У Лідзе вуліцам даюць назвы даваеннага часу і вяртаюць нас у эпоху ВКЛ — Віленскі тракт, Грунвальдская, Замкавая і бульвар Гедыміна

Ініцыятыва вяртання гістарычнай назвы належыць жыхарам Ліды, якія звярнуліся ў райвыканкам з калектыўным зваротам. У Лідскім райвыканкаме заяўляюць, што пакуль вывучаюць грамадскую думку.

У першы тыдзень абмеркавання прапановы вярнуць вуліцы Свярдлова ў Лідзе яе гістарычную назву погляды гараджан падзяліліся. Частка жыхароў вуліцы, пераважна сталага веку, выказваюцца за тое, што мяняць нічога не трэба.

Сярод тых, хто станоўча паставіўся да прапановы, — старшыня Лідскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы і сябра Сойму Партыі БНФ Станіслаў Суднік. Ён лічыць, што даўно наспеў той час, каб у горадзе пазбавіліся чужародных бальшавіцкіх назваў і вярнулі яму спрадвечныя тапонімы.

Паводле Судніка, у цэнтры гораду варта змяніць і назвы тыпу Савецкая, Ленінская і іншыя:

— Цалкам лагічна, калі вуліца Свярдлова стане Віленскім трактам, паколькі яна і ідзе ў бок Вільні, нашы продкі нездарма назвалі яе так.

Загадчыца сектару ідэалагічнай работы Лідскага райвыканкаму Алена Каралевіч пацвердзіла, што ў горадзе актыўна вывучаюць ініцыятыву гараджан па вяртанні вуліцы гістарычнай назвы.

«Праўда, мы пакуль ніякіх высноў не зрабілі, паколькі працэс у самым разгары, але некаторыя погляды на тое, якую назву павінна насіць вуліца, нас ужо проста здзівілі», — кажа Алена Каралевіч. Паводле яе, улады вывучаюць думку грамадзян у сацсетках, актыўна да абмеркавання паставіліся і мясцовыя СМІ.

У Лідзе нядаўна некаторым вуліцам вярнулі іх гістарычныя назвы. У прыватнасці, з’явіліся вуліцы Грунвальдская, Замкавая і бульвар Гедыміна.

«У нас ёсць ужо невялікі вопыт, а таму мы і надалей будзем прыслухоўвацца да пажаданняў усіх жыхароў і аднаасобна ніхто рашэння прымаць не будзе», — падкрэслівае загадчыца ідэалагічнага сектару Лідскага райвыканкаму.

novychas.by nationalinterestby.net