Працэс “Regnuma” – як трэба судзіць

У Менскім гарадзкім судзе працягваецца працэс у справе трох беларускіх аўтараў расейскага інтэрнэт-рэсурсу Regnum, аб якім падрабязна паведамляе Радыё Свабода.

У сеціве множацца выказваньні “за” і “супраць” пазыцыі суда і падсудных. Пытаньне комплекснае і без уліку спэцыфічнага беларускага кантэксту яго правільна зразумець немажліва.

Што датычыць судовай складовай часткі, то вельмі важным паказчыкам зьяўляецца адэкватнасьць пакараньня. Беларуская судова-палітычная сыстэма ніколі не “грашыла” адэкватнасьцю, што выклікала і выклікае чарговыя палітычныя праблемы.

Часткова гэтая пазыцыя абгрунтоўваецца тым, што пры нізкай агульнай прававой культуры грамадзян дзейнічаць інакш нельга. Іншымі словамі нашых людзей трымаюць за абарыгенаў, няздольных дзейнічаць у прававых рамках. Праўда, тое ж можна сказаць і пра ўладумаючых.

У тонкіх палітычных пытаньнях такі падыход недасканалы, аб чым ужо ня раз можна было пераканацца і ў выпадку справы “Патрыётаў” і падзеяў “25 сакавіка”, але зараз гутарка не аб тым.

Вялікі тэрмін увязьненьня, які пагражае журналістам “Regnuma”, стварае дастаткова вялікія палітычныя праблемы. Перад усім ён робіць з аўтараў расейскага рэсурсу пакутнікаў “За Сьвятую Русь”, што не знаходзіцца ў інтарэсах, ані беларускага “эстэблішмэнту”, ані “незалежнага грамадзтва”. Навошта нам гэтыя “несапраўдныя”, але гэроі – у вачах звычайнага шэрага расейца?

Па другое, доўгі тэрмін пакараньня ўвесь час стварае сытуацыю, якой Расея можа маніпуляваць. Разумею задуму беларускага “афіцыёзу” – пачаць гуляць у тую ж гульню, якая ня раз спраўджвалася ў супрацьстаяньні і адлігах з Захадам. Розьніца толькі адна, Захад у параўнаньні з Расеяй зьяўляецца слабым гульцом, а вызваленьне аўтараў “Regnuma”, на рашучае патрабаваньне “грамадзкай думкі” у Расейскай Фэдэрацыі, будзе ўспрымацца як параза Лукашэнкі, а не маленькая саступка, як гэта выглядае ў адносінах з Захадам.

Падаецца, што найбольш адэкватным і адпаведным мэтадам пакараньня прапагандыстаў было б пазбаўленьне грамадзянства Рэспублікі Беларусь, канфіскацыя маёмасьці і дэпартацыя з Беларусі. Найбольш верагодна, што “нашы гэроі” былі б дэпартаваныя ў Расею, дзе такіх “байцоў нябачнага фронту” аж надта, і яны б загубіліся ў моры “кісялёвых” і “салаўёвых”. Хто зараз памятае пана Баранчыка?

Зьбігнеў Канарскі