Месца, дзе можна сябе адчуць вольным ад “саўка” – піша Кастусь Шыталь

У Докшыцах адзінае месца, куды можна схадзіць у вольную гадзіну – гэта могілкі. Бо горад увесь шэры і бляклы, а на могілках можна наблізіцца да гісторыі гэтага краю і яго жыхароў. Ходзіш і чытаеш надпісы на старых помніках: імёны, даты жыцця, нейкія дэталі…

А заадно і пра сваё жыццё думаеш. Бо некалі немінуча прыйдзе дзень, калі мяне пранясуць праз могілкавую браму. Толькі дзе гэта будзе? І ці знойдзецца чалавек, які мяне пахавае па-людску? А душа пойдзе на Суд Божы, дзе ўскрыюцца ўсе справы, словы, намеры сэрца. І адно толькі спадзяванне, што Бог будзе міласэрны да мяне, грэшніка.

А ў цэнтры могілак – капліца з чырвонай цэглы. Яе фундаваў польскі бізнэсовец, які мае карані тут. Шляхетны жэст, працяг традыцый Кішкаў, Долмат-Ісайкоўскіх, Корсакаў, якія ўзводзілі ў гэтым краі хрысціянскія святыні…

На сцяне капліцы – надмагілле Нікодэма Івашкевіча, канфідэнта дзяржаўнай паліцыі, якога ў 1926 годзе забілі сябры “Грамады”. Землякі забілі земляка… А Івашкевіч стаў супрацоўнічаць з паліцыяй, змагацца з бальшавіцкай “Грамадой”, бо бальшавікі ў 1920 годзе забілі ягонага бацьку. Яму 24 гады было, калі загінуў – жыць бы і жыць.

На адной магіле надпіс: “Zginął śmiercią tragiczną 17.VIII.1943. Дата гаворыць сама за сябе: у гэты дзень савецкія партызаны напалі на Докшыцы.

На старых, даваенных, пасляваенных магілах – надпісы па-польску. Цераз адзін – з памылкай. Россыпы прозвішчаў тутэйшай шляхты: Гінтаўты, Ражноўскія, Сакалоўскія, Азямблоўскія, Садоўскія… Ляжаць іх целы, чакаюць уваскрашэння ў дзень Апошняга Суда.

Асобна: магілы жаўнераў з 1920 года. Белы крыж і пліта пад ім: “Bohaterom zwycięzkiego odparcia bolszewickiego najazdu. Społeczeństwo m. Dokszyc”.

Так, у гэтым горадзе на могілках можна адчуць сябе вольным ад саўка.

Кастусь Шыталь

nationalinterestby.net