Каму горш, а каму лепш? Пра вынікі блякады Хартыі.

Лукашэнка заблякаваў Хартыю. Пракапеня, БХД, АГП і Рух за Свабоду выступілі супраць гэтага кроку. Хартыя скардзіцца на абмежаваньне свабоды слова ў Беларусі, а інфармацыя пра яе блякаду трапіла ў стужкі навінаў амаль усіх краінаў сьвету. Толькі “неізвестна зачэм ім там эта Хартыя” і што яны пра яе ведаюць.

Паспрабуем падыйсьці да аспэкту блякады з пункту гледжаньня карысьцяў і стратаў розных палітычных бакоў. Вядома, што ў гэтым не ідзецца пра “свабоду слова” як такую. Свабода слова тут проста пэўны повад для тых ці іншых дзеяньняў.

Сайт Хартыі даўна перастаў быць сродкам масавай інфармацыі, а стаў сродкам прамоцыі пэўнай палітычнай ідэі левага толку, якую на айчыннай глебе рэпрэзэнтуе Беларускі Нацыянальны Кангрэс на чале з панам Мікалаем Статкевічам. Адпаведна блякада Хартыі ў першую чаргу адаб’ецца на гэтай палітычнай сіле.

Вядома Лукашэнка не забараняў Хартыю з-за гэтага. Яму абсалютна няма справы да Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Яго нашмат больш хвалюе захаваньне раўнавагі ўплываў у межах уласнай эліты, якія набылі не да канца кіруемую дынаміку, у сувязі, як любілі казаць камуністы “напряженной международной обстановкой”, а напружанай яна была ў іх заўсёды.

Блякада Хартыі была спробай старпэдаваць памкненьні лібэральнага зьвяна ў сыстэме ўлады пашырыць свае ўплывы дзякуючы дэкрэту датычна абегу крыптавалютаў (віртуальных валютаў) у краі. Вы дэкрэт, а мы вам Хартыю заблякуем – адказалі “сілавікі”. Адсюль рэакцыя галоўнага прадстаўніка лібэральных эканамічных колаў – пана Пракапені. А ён думаў “сілавікі” зь ім у бірулькі будуць граць? Наіўна.

Што далей? Хартыя стала лякмусавай паперкай “лібэралізацыі” – “дазволяць Хартыю” – Пракапеня ізноў перамог. “Не дазволяць” – сілавікі і Крэмль – на кані. Усё проста.

Віктар Філіповіч

nationalinterestby.net