Несавецкая Заходняя Беларусь – піша Кастусь Шыталь

Саветы шмат пасаджалі, павысылалі ў Заходняй Беларусі, але не змаглі зрабіць нашых дзядоў прыхільнікамі савецкага ладу.

Старэйшыя (а я меў магчымасць шмат гаварыць са старымі, калі яшчэ было многа людзей 1920-х гадоў нараджэння) савецкую рэчаіснасць успрымалі негатыўна, і маладзейшыя, хто разумнейшы, гэты погляд падзялялі.

Святкаванне “25 сакавіка” у 1935 г. у Беларускай гімназіі ў Вільні

Таму ў 1994-м у многіх раёнах Заходняй Беларусі па 25-40% галасоў набіраў Зянон Пазняк. І гэта, я перакананы, не праз нацыянальную свядомасць нашых людзей (яна не была занадта высокай), а менавіта праз антысавецкасць. Галасавалі людзі, якія памяталі яшчэ несавецкую рэчаіснасць, і іх дзеці, у каго была галава на плячах.

Мяне зусім не кранаюць артыкулы пра жыццё ў БССР у міжваенны перыяд. Хоць гэта частка гісторыі Беларусі. Аднак мае прадзеды, дзякуй Богу, там не жылі, і Глыбокае, дзякуй Богу, да 1939 года ў БССР не ўваходзіла. Успрымаю допісы пра 20-я – 30-я гады ў Менску як нейкую чужую гісторыю.

А, зрэшты, тая гісторыя і тая дзяржава, БССР, чужая нам была. Хоць і называлася “беларуская”. Беларусы, хто не думаў так, як думала камуністычная партыя, там і слова сказаць не маглі, і іх садзілі ў вязніцы, расстрэльвалі ў Курапатах. Польшча таксама была чужой дзяржавай, але мы там хаця б газеты свае мелі.

 

nationalinterestby.net