Беларускай рэстаўрацыі няма, яе трэба адраджаць – сцвярджае Антон Астаповіч

Радыё Свабода змясціла матэрыял аб рэстаўрацыйных працах, якія плануецца ажыццявіць у Беларусі ў 2018 г. У ім знаходзіцца каментар Антона Астаповіча, старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Уважаем аднак каментар, які змешчаны на Свабодзе, за надта кароткі, у той час, як у фэйсбуку шаноўны пан Астаповіч пашырае сваё бачанне рэстаўрацыі.

Я ніколі не люблю разважаць пра тое, колькі дзяржава выдаткоўвае грошай на рэстаўрацыю. Я лічу, што покуль не будзе грамадскага запратрабавання ў сферы аховы спадчыны, сацыяльнай адказнасці, а не чакання добрага дзядзькі ў асобе дзяржавы ці інвестара, то бюджэтныя асігнаванні праблему не вырашаць.

Ва ўсім свеце ўдзел дзяржавы ў рэстаўрацыі мінімальны, у асноўным яна адбываецца за інвестыцыйныя сродкі, альбо за дабрачынныя. Тая ж Літва свае апошнія рэстаўрацыйныя праекты менавіта так і рэалізоўвала.

Узяць, напрыклад, сядзібу Тышкевічаў у Затроччы. Гэта прыватная інвестыцыя. Калі браць Медніцкі замак ці палац вялікіх князёў літоўскіх у Вільні – гэта субсыдыя па фундацыйных праграмах Еўразвяза.

У Беларусі праблема не ў тым, што грошы невялічкія вылучаюцца. У Беларусі праблема ў тым, што ў нас перастала існаваць цэлая галіна, і галіна гэтая – рэстаўрацыя.

Асноўная праблема – рэанімацыя гэтай галіны, якая павінна паўстаць на грунце нарматыўна-прававых і нарматыўна-тэхнічных дакументаў, бо сучасныя гэтыя дакументы, якія зараз ва ўжытку, і знішчылі нашую беларускую рэстаўрацыю, якая хоць і не была супер у параўнанні са шматлікімі суседзямі, але ўжо моцна стаяла на нагах і магла мець добрыя перспектывы.

nationalinterestby.net