Каму служыць Беларускі Нацыянальны Кангрэс? – альбо як трэба сьвяткаваць 25-га сакавіка

Як паведамляе Свабода, Мікалай Статкевіч выступіў з прапановай заснаваньня аргкамітэту па падрыхтоўцы масавага сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР 25 сакавіка ў Менску. 16-га студзеня павінна адбыцца першае пасяджэньне гэтага аргкамітэту. Сьцьвярджаецца, што “Дзень Волі павінен прадэманстраваць моц і еднасьць беларускага народу”.

Чаму б пану Статкевічу для асабістай і практычнай дэманстрацыі гэтай еднасьці не далучыцца да ўжо ўтворанага Нацыянальнага грамадзкага аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР пад ганаровым старшынствам прафэсара Радзіма Гарэцкага?

Пытаньне нажаль толькі рытарычнае. Ужо дзесяцігодзьдзямі пан Статкевіч дэманструе хворую няздольнасьць да супрацы і жаданьне выйсьці з шэрагу. Як можа выглядаць сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР у варыянце, прапанаваным Мікалаем Статкевічам мы ўжо бачылі ў 2017 годзе. Ці варта наступаць на тыя ж граблі?

Вядома пан Статкевіч і яго прыхільнікі запярэчаць: “Ва ўсім вінаватыя ўлады, мы толькі рэалізавалі сваё права на свабоду сходаў”. І тэарэтычна будзе мець рацыю, але толькі тэарэтычна. Палітык жа павінен умець рэалізаваць свае ідэі ня толькі тэарэтычна, але і практычна. Вось з практыкай у нас вялікія праблемы.

З практыкі мы ведаем, што беларускія ўлады ня любяць масавых вулічных мерапрыемстваў, а нашай задачай зьяўляецца максімальна шырокая прапаганда ідэяў 25-га сакавіка. Ці мусім мы ісьці шляхам найвялікшага супраціву? Ня думаю.

Масавая акцыя была б карыснай, калі б была гарантыя таго, што яна адбудзецца без разгону і затрыманьняў. Адзіная структура, якая патэнцыйна мае мажлівасьць увайсьці ў рэальны кантакт з уладай, каб дасягнуць такога паразуменьня зьяўляецца Грамадзкі аргкамітэт на чале з прафэсарам Гарэцкім. Ані Беларускі Нацыянальны Кангрэс, ані пан Статкевіч асабіста не зьяўляюцца суб’ектамі здольнымі да такога кампрамісу, і не зьбіраюцца на такі кампраміс ісьці, а значыць іх дзейнасьць у рэальнасьці зьяўляецца контрпрадуктыўнай.

Ёсьць некалькі тлумачэньняў такой радыкальнай пазыцыі БНК і пана Статкевіча. Пан Статкевіч як вядома зьяўляецца сацыялістам, якім ад пачатку блізкія рэвалюцыйныя мэтады дасягненьня зьменаў. Аб эвалюцыі ў палітычных працэсах яны думаць ня здольныя, што вядзе толькі да аднаго сцэнару: плошча-аўтазак-вязьніца. А што зьмяняецца ў нашым краі ад такіх сцэнароў? Нічога альбо амаль нічога.

Аргумэнты, што “людзі добрай волі” пачуюць голас зьняволеных беларусаў абсалютна не на месцы, бо спадзявацца рэальных дзеяньняў ад урадаў краін, дзе пражываюць “людзі добрай волі” не выпадае. А па другое Беларусь ніколі не ўважалася за краіну дзе адбываюцца масавыя рэпрэсіі па прыкладзе Ісламскай дзяржавы, альбо яна ніколі, на шчасьце, не знаходзілася ў стане вайны, як Украіна, што азначае адсутнасьць рэальнай рэакцыі на вынік непрадуманых масавых акцыяў.

Неабходна зазначыць і тых, хто стаіць за панам Статкевічам. Сёньня хіба для ўсіх удзельнікаў палітычных працэсаў ясна, што мэдыі гэта ніякія не “незалежныя інфарматары”. Мэдыі гэта сродкі вядзеньня інфармацыйнай вайны, альбо хаця б прапаганды пэўнай думкі (спонсараў) ці палітычнай ідэі.

Аб пану Статкевічу стала і вельмі пазытыўна выказваецца партал Хартыя. Палітычнай лініяй Хартыі кіруе беларускі эміграцыйны палітык Андрэй Саньнікаў. Труізмам ёсьць сьведчаньне, што ў асяродзьдзі Хартыі пераважае мысьленьне кшталту: “Усе хто (з палітыкаў) не выходзіць на акцыі БНК і пана Статкевіча зьяўляюцца агэнтамі КДБ альбо ФСБ”.

Для аб’ектыўнасьці хацелася б нагадаць, што сам пан Саньнікаў сьцьвярджаў у жніўні 2010 году (падаем на мове арыгіналу): “Я для себя на выборах ставлю задачей уничтожение диктаторского режима в Беларуси. Моя стратегия — ориентация на Евросоюз, членство в нем и стратегическое партнерство с Россией. Я настойчиво буду продвигать эту позицию, в ней залог и формула успеха…Ситуация для Беларуси сейчас уникальная: глубочайший экономический кризис, отсутствие у власти решения связанных с ним проблем. Разногласия в правительстве, руководстве только подчеркивают, насколько глубок этот кризис. К тому же изменилась роль России, не замечать которую и не использовать для изменения ситуации нельзя”.

Заўважым, што дадзенае выказваньне адбылося ўжо пасьля агрэсіі Расеі на Грузію. Дадам, што пан Саньнікаў не падпісаў у 2012 годзе  “Выніковы Мэмарандум нарады старшыняў і кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў са Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі”.

Відавочна, што выпускнік Дыпляматычнай акадэміі МЗС СССР “правільна” зразумеў зьмены ў ролі Расеі. Нажаль мясцовыя беларускія шляхцічы ў БНК безкрытычна падыходзяць да думак і канцэпцый постсавецкага ідэоляга.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net