулам войска ВКЛ павінна было налічваць 14 304 вайскоўца, з якіх у пяхоце – 330 афіцэраў і 10050 падафіцэраў і шараговых, у кавалерыі 168 афіцэраў і 3756 падафіцэраў і шараговых. На ўзбраенне арміі ВКЛ планавалася выдзеліць 1998 карабінаў і 867 шабель для кожнага пяхотнага палка. На ўзбраенне коннага палка планавалася выдзеліць па 939 шабель, пік і пар пісталетаў.

Палкі арміі ВКЛ атрымалі нумары, якія працягвалі нумарацыю падраздзяленняў узброеных сіл Варшаўскага княства, г.зн. у пяхоце – з 18 па 22, у кавалерыі – з 17 па 20. Пры гэтым войска ВКЛ не з’яўлялася часткаю польскай арміі, па лініі ваеннага кіравання арміяй.

ВКЛ падпарадкоўвалася ўласнаму штабу, які быў звязаны непасрэдна з Галоўным штабам “Вялікай арміі”. Па адміністрацыйнай лініі яна падпарадкоўвалася Ваеннаму камітэту. Выключэнне складаў 3 легкаконны полк Я. Канопкі, які арганізацыйна ўваходзіў у склад гвардзейскіх падраздзяленняў французскай арміі.

У канцы жніўня паўстала генеральная інспекцыя арміі ВКЛ. Інспекцыя не была органам камандавання літоўскіх войск, а мэтай яе існавання з’яўлялася дапамога ў арганізацыі арміі. Фармальна інспекцыя падпарадкоўвалася Ваеннаму камітэту, але ў рэальнасці, дзякуючы асабістым сувязям генерала Р. Гедройца, супрацоўнічала з генерал-губернатарам Д. Гогендорпам. Генерал-інспектарам арміі ВКЛ стаў кадравы афіцэр арміі ВКЛ дывізійны генерал князь Рамуальд Гедройц.

Праца па стварэнні войска пачалася ўжо з першых дзён ліпеня. 25 ліпеня Ваенны камітэт прыняў пастанову аб наборы з 5 па 30 жніўня на шасцігадовую службу ў пяхоце 10 тысяч кантаністаў з мужчын ва ўзросце 17-34 гадоў. У Віленскім і Мінскім дэпартаментах планавалася сабраць па 3000 чалавек, у Гродзенскім – 2500 чалавек, у Беластоцкім – 1500 чалавек.

Загадам ад 13 жніўня вызначаўся прызыў кавалерыстаў. Кожны дэпартамент выстаўляў пэўную колькасць жаўнераў, забяспечыўшы іх коньмі ва ўзросце ад 5 да 8 гадоў, або заплаціўшы 500 злотых замест каня. У выніку праведзенага набору было сфарміравана амаль 6 пяхотных палкоў.

Апрача гэтых падраздзяленняў па 500 кантаністаў з ВКЛ былі прызваны ў 129 лінейны і 2 ілірыйскі палкі французскай арміі. Таксама 8 полк уланаў Варшаўскага княства Д. Радзівіла складаўся ў асноўным з выхадцаў з Беларусі і Літвы. 24 жніўня было вырашана ўтварыць дадаткова 6 стралецкіх (егерскіх) батальёнаў па 6 рот.

На пачатку жніўня французская адміністрацыя, улічваючы патрыятычны ўздым у ВКЛ, прапанавала імператару павялічыць ваенныя сілы ВКЛ за кошт фарміравання дабраахвотных падраздзяленняў. З ініцыятывай фарміравання новых палкоў выступіў сябра Ваеннага камітэту, колішні ад’ютант славутага Я. Ясінскага А. Пацей.

Ён ахвяраваў каля 180 тыс. злотых на фарміраванне 23 пяхотнага палка, які пачаў збірацца ў Мінску. За свой кошт пачаў фарміраванне кавалерыйскага палка Ігнат Манюшка, які атрымаў назву 21 полк конных стралкоў. Рэальна 21 полк пачаў фарміравацца толькі ў кастрычніку, таму укамлектавацца цалкам ён не меў магчымасці. Быў сфарміраваны толькі 1 эскадрон, які налічваў 10 афіцэраў і 258 падафіцэраў і шарагоўцаў.

