Рамантычна пра масты, альбо цікава пра турызм – піша блёгэр Вольга Дзядзічкіна

Рамантычныя, стракатыя архітэктурныя масты – гэта НЕ пра ваш Мінск, сказаў мне сёньня знаёмы турыст. Спрачацца я з ім ня стала. Толькі быў нейкі жаль, што такі супэрскі сымбаль кіна і літаратуры, як мост, слаба ў нашай сталіцы прадстаўлены, на погляд некаторых турыстаў. Ідэя маста перасьледуе мяне увесь апошні месяц.

Нядаўна ў Польшчы, я ўзгадала сваю любімую ўнівэрсітэцкую выкладчыцу Тацьцяну Шамякіну, якая распавядала, што мост, як мэтафара, – гэта заўжды пераход з аднаго стану ў іншы. Убачыўшы гэтыя масты ў сярод лясоў паўночна-усходняй Польшчы, я падумала, што мост вельмі ўнівэрсальны вобраз – ён можа быць сымбалям, як безвыходнасьці, так і надзеі.

А яшчэ гэтыя масты, як тунэль у часе, ім больш за сто год. Рамантыка ў паветры. Іх будавалі немцы, тады гэтая тэрыторыя належала ім, Усходняя Прусія. Масты преажылі дзьве вайны – першую і другую сусьветныя, але дагэтуль панарамы, якія адкрываюцца воку, здольныя прыпыніць час і рэанімаваць стомленыя мазгі.

Зараз тут не пачуеш грукат цягніка (так, сто год таму па мастах бегла чыгунка), віадукты закрытыя для транспарту і аддадзены на выкарыстаньне турыстам, якіх увогуле і ня так каб было дужа.

Пры гэтым спакой на вось гэтым віадукце – гэта ня тая “райская асалода” з рэклямы чакаляды. Вышыня 36 мэтраў неяк цярэбіць сьпячыя рэзэрвы арганізму. Шпацыруючы па віадуктах, я думала аб тым, як часам “спальваюць масты”, каб не было дарогі назад, і ў памяці ўсплыла цытата: “Цяжэй за ўсё ў жыцьці зразумець, які мост трэба перайсьці, а які спаліць. У Новым Годзе дакладна пажадаю сабе спаліць у сваім жыцьці ўсе “правільныя масты” і пабудаваць неабходныя новыя!🙂

А яшчэ сёньня ў банку круціла ў рукох банкноту эўра і вока, так, зачапілася за выявы розных мастоў на іх. Клясычны сымбаль, падумала – на банкнотах масты, што злучаюць народы Эўропы і зьвязваюць Эўропу з астатнім сьветам.

Дарэчы, зусім нядаўна даведалася, што ў перакладзе з лаціны – Пантыфік (pontifex), іншая назва Папы Рымскага, у літаральным сэнсе “будаўнічы мастоў”. Вось якая добрая прафэсія ў чалавека – масты наводзіць!

Вольга Дзядзічкіна

Паказаныя ў матэрыяле месцы гэта: Віадукты Ромніцкай Пушчы

nationalinterestby.net