Беларускі этап Адраджэньня: праз БНР да ВКЛ

У гэтым годзе мы будзем сьвяткаваць 100-гадовы юбілей абвяшчэньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Надыйшоў час задумацца над вынікамі 100-гадовага этапу Адраджэньня.

Сайт Салідарнасьць піша: “Кіраўнік краіны, маўляў, пахваліў людзей, якія абвясьцілі першую беларускую дзяржаву — БНР. Не паўтарайце бальшавіцкіх клішэ. Ня першую. Хваліць удзельнікаў Першага Ўсебеларускага зьезду — правільна. Бязь іх аднаўленьне беларускай дзяржаўнасьці ў XX стагодзьдзі цяжка ўявіць.

Але няправільна казаць, што гэтыя падзеі заклалі асновы беларускай дзяржаўнасьці й далі пачатак самавызначэньню беларусаў. Гэта старая бальшавіцкая формула, што 1917 год стварыў беларусаў… Абвяшчэньне незалежнасьці 1918 году была працягам нашай дзяржаўнасьці, абарванай у 1795 годзе, калі Расейская імпэрыя канчаткова падзяліла Рэч Паспалітую, супольную дзяржаву палякаў, беларусаў, літоўцаў.”

На гэтым неабходна спыніцца больш уважліва. Сапраўды варта глядзець на гісторыю як на непарыўную лінію, у якой будучыя падзеі вынікаюць з мінулых, якія ствараюць для іх прычыны і перадумовы.

Беларускі этап Адраджэньня ня мог узьнікнуць на пустым месцы. На пустым месцы ён не ўзьнік бы ўвогуле. Для яго былі перадумовы. І такімі перадумовамі была гістарычная памяць пра нашу дзяржаўнасьць у Вялікім Княстве Літоўскім, а потым таксама ў ВКЛ у Канфэдэрацыі з Каронай Польскай – Рэч Паспалітая Абодвух Народаў.

Натуральна гучыць пытаньне, чаму сёньня мы адзначаем стогодзьдзе дэклярацыі незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, а не ВКЛ?

Наш Край не знаходзіцца ў вакууме, але падпадае пад уплыў сусьветных ідэйных плыняў. ХІХ стагодзьдзе стала стагодзьдзем нацыянальнага абуджэньня. Гэтае абуджэньне прывяло да замяшчэньня старых ідэнтычнасьцяў новымі. Зьмянілася паняцьце польскасьці, якое з цывілізацыйнага стала выключна этнічным. Зьнікла паняцьце Літвінаў, якія падзялілся на нашых землях на этнічных палякаў, літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў, а літвакі былі зьнішчаны альбо эмігравалі ў Ізраэль. Вялікае Княства Літоўскае спрабавалі аднавіць краёўцы – землеўласьнікі Літвы і Беларусі, але ў віхуры сацыяльнага бунту гэта стала немажлівым.

Назва Беларусь безумоўна не зьяўляецца апрычонай саманазвай нашага народу. Тым ня меней трэба дацаніць гэты этап нашага Адраджэньня, якому ўдалося ўсё ж цягам ХХ стагодзьдзя займець міжнародна прызнаную суб’ектнасьць. Заваяваньне гэтай суб’ектнасьці адбывалася ва ўмовах каляніяльнай залежнасьці ў якой прыходзілася ісьці на саступкі заходнерускай ідэі, чаму вынікам сёньня ёсьць дамінацыя рускай мовы, усходніх цывілізацыйных звычаяў. Таму і сёньняшні стан беларускай дзяржаўнасьці ня можа нас задавальняць.

Раней ці пазьней гэты этап Адраджэньня завершыцца і наступіць іншы. Калі мы жадаем зьмяніць вэктар разьвіцьця нашай дзяржавы, то трэба Адраджэньне давесьці да лягічнага завяршэньня, якім будзе аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага. Недастаткова спыніцца на мікранацыянальным узроўні, калі мы сьпяваем у нашым гімне: “Зрабі магутнай, зрабі шчасьлівай Краіну нашу і наш Народ!” Недастаткова на гэтым спыніцца, бо чаму тады лідэры БНР адклікаліся да “старадаўняй літоўскай Пагоні”, якую “не разьбіць, не спыніць, не стрымаць”?

Магутным у нас было толькі ВКЛ і да яго аднаўленьня павінна імкнуцца наша Адраджэньне. Мы цэнім беларускі этап Адраджэньня, за тое, што ў няпростых умовах, ён стварыў ахоўны кокан, у якім удалося перахаваць нашую ідэю і нашую культуру. Але існаваньне ў кокане ня можна лічыць ідэалам. Таму праз БНР да ВКЛ!

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net