1 ліпеня 1812 г. Камісія часовага ўрада абвясціла аб стварэнні нацыянальнай гвардыі ў цэнтрах дэпартаментаў і ў гарадах з магдэбургскім правам. Гвардыя прызначалася для аховы межаў ВКЛ, падтрымкі парадку, аховы грамадскай і прыватнай маёмасці, казны дэпартаментаў, а таксама важных ваенных аб’ектаў. Камандзірам віленскай гвардыі прызначаўся палкоўнік Казельскі, яе штаты выглядалі наступным чынам. Планавалася стварыць 2 батальёны па 6 рот у кожным. Яна прызначалася для паліцэйскай службы, барацьбы з бандытызмам і марадзёрствам, аказання ўзброенай дапамогі органам улады.

Узорам для ўніформы ваяроў арміі ВКЛ былі строі арміі Варшаўскага княства. 3 легкаконны полк насіў форму падобную да формы жаўнераў 1 гвардзейскага ўланскага палка Варшаўскага княства. Яны мелі сінія курткі з малінавым каўнерам, белымі лацканамі і абшлагам. На дзізе быў замацаваны малінава-белы сцяжок. Пехацінцы былі апрануты ў сінюю куртку, белыя летам або сінія зімой штаны. Уланы былі абмундзіраваны ў сінія штаны і куртку і чорнага колеру рагатыўку з белаю бляхаю, на якой, як і ў пехацінцаў, была выява “Пагоні”. Стральцы былі апрануты ў зялёную сермягу, суконныя штаны, скураныя боты і шапку. Узбраенне складалася з сякеры і стрэльбы.

Уніформа жандараў складалася з сініх штаноў і мундзіра, чорнага ківера і сіняга плашча. Войскі ВКЛ адыгралі далёка не галоўную ролю у франка-рускай вайне 1812 года, але статыстамі яны таксама не былі. Многія падраздзяленні актыўна ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях.

20 кастрычніка 1812 г. адбыўся першы буйны бой паміж падраздзяленнямі войск ВКЛ і Расіі. Пад Слонімам сустрэліся 3 лёгкаконны полк Я. Канопкі і былога афіцэра арміі ВКЛ, а цяпер расійскага генерала Я. Чапліца. У ходзе боя значная частка асабістага складу палка была знішчана, 247 чалавек, у тым ліку і сам палкоўнік трапілі ў палон.

Раніцой 18 лістапада літоўскія войскі былі атакаваны пераўзыходзячымі сіламі расійскай арміі пад камандаваннем генерала Ламберта. У выніку боя атрад Касецкага пацярпеў паражэнне, каля 2 тысяч ваяроў патрапілі да няволі, астатнія адышлі да Мінска.

21 лістапада пад Барысавам у бой уступілі 1 стралецкі полк. У перыяд з 26 па 28 лістапада адбылася найбольш трагічныя для французскай арміі падзеі. Падчас бітвы каля Студзёнкі – 18, 19, 20 уланскія палкі прыкрывалі пераправу. 18 уланскі полк адным з першых пераправіўся на правы бераг Бярэзіны. Пасля бітвы каля Студзёнкі асабісты склад 20 уланскага палка напалову зменшыўся.

У Бярэзінскай бітве ўдзельнічаў і 22 пяхотны полк С. Чапскага і мінскія жандары. 28 лістапада пад Студзёнкай у бой уступіў ужо “абстраляны” пад Барысавам 1 стралецкі полк Касакоўскага. 28 лістапада мінскі губернатар генерал Бранікоўскі вывеў з горада рэшткі войска, сярод якіх была часткі 1 стралецкага палка, 22, 23 пяхотных, 18 і 20 уланскіх палкоў.

Падчас вайны 1812 г. апошні раз было склікана паспалітае рушанне. Пасля Бярэзінскай катастрофы Напалеон даў згоду на скліканне паспалітага рушання ВКЛ. Ініцыятыва была несваечасовая, бо пасля Бярэзінскай катастрофы, ва ўмовах, калі расійскія войскі кантралявалі большасць дыстрыктаў ВКЛ, збор рушання быў малаверагодным.

10 снежня актыўны ўдзел у абароне Вільні ад расійскіх войск прыняла пяхота, кавалерыя, жандармерыя, нацыянальная гвардыя, 3 стралецкі батальён. У выніку баёў за сталіцу амаль поўнасцю быў знішчаны татарскі эскадрон. Пасля выцяснення французскіх войск з беларускіх зямель падраздзяленні арміі ВКЛ адступілі на захад.

