100 год таму на нашай зямлі – як гэта бачыў Зьмітрок Бядуля

Аляксандр Пашкевіч зьмясціў на сваім фэйсбуку сведчаньне Зьмітрака Бядулі аб жыцьці мясцовага насельніцтва ў прыфрантавой зоне Вялікай (Першай Сусьвет-най) вайны ў 1917-1918 гг.

“Усюды па тракту з Мінска да Даўгінава (каля 85 вёрст) спатыкаюцца калымагі і розныя павозкі нетутэйшага фасону, ― усе купленыя ад бежанцаў розных губэрняў. А людзі па вёсках і мястэчках усе, ад малога да вялікага, з ног да галавы, у вопратках «зашчытнага» колеру.

Так і мазолюць вочы на кожным кроку ватоўкі-«хвухваячкі», бінты і «амэрыканкі». Я бачыў у адной вёсцы старога дзеда ў казацкіх штанах з чырвонымі лампасамі. Праўда, і свае падпіналі над ім, называючы яго «казаком».

І колькі не было змаганьняў па гэтай часьці, каб ня скуплівалі салдацкага абмундзіраваньня па гарадох, мястэчках і вёсках, пры старым і пры новым рэжыму адбіралі купленыя рэчы, арыштовывалі, штрафавалі, і нічога не памагае. Увесь край, «от ямщика до первого поэта», адзеты ў «зашчытку» і сьмяюцца ўсе над усімі строгімі законамі ваеннага часу «зашчытным» сьмехам, бо другога выхаду няма.

У моладзі па вёсках найвысшым шыкам лічацца пярсьцёнкі фабрыкацыі аўстрыяцкіх палонных. У кожнай зухаватай дзяўчыны можна ўбачыць на пальцах 3—4 гэтых пярсьцёнкаў. У гаспадынь замест гаршкоў — салдацкія кацялкі, а замест шклянак — бляшчанкі ад кансэрваў: «кансэрвачкі».

А мова якая. Божухна Ты! Праўдзівае Вавілёнскае стоўпатварэньне. Тут і польска-ломжынская акцэнтацыя ад бежанцаў, і нямецкія словы ад палонных, і латышская, і вялікаруская ад «дарожнікаў». Стварыўся такі багаты лексікон слоў, што проста валасы дыбам.

Большая частка гэтых слоў і выразаў да друку не падыходзюць. Яны дадаюцца да любой гутаркі, як перац ці соль да стравы. Імі перасыпана кожнае апавяданьне селяніна, нібы гарох каляровымі пацеркамі.

Вось некаторыя словы я даю: «псякрэв», «холера», «як Бога кохам» і г. д. А гэта «як Бога кохам» часта дадаецца да ядрэнных нецэнзурных прамоваў так спрытна, што і сьмех і злосьць бярэ. Як гэта тут дзіўна добра прышчапілася красамоўства польскага нізу…”

nationalinterestby.net