German Death Camps – барацьба за ўплывы паміж Ізраэлям і Польшчай

На апошнім тыдні выбухнуў моцны міжнародны палітычны скандал паміж Ізраэлем і Польшчай, адносна новага закону (яшчэ не падпісаны Прэзідэнтам РП), які павінен караць за ўжываньне зваротаў “Польскія лягэры сьмерці”, а таксама за размываньне адказнасьці за “Халякаўст” (гэнацыд) жыдоў ці прадстаўнікоў іншых нацыяў.

Фармулёўкі законапраекту на наш погляд маюць узважаны і парытэтны падыход, і таму рэакцыя Ізраэля падаецца залішне агрэсіўнай і неабгрунтаванай. Відавочны ўплыў адміністрацыі Нэтаньяху на Злучаныя Штаты Амэрыкі, Дзярждэпартамэнт якіх ужо зьвярнуўся да польскага ўрада з прапановай ацаніць магчымасьць унясеньня зьменаў у закон зыходзячы з “усяго комплексу амэрыканска-польскіх адносінаў”.

Відавочна, што справа не ў “гістарычнай палітыцы” і толькі гэтым законапраекце. На кану сусьветныя інтарэсы дзяржавы Ізраэль, якая баіцца згубіць пазыцыю “першага саюзьніка” Злучаных Штатаў Амэрыкі. Адкуль жа зьявілася такая пагроза?

Як неаднаразова паведамляў наш партал, Злучаныя Штаты Амэрыкі вырашылі ўсё ж заінвэставаць сваю падтрымку ў праект “Трохмор’я”. Польшчы ў гэтым праекце адводзіцца вельмі важная роля энэргэтычнага, транспартнага, гандлёвага і палітычнага “Хабу” (злучва) паміж іншымі краінамі Трохмор’я. Мэтай разьвіцьця Трохмор’я быў бы разрыў у супрацы паміж Нямеччынай і Расеяй і маргіналізацыя ўплываў апошніх.

Незадаволены такой палітыкай Ізраэль баіцца адсоўваньня сваіх інтарэсаў на другі плян. Менавіта таму быў прадпрыняты змасаваны наступ у выглядзе дыскрэдытацыі Польшчы і забесьпячэньня статус кво. Цікава, што Польшчу падтрымалі ў прыняцьці законапраекту і Нямеччына і Расея, спадзеючыся на ўбіцьцё кліну ў адносіны паміж ЗША і Польшчай, выкарыстоўваючы атаку Ізраэля.

Тым ня меней Польшча не зьбіраецца адмаўляцца ад прыняцьця законапраекту, прынамсі аб гэтым сьведчаць настроі і палітычнай эліты і звычайных грамадзян, хаця існуе мажлівасьць, што Прэзідэнт А.Дуда накладзе вэта.

Праблема ў тым, што з дадзенага канфлікту няма добрага выйсьця. Існуе вельмі вялікая верагоднасьць аслабленьня актуальнага польскага ўраду, якому іміджава нельга зараз саступаць і зрабіць крок назад, а канчатковае прыняцьцё закону будзе выклікаць непаразуменьні ў супрацы з ЗША, дзе надзвычай моцная жыдоўская дыяспара.

Падаецца налепшай стратэгіяй польскага ўраду была б шырокая інфармацыйная кампанія ў Злучаных Штатах Амэрыкі, скіраваная на разьбіцьцё агульнага фронту жыдоўскіх арганізацый, гэтак, каб частка зь іх прызнала парытэтную прапанову, прапісаную ў законапраекце.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net