18, 20, 21 і рэшткі 22 палка сканцэнтраваліся ў Варшаве. Туды ж накіроўваліся 18 і 20 уланскія палкі, конна-артылерыйская рота, конна-стралецкі эскадрон, 4 стралецкі батальён, падраздзяленні жандараў і нацыянальных гвардзейцаў. Да Кёнігсбергу адышлі 17 і 19 уланскія палкі пад агульным камандаваннем К. Раецкага. Сюды ж падышлі 19 пяхотны полк, рэшткі 1 стралецкага палка, 3 стралецкі батальён.

Хуткім часам пяхота была накіравана да Варшавы для ўмацавання крэпасці Модлін. У Гданьску замацаваліся 20 уланскі полк, які быў уключаны ў склад 9 уланскага палка Варшаўскага герцагства; эскадрон І. Манюшкі быў злучаны з 5 польскім палком конных стральцоў. 17 і 19 уланскія палкі з Кёнігсберга адышлі далей на захад і ў наступным прымалі ўдзел у баях у Германіі.

З 17 лютага па 25 снежня 1813 г. гарнізон Модліна колькасцю каля 5 тыс. жаўнераў вытрымаў асаду расійскіх войскаў, якія па колькасці пераўзыходзілі абаронцаў у 10 разоў. Крэпасць была здадзена расійскім вайскам толькі тады, калі саюзнікі ўступілі на тэрыторыю Францыі, а страты гарнізона склалі амаль 50%.

Ваяры арміі ВКЛ змагаліся ўпарта і самааддана. Многія з іх у 1812-1813 гг. атрымалі вышэйшыя ваенныя ўзнагароды РП і Францыі. Так, камандзір 22 пяхотнага палка С. Чапскі пасля бітвы каля Бярэзіны ў 1812 г. стаў кавалерам ордэна Virtuti Militari, а ў 1813 г. атрымаў ордэн Пачэснага Легіёна. Камандзір 1 стралецкага палка Ю. Касакоўскі пасля ўдзелу ў абароне Шпандаў і ў 1813 г. таксама стаў кавалерам ордэна Пачэснага Легіёна. Лёс войска ВКЛ аказаўся не настолькі трагічным, як гэтага можна было чакаць.

24 сакавіка 1814 г. Аляксандр I прыняў групу магнатаў і шляхты былой РП і дараваў ім падтрымку Напалеона. 17 красавіка 1814 г. у Сен-Дэні Аляксандр I прымаў парад польскага корпуса, у якім сярод іншых былі рэшткі 20 уланскага палка. У наступным гэты корпус увайшоў у склад арміі Каралеўства Польскага.

29 верасня 1814 г. польскія войскі ганарова ўвайшлі ў Варшаву, трохі пазней да іх далучыўся 17 уланскі полк. Пасля таго як у 1818 г. скончыўся 6-гадовы тэрмін службы жаўнеры апошняга войска ВКЛ вярнуліся да дому. Многія з афіцэраў войска ВКЛ у далейшым працягнулі службу ў арміі Каралеўства Польскага, як аўтаномнага дзяржаўнага ўтварэння ў складзе Расійскай імперыі.

Нягледзячы на тое, што сваёй барацьбой у перыяд з 1795 да 1814 г. патрыятычна настроеная шляхта Рэчы Паспалітай шмат чаго дамаглася – аўтаномнага статуса для Польшчы, увядзенне Канстытуцыі і г.д., але мараў аб адраджэнні страчанай у 1795 г. Айчыны многія не пазбавіліся. Калі ў 1830 г. распачалося Лістападаўскае паўстанне шмат хто з афіцэраў войска ВКЛ сталі пад штандары незалежнасці. Ф.К. Несялоўскі, К.Д. Пшэздзецкі, А. Гелгуд, С. Чапскі ўпарта змагаліся ў шэрагах інсургентаў за адраджэнне першай Рэчы Паспалітай, звязываючы будучыню нашых земляў з гэтай краінай.

Станіслаў Чаропка

Паводле: https://pieramoha.org/artykuly/stanislau-czaropka-1812-hod-adrodzhanaja-armija-vkl-u-zmahanni-suprac-rasiei

nationalinterestby.net