Першы цягнік польскай фабрыкі PESA абслужыў лінію Менск-Літоўскі – Полацак – піша Кастусь Шыталь

Сустрэў першы рэйс цягніка Мінск – Полацк. На станцыі сабралося чалавек 30-40. Нехта ад’язджаў, нехта сустракаў, нехта прыйшоў глянуць на новы цягнік. А некалькі спадзяваліся выехаць у Полацк, ды не змаглі ўзяць квіткі.

Дзяжурная ўсхваляваным голасам абвесціла: “Поезд межрегиональных линий бизнес-класса прибывает к посадочной платформе”. Потым паправіла: рэгіянальных ліній, Мінск – Полацк.

Pesa падкаціла павольна – на шляху №2 станцыі “Параф’янаў” абмежванне хуткасці 25 км/г. Прасігналіла сваім паскудным, трэба сказаць, свістком, і спынілася каля платформы. Цягнік новы, прыгожы, блішчыць.

Пасажыры не адразу разабраліся, што каб адчыніць дзверы, трэба націскаць кнопку. Але гэта было некалькі секунд, пасля далі рады.

Людзі прыглядаліся новаму цягніку з цікавасцю, са здзіўленнем. Пэўна, з такой самай цікавасцю ў траўні 1936 года сустракалі першы рэйс “Тарпэды” Вільня – Маладзечна – Крулеўшчына, а ў 8 лютага 1906 года – першы пасажырскі цягнік Балагое-Сядлецкай чыгункі з Полацка на Маладзечна.

З Параф’янава на Полацк ад’ехалі каля дзесяці чалавек. Яшчэ некалькі, можа чалавек пяць, прыехалі з Мінска ў Параф’янава. Адзін, мусіць трохі выпіўшы, сеў зайцам, спадзеючыся пад’ехаць да Крулеўшчыны.

Цягнік даў ціхі сігнал і павольна паехаў на Полацк.

nationalinterestby.net