Гістарычны цыкль да 100-годзьдзя БНР: 1915-1918 Обэр-Ост: польска-літоўска-беларускі П’емонт?

У гэтым годзе прыпадае 100-гадовы юбілей абвяшчэньня Дэклярацыі Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Да значнай гадавіны мы распачынаем цыкль гістарычных матэрыялаў, якія павінны больш шырака прадставіць чытачу кантэкст тых падзеяў.

Сёньня наш расповяд аб тым, што адбывалася напярэдадні абвяшчэньня незалежнасьці ў заходняй частцы Краю, які ўжо ад жніўня-кастрычніка 1915 году не знаходзіўся пад расейскім панаваньнем, а ва ўмовах нямецкай акупацыі. Органам нямецкай вайсковай улады на літоўска-беларускіх землях стаў Обэр-Ост.

Ober Ost (скарачэньне ад ням.: Oberbefehlshaber der gesamten Deutschen Streitkräfte im Osten — «Вярхоўны Галоўнакамандуючы ўсімі нямецкімі войскамі на Усходзе») — орган ваеннай улады Германскай імпэрыі падчас І Сусьветнай вайны на тэрыторыі ўсходняга фронту. Пад кіраўніцтва гэтай структуры перайшлі вызначаныя заходнія рэгіёны тагачаснай Расійскай імперыі, а менавіта сёньняшняя Літва (без Клайпеды, якая на той момант належала Германіі), поўдзень Латвіі, Гарадзеншчына, Сувальшчына і Беласточчына, што агулам складала тэрыторыю ў прыкладна 108 808 км². 

Тэрыторыя Обэр-Осту

Галоўнакамандуючымі нямецкімі войскамі на Усходзе, былі гэнэрал-фэльдмаршал Паўль фон Гіндэнбург (1914-1916), прынц Леапольд Баварскі (1916-1918) і гэнэрал Макс Хофман (1918-1919). Кіраўнікамі цывільнай адміністрацыі адпаведна гэнэрал Эрых Людэндорф (1914-1916) і згаданы Макс Хофман (1916-1919).

Гіндэнбург і Людэндорф

Канцэпцыя Гіндэнбурга і Людэндорфа палягала ў тым, каб спачатку разьбіць дашчэнту расейскую армію, утрымліваючы фронт на Захадзе, а потым усімі сіламі перамагчы Францыю і Брытанію. Але пярэчыў гэтаму гэнэрал Эрых фон Фалькэнхайн, у выніку чаго стратэгія Нямеччыны і Цэнтральных дзяржаў у гэтай вайне праз увесь час была ўнутрана супярэчнай.

Макс Хофман

Усё гэта паўплывала і на тэрыторыі пад кіраўніцтвам Обэр-Оста, лёс якіх увесь час заставаўся няпэўным і толькі на падставе Берасьцейскага міру (люты 1918), пад уплывам Хофмана, Нямеччына вызначылася, што занятыя нямецкім войскам тэрыторыі ня будуць аддадзены Расеі, што аднак у хуткім часе стала неактуальным.

Адміністрацыя і эканоміка Обэр-Оста

Падчас існаваньня Обер-Оста на акупаваных тэрыторыях была ўстаноўлена новая сыстэма тэрыятарыяльнай адміністрацыі. Обэр-Ост падзяляўся спачатку на тры акругі: Курляндыя, Літва і акругу “Беласток-Гародня”, перайменаваную ў 1918 г. у акругу “Паўднёвая Літва” з цэнтрам у Беластоку. Уласна Літва была перайменавана ў “Паўночную Літву” з цэнтрам у Вільні.

У 1916 г. да Обэр-Оста адыйшлі тэрыторыі тылавога раёна арміяў Усходняга Фронту – Берасьце-Літоўскае з ваколіцамі і вузкі пас уздоўж лініі фронту ад Берасьця праз Баранавічы да Ашмянаў. Паміж тылавымі раёнамі арміі і старымі акругамі Обэр-Оста быў усталяваны мытны кантроль, на што востра рэагавалі мясцовыя гандляры пераважна жыдоўскага паходжаньня.

Увогуле палітыка кіруючых колаў Нямеччыны да жыдоў у І Сусьветную вайну была спрыяльнай. У жыдоўскім элемэнце немцы бачылі праваднікоў гэрманскай культуры, перад усім дзякуючы моўнаму падабенству і паразуменьню. Сіянісцкія колы ў Нямеччыне (Камітэт вызваленьня расейскіх жыдоў) актыўна падтрымлівалі паход на Усход дзеля вызваленьня сваіх пабрацімаў з расейскага дэспатызму і сьцьвярджалі нават, што жыдоўскае насельніцтва на занятых тэрыторыях – гэта адзіная група, якой могуць давяраць нямецкія жаўнеры.

