Савецкае таўро ад якога цяжка пазбавіцца, чаму “постсавецкіх” успрымаюць кепска піша Віталь Цыганкоў

Калі я прыехаў першы раз на кантракт на Радыё Свабода ў Прагу ў 1997-м, то, натуральна, заняўся падборам часовага жыльля. І вось пасьля агляду некалькіх кватэраў я даволі хутка зрабіў свой выбар.

Пасьля падпісаньня ўсіх дакумэнтаў чэская ріэлтэрша прызналася, што са мной было вельмі лёгка мець справу. На маё зьдзіўленьне яна патлумачыла, што звычайна людзі з былога СССР – самыя цяжкія кліенты. Ім усё не падабаецца, яны доўга выбіраюць, потым мяняюць сваё рашэньне, потым яшчэ патрабуюць нешта дакупіць, зьмяніць, дадаць у зьнятую кватэру. Пры гэтым дэманструюць стаўленьне да супрацоўнікаў агенцтва як да абслугі, якая павінна выканаць “любы капрыз за нашы грошы”. У параўнаньні з амэрыканцамі ці немцамі савецкія – самы жах, сказала яна.

Словы гэтыя мне запомніліся, паколькі жыцьцё ўвесь час падкідвае ўсё новыя іх пацьверджаньні. Звышпатрабавальнасьць да навакольных, успрыманьне іх як “абслугі” – родавая прыкмета постсавецкага грамадзтва.

Заўважце, у заходнім кіно такія занадта патрабавальныя і занудныя людзі звычайна граюць адмоўную ролю. Калі трэба падкрэсьліць нэгатыўны вобраз пэрсанажу, то гэты “герой” абавязкова злобна чапляецца да афіцыянтаў і пакаёвак.

Часам чытаеш сацыяльныя сеткі і думаеш, што з некаторымі людзьмі ты жывеш у адной краіне, Беларусі, але ў нейкім паралельным грамадзтве. У “іх” жыцьці існуюць толькі грубыя таксісты, павольныя афіцыянты, няўмелыя сантэхнікі, няўважлівыя прадаўцы.

А вось у маім жыцьці афіцыянткі мне ўсьміхаюцца, прадаўшчыцы ветлівыя і імкнуцца дапамагчы, таксісты не вядуць дурных размоваў, калі я гэтага не жадаю, сантэхнікі працуюць якасна, а цырульніца ўвогуле нядаўна заявіла, што слухае і чытае мяне ў Фэйсбуку 🙂

Агульная ежа ў нашай звычайнай бальніцы мне таксама была норм, еў, як усе. Магчыма, нешта і здараецца не самае ідэальнае – але гэта проста не застаецца ў маёй памяці. Бо гэта ня тая “падзея”, на якую я зьвярну ўвагу. Бо я разумею, што людзі не ідэальныя і маюць права на памылку.

Кожны раз, калі бачу ў сетках чарговую гістэрыку на тэму, што афіцыянт недастаткова шчыра ўсьміхаўся, ці супрацоўнік крамы ня ведаў, на якой палічцы ляжыць любімае піва, альбо па тэлефоне апэратарша адказала не дастаткова жвавым голасам – я хачу запытаць, як у тым анекдоце: “Вам што, улада падабаецца, заробкі, экалогія? І чаго вы пачалі з маёй цырульні?” Ды і самі вы ўпэўненыя, што ўсё робіце ідэальна і з радаснай усьмешкай?

Звышпатрабавальнасьць варта праяўляць найперш да сябе, а не да іншых.

nationalinterestby.net