Хто распальвае нянавісьць да “літвінаў”?

Апошнім часам ня дзівам ёсьць гарачыя дыскусіі ў сацсетках паміж асобамі, што ўважаюць сябе за “літвінаў” і тымі, хто сябе такімі не лічыць. Вельмі часта можна пачуць думку, што нібы “літвінізм” ёсьць праектам Крамля. “Літвіны” таксама не застаюцца віннымі і нападкі непрыяцеляў акрэсьліваюць як “работу маскоўскай агэнтуры”.

Я асабіста ўважаю, што градус гэтай палемікі неабходна адназначна зьнізіць. Канцэпцыя нацыянальнай дзяржавы не зьяўляецца недатыкальнай і патрэбная ўзважаная і глыбокая дыскусія ў якой галасы “літвінаў” нам патрэбныя.

Нажаль ня ўсе з боку нацыянальна-усьвядомленай інтэлігэнцыі разумеюць патрэбу ў нейкай дыскусіі, а плынь “літвінаў” паддаюць зьнішчальнаму астракізму. Адным з апошніх алею ў агонь гэтай спрэчкі падліў знаны палітзьняволены і дасьледчык у галіне генэалёгіі пан Зьміцер Дрозд.

Пану Зьмітру належыць пашана за яго адданую працу дзеля вяртаньня памяці пра землеўласьнікаў Міншчыны альбо дапамогу ўсім жадаючым у пошуках інфармацыі аб рэпрэсаваных крэўных.

Дык вось пан Зьміцер Дрозд у адным з апошніх сваіх допісаў у ФБ назваў “літвінаў” ні больш, ні менш сэктай. Відаць у публіцыстычнай палеміцы пану Зьмітру адмовіў талент узважанасьці, якая характарызуе яго ў навуковай дзейнасьці.

Сэкта – гэта рэлігійная група, а “літвіны” ня маюць ня тое што адзінай рэлігіі, але і ідэалёгіі. Існуе маса асобаў і дробных групаў, якія прытрымліваюцца “славянскага” ці “балцкага” радаводу паходжаньня “літвінаў”, якія паводле вызнаньня ёсьць і праваслаўнымі і каталікамі абодвух абрадаў, ці пратэстантамі. Ёсьць і паганцы. Ёсьць лібэралы і скрайнія кансэрватары і нават манархісты.

Адзінае, што злучае ўсіх “літвінаў” – гэта перакананьне, што землі і людзі – продкі сёньняшніх жыхароў Рэспублікі Беларусь адыгрывалі больш значную ролю, чым ім прыпісваюць, у пэрыяд ВКЛ, што яны былі часткай палітычна-утвараючай эліты той дзяржавы і таму адчуваюць сябе нашчадкамі гістарычных літвінаў і называюць сябе такім жа назовам, жадаючы пашырыць гэтае бачаньне паміж сёньняшнімі жыхарамі Рэспублікі Беларусь.

Пан Зьміцер у сваім допісы прыпісвае “літвінам” усе характарыстыкі нацызма, што зьяўляецца адназначным нонсэнсам, бо як сказана вышэй “літвінаў” не злучае адзіная ідэалёгія. Пан Зьміцер малюе чорны сцэнар, калі “літвіны”, апантаныя нацысцкай ідэалёгіяй, прыпраўленай тэорыяй змовы, захопліваюць уладу ў Рэспубліцы Беларусь. Адзінай праблемай паводле яго – адсутнасьць фінансаваньня. Апісаны тут вобраз вядома гратэска, але непакоіць бруталізацыя апанэнта, чым займаецца пан Зьміцер. Падыход аднабаковы і неэфэктыўны.

Падаецца, што больш прадуктыўнай была б дыскусія па пытаньнях, якія ставяць “літвіны”: ці ВКЛ – гэта “свая” дзяржава для сёньняшніх беларусаў разам з усім комплексам супярэчнасьцяў, з усёй яе шляхэцкасьцю і каталіцкасьцю? А калі так, то якое мейсца яе спадчына павінна заняць у сёньняшняй Беларусі, у тым ліку і ў назьве дзяржавы і яе грамадзян? Гэта сур’ёзныя і актуальныя пытаньні, калі мы хочам будаваць нацыянальную сьвядомасьць на цьвёрдых фундамэнтах.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net