Адміністрацыя Обэр-Оста мела пэўныя складанасьці ў зносінах з мясцовымі жыхарамі. З прадстаўнікамі вышэйшых клясаў мясцовых нямецкія жаўнеры маглі кантактаваць з дапамогай нямецкай або францускай моваў, жыдоўскае насельніцтва ў мястэчках магло размаўляць па-нямецку або на ідышы (апошні належыць да сям’і гэрманскіх моваў і мае падабенствы з нямецкай, праз што немцы былі ў стане крыху разумець ідыш), аднак у сельскай мясцовасьці жаўнерам даводзілася разьлічваць на наяўнасьць людзей, якія маглі б перакладаць нямецкую на адну з мясцовых моваў. Часам для распаўсюджваньня пастановаў Обэр-Оста прыцягвалася духавенства як эфэктыўны пасярэднік для людзей, якія размаўлялі на іншай мове.

Ост-Рубель

У выніку вайскова-кіруемай гаспадаркі і дзякуючы рэквізыцыям ці закупкам, Обэр-Ост у хуткім часе стаў самадастатковым, а прыбытак пачаў пералічаць у Рэйх. Адміністрацыя Обэр-Осту заклала ўласныя пазычковыя касы і выпускала білеты гэтых пазычковых касаў у рублёвым намінале – так званыя “Дарлеенсшайне” – фактычна ўласныя грошы, якія называліся “Ост-Рубель” і “Ост-Марка”. Функцыянавала пошта і выпускаліся паштовыя значкі з пазнакай Обэр-Ост.

Паштовыя значкі Обэр-Осту

25 чэрвеня 1915 быў выдадзены так званы “Распарадак кіраваньня” (Verwaltungsordnung) – фактычна “Канстытуцыя” Обэр-Осту, які быў створаны дзеля ўсталяваньня грамадзкіх і палітычных парадкаў у Краі. На першым пляне вядома былі інтарэсы нямецкай арміі, падкрэсьлівалася культуртрэгэрская роля немцаў на дадзеных тэрыторыях, якія павінны былі быць выцягнуты спад улады “барбарства і хаосу”. Край павінен быў прайсьці праз “паварот на захад”. Усё нямецкае павінна было прызнавацца за найлепшы прыклад, чаму ўвага павінна надавацца яшчэ ад школьнай лаўкі.

Палітычная дзейнасьць у Обэр-Осьце была забаронена, як і не было там свабоды сходаў і асацыяцыяў. Але трэба разумець, што расейскія парадкі нават пасьля рэвалюцыі 1905-1910 гг., у рэальнасьці не давалі раўнапраўя ўсім нацыянальным групам, і таму адбылася “размарозка” палітычнай сцэны.

Афіцыйнай мовай Обэр-Осту стала нямецкая, але мясцовыя мовы былі дазволены да ўжываньня без абмежаваньняў. У тым ліку і беларуская, якая адміністрацыяй Обэр-Осту была прызнана як нерасейская. Расейская мова была забаронена.

Навучаньне рэлігіі павінна было адбывацца ў роднай мове. За родную мову ўзнавалася мова на якой дзеці размаўляюць з бацькамі. Натуральна практыка ўносіла карэкту ў гэтую сытуацыю, паколькі думка мясцовага сьвятара часта бывала вызначальнай, а ў школьнай курыі Обэр-Осту ў Вільні беларусам быў хіба адзін архэоляг Луцкевіч.

Тым ня меней агульнае разьняволеньне, хаця і ў межах жорсткага нямецкага парадку, прывяло да масавага ўзьнікненьня нацыянальнай пачатковай школьнай адукацыі на тэрыторыі Обэр-Осту. На працягу 1916-1918 гг. на ўсёй тэрыторыі Обэр-Осту узьнікла 89 беларускіх, 710 літоўскіх і 299 польскіх школаў. Упершыню, сучасная белараруская мова стала мовай навучаньня.

Вышэйшую навучальную ўстанову ў Вільні адміністрацыя Обэр-Осту не дазволіла стварыць баючыся дамінацыі польскага фактару. Хаця мажліва гэтае дзеяньне было памылковым, паколькі фармальна Унівэрсытэт называўся “Віленскі інтэрнацыянальны публічны ўнівэрсытэт імя А.Міцкевіча”.

Дзеля фінансаваньня школьнай справы былі ўтвораны дабраахвотна-прымусовыя Школьныя зьвязы (Schulverbaende) з найбольш заможных жыхароў Краю. Школы фармаваліся па канфэсыйна-нацыянальнай прыкмеце дзеля пазьбяганьня канфліктаў. Для жыдоў нацыянальнай мовай была вызначана ідыш, а іўрыт апроч як на выкладаньні рэлігіі забаронены, зза пагрозы пранікненьня сіяністычных ідэяў.

