Каму служыць Навукова-метадычная рада па пытаннях спадчыны? – піша Антон Астаповіч

Пан Антон Астаповіч, беларускі гісторык-этнолаг і культуролаг і старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, піша на фэйсбуку (на лінку больш здымкаў з тлумачэннем) аб тым, якімі мэтадамі “працуе” так званая “Беларуская Рэспубліканская Навукова-метадычная рада  гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры”.

Пад час распрацоўкі праекта датычна гатэля “Манастырскі”, у былых мінскіх бернардынскіх мурах, засунулі мы нос куды не трэба. У сэнсе, выявілі безліч “касякоў” у праектнай дакументацыі, якія проста адмоўна ўплывалі на захаванне аўтэнтыкі. Было бачна, што ў Мінскпраекце, які распрацоўваў працоўную дакументацыю мазгі ніхто не ўключаў, каб пры праектаванні прадугледзіць максімальнае захаванне аўтэнтычных элементаў.

І разам з распрацоўкай інтэр’ераў спецыялісты Архітэктурнай секцыі Таварыства аховы помнікаў распрацавалі кваліфікаваныя прапановы па невялічкіх зменах у планіровачныя рашэнні, якія б дазволілі б адмовіцца і ад прыбудаванага ліфта ва ўнутрыдваравой прасторы, і ад іншых інтэрвенцый. Працавалі напружана, кожнае сваё праектнае рашэнне праводзілі праз папярэднія ўзгадненні з заказчыкамі, у першую чаргу з “Мінскай спадчынай”, даказвалі неабходнасць карэкціроўкі дакументацыі ў Мінскпраекце, Мінкульце.

Мабыць мы іх усіх дасталі. Аргументаў супраць нашых заўваг і прапаноў ні ў кога не было, акрамя, што праект прайшоў ужо ўсе ўзгадненні, а мы ўсё настойвалі на прапанаваных намі карэкціроўках і настойвалі. Як вынік, мабыць вырашылі нас супольна пакараць, каб не лезлі не ў свае, па іх меркаванню, справы. І пакаралі вельмі хітра, задзейнічаўшы Навукова-метадычную раду, на якой нас закляймілі за непрафесіяналізм, за школьны ўзровень і г.д. Спектакль быў разыграны, як па нотах. Ну, праект, сама-сабой “зарубілі”.

Самае цікавае адбылося потым. Бо працу гэтую па інтэр’ерах перадаручылі нашаму самаму геніяльнаму спецыялісту ў рэстаўрацыі С.Баглясаву. Узровень яго геніяльнасці – скалечаны гістарычны цэнтр Мінска, дзе ён быў навуковым кіраўніком і нясе велічэзную долю адказнасці за ўвесь негатыў, што зроблены на тэрыторыі гэтага помніка горадабудаўніцтва, бо не толькі ўзгадняў, але нават і абгрунтоўваў увесь неадэкват, які там зроблены.

Ну і Баглясаў наваяў, што наваяў. Не буду даваць зараз разгорнутую ацэнку яго распрацоўкам. Але самае цікавае, што з нашага праекта бессаромна ён “садраў” нават тыя рашэнні, за якія нас літаральна аблівалі дзярмом на радзе.

І афармленне столяў у аднаўляемых (новабудных) памяшканнях, і выкарыстанне трапецыяпадобнай клінкернай пліткі, як напольнага пакрыцця ў месцах агульнага карыстання, і канцэпцыя асвятляльнай арматуры і шмат чаго яшчэ. Пры гэтым – практычна аніводнага раскрыцця, амаль за рэдкім выключэннем поўнае знішчэнне сценавых нішаў, фальшывыя, з гіпсакартону, скляпенні і г.д.

Але праект на “ўра” узгаднілі, літаральна праз тры месяцы, як наш адкінулі. Я і раней не ў захапленні быў ад нашай Навукова-метадычнай рады па пытаннях спадчыны. А вось выпадак з праектам інтэр’ераў у “бернардынах” канчаткова паказаў усю сутнасць гэтай інстытуцыі, дзе сабраны асобы, як я гавару, абцяжараныя пасадамі, навуковымі ступенямі і званнямі, але не абцяжараны адпаведнай кваліфікацыяй, здаровым сэнсам, а зачастую і элементарнымі прынцыпамі.

nationalinterestby.net