Навошта беразвецкім базыліянам былі паўліны?

У сярэдзіне XVII стагоддзя на Глыбоччыне жылі паўліны. Я іх сустрэў у інвентары маёнтка Беразвечча за 1652 год, які падпісаў архімандрыт, пазнейшы архіепіскап полацкі, мітрапаліт кіеўскі і галіцкі айцец Габрыэль Календа. Сярод дворнай скаціны – кароў дойных, свіней старых, козаў маладых, курэй і індыкоў – пералічаныя самец і самка паўліна і чацвёра птушанят.

Нахалеры беразвецкім базыльянам былі паўліны? А не базыльяне паўлінаў заводзілі. Яны засталіся ад фундатара, старасты дзісненскага і курылаўскага, ваяводы мсціслаўскага Язэпа Корсака, які любіў розную экзотыку. Ну і па матэрыяльнаму стану мог сабе дазволіць. Корсак спачыў у Госпадзе ў 1643 годзе. Паўлін жыве каля 20 год – калі Корсак завёў іх на сваім двары пры канцы жыцця – то да 1652 года яны не паспелі здохнуць.

Праз два гады Беразвечча занялі маскалі, і пэўна, скруцілі галовы тым паўлінам. А заадно вынішчылі больш за палову насельніцтва Полацкага ваяводства, папалілі касцёлы, разрабавалі двары, пазнішчалі каштоўныя помнікі мастацтва.

А знішчаць на Глыбоччыне было што! Мы пра гэтыя рэчы толькі ўрыўкі маленькія ведаем пра тое, што ў маёнтку Язэпа Корсака ў Ластавічах было. Язэп Корсак у тэстамэнце, напісаным у 1643 годзе, ахвяруе глыбоцкім кармэлітам “залацістую чару, у якой на рукаяці лебедзь”, налівачку з медніцай медную нюрнбэргскай работы, конаўку вялікую гданьскай работы, налічвачку срэбрную аўгсбургскай работы, абразы набожныя і кнігі, дзевяць перскіх каберцаў, два каберцы тарасаньскія, кілімаў перскіх пяць…

* * *

А яшчэ я сёння зайшоў у невялікі дамок на рагу вуліц Маставой і Глухой. Патрымаў у руках сестэрцыі часоў кіравання Траяна, Марка Аўрэлія і Антаніна Пія. У пачатку ІІ стагоддзя ў Рыме за такую манету можна было купіць два кілаграмы хлеба або літр віна, ці чатыры разы наведаць лазню. Ды пакруціў у руках каменную сякеру з ІІ тысячагоддзя да Нараджэння Хрыстова. Нічога такая сякерка, гладка адшліфаваная і па форме проста ідэальная.

Кастусь Шыталь

паводле: https://www.facebook.com/kastus.shytal/posts/1778244145573414

nationalinterestby.net