Грамадзка-палітычная дзейнасьць

Палітыка нямецкіх уладаў адносна мясцовых палітычных чыньнікаў на працягу часу зьмянялася. Калі да 1916 г. асноўнай задачай новай адміністрацыяй было ўмацаваньне сваёй моцы ў акупаваным рэгіёне, то ад пачатку 1916 г., калі Бэрлін наведаў прадстаўнік прэзідэнта ЗША Вільсана, Нямеччына вырашыла прэзэнтаваць сябе, як краіну, якая стаіць на абароне паняволеных народаў.

Перад адыходам расейскай адміністрацыі, у верасьні 1915 г, віленскі губэрнатар Пётр Вяроўкін зацьвердзіў, з мэтай прадстаўніцтва інтарэсаў Краю перад нямецкай адміністрацыяй, Віленска-Ковенскі грамадзянскі камітэт, з супольным польска-літоўска-беларускім прадстаўніцтвам у складзе якога былі Сьцяпонас Кайрыс, Ян Пілсудзкі, Вацлаў Ластоўскі і браты Луцкевічы.

    

Вацлаў Ластоўскі, Антон Луцкевіч і Сьцяпонас Кайрыс

Камітэт уступіў у кантакт з адміністрацыяй Обэр-Осту і да часу выконваў свае абавязкі, пакуль з прычыны ўнутраных канфліктаў на глебе фінансаў і незадавальненьня з боку немцаў, не спыніў свайго існаваньня. Апошнім акордам супольнай працы быў ананімна абвешчаны Унівэрсал канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага ў лістападзе 1915 г., апублікаваны па польску, літоўску, беларуску і ідыш. У лютым 1916 г. выйшла ўлётка Канфэдэрацыі, якая заклікала да згоднай працы усіх этнічных групаў Краю для агульнага дабра, абапіраючыся на моц Цэнтральных дзяржаваў.

Тым ня меней Нямеччына была зацікаўлена ў прадстаўленьні сябе абаронцай нацыяў і дазволіла давераным асобам (Серашэўскі, Кайрыс, Ластоўскі і інш.) – прадстаўнікам паняволеных нацыяў на выезд, у чэрвені 1916 г., на ўстаноўчы зьезд Лігі нерасейскіх народаў Расеі ў Швайцарыі і ўдзел у Трэцяй Канфэрэнцыі Саюза Нацыяў.

У канцы 1916 – пачатку 1917 гг. літоўскія дзеячы пачалі дэманстраваць асобную пазыцыю ў пытаньні дзяржавабудаўніцтва, спадзеючыся атрымаць непасрэдную падтрымку для сваёй этнічна-нацыянальнай незалежнасьці непасрэдна ад Нямеччыны, што прывяло да таго, што ў верасьні 1917 году адбылася “Першая Літоўская Канфэрэнцыя” і была ўтворана “Літоўская Краёвая Рада” (Taryba).

Польскія дзеячы ў адказ на такія дзеяньні зьвярнуліся да Канцлера Гэрманскай імпэрыі з просьбай аб аднаўленьні Рэчы Паспалітай у межах 1772 году, з уключэньнем усёй тэрыторыі гістарычнай Літвы.

Парад польскіх легіёнаў у Баранавічах з нагоды аднаўленьня Каралеўства Польскага ў кастрычніку 1916 г.

Беларускія дзеячы Обэр-Оста пасьлядоўна заставаліся стаяць на фундамэнтах “Краёвай ідэі”, бо на Беларускай канфэрэнцыі ў Вільні ў студзені 1918 г. перамагла ідэя дуалістычнай літоўска-беларускай дзяржавы, якая складалася з дзьвюх аўтаномных тэрыторый, што функцыянуюць на раўнапраўнай аснове, з уключэньнем усіх беларускіх тэрыторый – і тых, што знаходзіліся па іншы бок лініі фронту.

Высновы

Падсумоўваючы трэба зазначыць, што Обэр-Ост пры ўсіх сваіх натуральных  недасканаласьцях, зьвязаных з супярэчнасьцю інтарэсаў акупацыйнай адміністрацыі і мясцовых супольнасьцяў і саміх мясцовых супольнасьцяў паміж сабой, тым ня меней гэта быў этап адарваньня часткі земляў нашага Краю ад Расеі і “размарозкі” палітычнай сытуацыі і палітычных аспірацыяў. У сілу ўраўнаважваючай палітыкі Нямеччыны беларусам удалося ўвайсьці ў кола нацыяў, якія бралі ўдзел у вызначэньні палітыкі Краю.

Беларусы ў Обэр-Осьце аказаліся найболей трывалымі прыхільнікамі ідэі адраджэньня Вялікага Княства Літоўскага, і нават, ня гледзячы на апартуністычную палітыку іншамоўных суайчыньнікаў, да канца імкнуліся ажыцьцявіць “краёвую ідэю”, за якую таксама выcтупалі мясцовыя змелеўласьнікі.

Віктар Філіповіч

nationalinterestby.net