Група Марзалюка ў калідорах улады – піша Валер Булгакаў

Валер Булгакаў фактычна зрабіў кароткі аналіз узмацьненьня групы дэпутата Марзалюка з Магілеўшчыны ў калідорах беларускай улады. І напісаў, таксама, што яго тэкст не зацікавіў Нашу Ніву. Не зацікавіў Наша Ніву – тае бяды: “баба з возу, каню лягчэй”. Адно заўважым, што Наша Ніва імкліва зьбірае вакол сябе глямурных дэгэнэратаў, якія радуюцца танным сэнсацыям і плёткам. Нацыянальны Інтарэс – гэта сур’ёзнае мэдыюм, якое займаецца важнымі пытаньнямі, таму і зьмяшчаем тэкст пана Валерага, бо ён нам здаецца вельмі цікавым.

Учора прагаварыў гэта ў камэнтары Зьмітру Панкаўцу, але НН гэта не зацікавіла.
Прызначэньне Ірыны Кітуркі рэктарам Гарадзенскага ўнівэрсытэту, Дзяніса Дука – Магілёўскага, роўна як і ратацыя Андрэя Караля на пасаду рэктара БДУ — гэта яўны сымптом узмацненьня лабісцкага патэцыялу групы Ігара Марзалюка, які, па чутках, на кароткай назе зь Віктарам Лукашэнкам.

Ірына Кітурка, новы рэктар Гарадзенскага Унівэрсітэту

І Дук, і астатнія героі навін здаўна былі знаёмыя з Марзалюком, таму ёсьць падставы меркаваць, што яны складаюць яго кліентэлю. Ёсьць і іншыя знакі ўзвышэньня Ігара Марзалюка: Лукашэнка 16 лістапада зацьвердзіў указ «Аб міжведамаснай камісіі па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры», куды ўвайшоў Марзалюк, а не ўвайшоў топавы афіцыйны ньюсмэйкер Генадзь Давыдзька.

Дзяніс Дук – новы рэктар Магілеўскага Унівэрсітэту

У выпадку з Дукам і Кітуркай кідаецца таксама на вочы тэндэнцыя, якая была заўважная і раней, але цяпер становіцца больш выразнай. Як і выпадку зь Дзермантам, Шпакоўскім і іжэ зь німі: для ўлады цяпер факт прыналежнасьці новасьпечанага функцыянера да незалежніцкай субкультуры 1990-2000-х цяпер ня мінус, а адназначны плюс. Гэта значыць, асабліва цэняцца выпадкі, калі мясцовыя інтэлектуалы, якія
ў сваім часе не баяліся засьведчыць сваю прысутнасьць у прасторах, альтэрнатыўнай афіцыйнай, нарэшце “празерылі”, г.зн. усьвядомілі правільнасьць выбару нашага народу ў 1994 г, яго гістарычную непазьбежнасьць і веліч дасягненьняў беларускай дзяржавы за апошнія 20 гадоў. 

А нам што з гэтага? Магчыма, гэта варта ўспрымаць як мяккую спробу ажыцьцяўленьня новай культурнай і гістарычнай палітыкі ў сытуацыі “посткрымскага сындрому” і абумоўленых ім геапалітычных дрэйфаў.

Гэта можа адкрываць новыя вокны для легальнай дзейнасьці ў краіне, зьмяншаць русіфікацыйны шал у паасобных унівэрсытэтах. Нягледзячы на ўсё, мяне цешыць, што і Кітурка, і Дук — гэта прафэсіяналы.

Што да палітычных пэрспэктыў самога Марзалюка, то пакуль прагнозы рабіць ранавата. За гэтымі кадравымі перастаноўкамі, безумоўна, крыецца ўжо цяпер наяўны палітычны патэнцыял і безумоўныя палітычныя амбіцыі.

Але што кіруе гэтым чалавекам — спроба мякка ўплываць на бягучую палітыку і галіне адукацыі і культуры, ці такі нешта большае — застаецца няясна. Карацей, запасаемся поп-корнам і чакаем далейшых навін.

nationalinterestby.net