Хто сядзеў у Бярозе-Картузскай?

У Бярозу былі накіраваныя некалькі серыйных злачынцаў – прафесійныя злодзеі, кантрабандысты ды буйны ўласнік нерухомасці, які зрабіў маёнтак на кантрабандзе і быў вядомы здзекамі з падначаленых. Гэтак польская адміністрацыя спрабавала змагацца са злачыннасцю, і з экстрэмістамі.

Вядома, у Бярозе сядзелі не толькі злодзеі. І не толькі асобы небяспечныя для грамадства туды траплялі. Самым вядомым вязнем Бярозы быў хіба рэдактар віленскай газэты “Słowo” Станіслаў Мацкевіч, які правёў там 17 дзён вясной 1939 года.

Я не апраўдваю існаванне ізаляцыйнага лагера ў Бярозе Картузскай. Гэтаксама ў польскай публіцыстыцы многія, у тым ліку Станіслаў Мацкевіч, асуджалі сам факт існавання вязніцы, куды ссылаюць не па рашэнні суда, а па загадзе адміністрацыйных уладаў.

Аднак няпраўдай ёсць думаць, як некаторыя неадукаваныя пішуць, што Бяроза была месцам, якое палякі збудавалі для барацьбы з нацыянальнымі меншасцямі. І тым больш няпраўдай – праз існаванне Бярозы параўноўваць аўтарытарны рэжым міжваеннай Польшчы з савецкім таталітарызмам.

Дарэчы, прынцыповае адрозненне ГУЛАГа і Бярозы: у ГУЛАГ садзілі паводле пастановы суда, а абвінавачаныя не мелі ні аб’ектыўнага следства, ні абароны. У Бярозу ссылалі адміністрацыйныя ўлады без суда – і гэта дзеля таго, каб ізаляваць небяспечнага для грамадства (у некаторых выпадках – непажаданага для ўладаў) чалавека ў абыход судовых працэдураў. Калі ж чалавек трапляў у суд, а не ў Бярозу – ён меў магчымасць бараніцца.

Кастусь Шыталь

nationalinterestby.net