Што хацеў сказаць мітрапаліт Павал?

Краёвы інтэрнэт скаланулі выказваньні першагерарха Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату Паўла аб тым, што вернікі бізантыйскага абраду Каталіцкай Царквы маюць “уласнага” Бога…

Ня буду зараз уваходзіць у тое, што нагодай да выказваньня стала ня грэка-каталіцкая парафія, а рыма-каталіцкая – сутнасьць ня ў гэтым. Сьцьверджаньне “шматбожжа” у ХХІ ст. вядома зьяўляюцца абсурдам, і можа разумецца толькі ўскосна, калі атэістам Бога замяняюць малыя “багі” – грошы, слава і ўлада. Але зараз ізноў не пра атэізм.

Паспрабую паразважаць, што Мітрапаліт Павал меў на ўвазе, кажучы, што грэка-католікі маюць “іншага” Бога? Вядома ён выказаўся нягегла. Ніякага “іншага” Бога няма ў прыродзе. Гутарка ідзе аб іншым разуменьні, іншым вобразе і адпаведна іншай веры ў таго самага Бога.

Тым ня меней сумніўнае выказваньне займела свае наступствы. Як у ясны дзень відавочнае жаданьне адасобіцца ад Каталіцкай Царквы. Жаданьне ў сёньняшні час атэізму і звычаёвага лібэралізму абсурднае. Калі што і трэба рабіць усім хрысьціянам, то яднацца. У гэтым яднаньні ніхто і нішто не заменіць традыцыйны Рым.

Можна бясконца згадваць старыя крыўды, але зараз час вярнуцца да вытокаў. Рым ня раз прасіў прабачэньня за ўсе свае памылкі. А абавязкам хрысьціян ёсьць прабачаць. На вінаватым ляжыць абавязак папрасіць прабачэньня (ён гэта зрабіў), а на пакрыўджаным гэтае прабачэньне прыняць. І гэтыя абавязкі раўнаважныя. Той хто не прымае прабачэньня таксама грашыць пыхай.

Нажаль многія праваслаўныя цэрквы мэнтальна застылі ў XI стагодзьдзі (ня маю тут на ўвазе абрад) і існуюць як бы ў пустцы. Рыма яны ня чуюць і чуць ня хочуць. Вядома кожны з нас валодае вольнай воляй. Але тады ня трэба крыўдаваць, што ўласныя вернікі будуць шукаць духоўнай стравы па-за ўласнай царквой паводле нараджэньня.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net