Пасьведчаньне Суайчыньніка – улады рэалізуюць прапановы Партыі БНФ

У жніўні 2017 году мы пісалі, што Партыя БНФ прапанавала ўвесьці “Карту Суайчыньніка”. Аказалася, што ўладныя структуры ўважліва сочаць за ідэямі па іншы бок “палітычных барыкадаў” і гатовыя пераймаць некаторыя з іх. Так сталася і з “Пасьведчаньнем Суайчыньніка”, якое, як паведамляе Тут-бай, маюць намер увесьці дэпутаты палаты прадстаўнікоў.

Ідэя, як кажа старшыня камісіі па міжнародных справах Валеры Варанецкі, палягае ў прыцягненьні і аднаўленьні сувязяў з вядомымі асобамі, што маюць карані з Беларусі. Напрыклад каралева Бэльгіі Матыльда паходзіць са знанага княскага роду Сапегаў: “Хочацца іх аб’яднаць вакол Беларусі, каб у людзей было разуменьне, што тут знаходзяцца іх карані” – падкрэсьліў старшыня.

Чакаецца, што ўладальнікі “пасьведчаньня” будуць мець пэўныя прэфэрэнцыі, напрыклад, магчымасьць уезду ў Рэспубліку Беларусь без візы. У папярэднім матэрыяле я адзначаў, што ў эпоху глябалізацыі змаганьне вядзецца ня столькі за падпарадкаваньне той ці іншай тэрыторыі, але за «людзкі капітал». Асіміляцыя перастала быць сродкам экспансіі, яе функцыі выконвае цяпер эканамічны ціск.

Менавіта таму належыць вітаць гэтую ініцыятыву, бо не істотна, хто рэалізоўвае карысную для краю палітыку, важна, каб яна рэалізоўвалася. І калі ўлада прыслухоўваецца да Партыі БНФ – гэта добра для ўсіх нас.

Віктар Філіповіч

nationalinterestby.net