Літвінская літаратура? Што гэта?

Доктар мовазнаўства, дырэктар Цэнтру “Студыя-Мовія”, кіраўнік лабараторыі літаратурнага перакладу, пані Інэса Кур’ян разважае аб “міцкевічаўскіх загадках” і прыходзіць да такіх вось высноваў.

Напярэдадні 24 снежня, наш Цэнтр займеў звычку ўзгадваць Міцкевіча, бо гэта перадкалядны дзень – дзень яго народзінаў. Першая міцкевічаўская лекцыя прысвячалася менавіта Адаму Міцкевічу, другая Гэнрыку Сянкевічу. Гэтым разам была папярэдняя прэзентацыя “Кар’еры Нікадэма Дызмы” Тадэвуша Даленгі-Мастовіча, што нарадзіўся на Глыбоччыне. Было прапанавана аднесці яго творчасць…да літвінскай літаратуры.

Відаць, час збіраць яблыкі, шаноўныя. У адну вялікую сакаўную сцірту. У літвінскую літаратуру. Мы размаўлялі пра гэта ўчора ў нашым Цэнтры “Студыя-Мовія”, падчас традыцыйнай Міцкевічаўскай лекцыі.

От, нібы назіранні. Але і тэндэнцыя. Але і патрэба. Але і даніна айчыннай культуры. Чаму такая назва? Яна выспевала доўга, як тыя ж яблыкі. Ад назвы “Польскія пісьменнікі, што нарадзіліся на Беларусі”, “Польскія пісьменнікі беларускага паходжання”, да ідэі стварэння серыі “Літаратуры Рэчы Паспалітай”…

Але прайшоў час, з’явіліся новыя акцэнты, і слова “Літвінская літаратура” напрошваецца само. Бо яна непрачытаная польскім бокам, не запатрабаваная нават, мае “другараднасць”, і не з’яўляецца беларускай, бо беларусы адносяць яе да польскай.

У Міцкевічаўскай лекцыі мы закранулі тэму ў зрэзе польскай літаратуры, але, відаць, можа быць па-рознаму. Яна, напэўна, мае свой часовы прамежак. Цяжка пакуль сказаць дакладна, але як мінімум час ад падзелаў Рэчы Паспалітай да 1939 г. Пакуль існавалі людзі з літвінскай свядомасцю і прысвячалі сябе ідэі незалежнай федэрацыйнай Рэчы Паспалітай.

Іх не цікавіла па вызначэнні справа беларуская ў сучасным разуменні, адначасова іх не цікавіла справа польская ў сучасным разуменні. Яны мелі свой светапогляд, высокую адукацыю і самабытную культуру. Якую трэба прачытаць і данесці, бо яна замуленая ў нашай прасторы. Выкінутая на сметнік гісторыі.

Да сакаўной сцірты даклаўся б нарэшце сам Адам Міцкевіч, і ўпэўнена, зайграў бы новымі адценнямі. Бо такую неспадзяванку мы ўжо рыхтуем. Вельмі шмат аўтараў знайшло б дарогу дадому. Bo nie ma jak w domu.

nationalinterestby.net